27 студзеня каманда «Радыё Марыя» наведала горад Докшыцы Віцебскай вобласці па запрашэнні пробашча докшыцкай парафіі айца Андрэя Букштана OFMCap.
Гісторыя горада бярэ пачатак у 15 стагоддзі, у часы праўлення князя Вітаўта. У тлумачальным слоўніку Даля ёсць слова «докшыць», вытворнае ад слоў «доксціць», «дакрэсціць». З гэтым словам звязаны, у сваю чаргу, «докша» і «недокша» - «ахрышчаны» і «няхрышчаны». Магчыма, горад быў калісьці астраўком хрысціянства ў нехрышчоным асяроддзі... У любым выпадку гэта адна з версій паходжання назвы ўтульнага мястэчка.
Асноўнай мэтай нашага невялікага падарожжа было знаёмства з касцёлам Святой Тройцы, у якім служаць айцы капуцыны, а таксама прэзентацыя «Радыё Марыя». Каманда РМ прысутнічала на Імшах, у правядзенні якіх прымаў удзел дырэктар «Радыё Марыя» ксёндз Аляксандр Улас.
Нас вельмі ўразіла неверагодная цяплыня і спагадлівасць, шчодрасць і добразычлівасць святароў і парафіянаў. Прыгожы дагледжаны касцёл з незвычайным цудоўным алтаром, дзе адбываецца змена абразаў, дае поўнае ўражанне ўтульнага дома, дзе ўсе рады бачыць адно аднаго і нашую каманду таксама. Шчырыя ўсмешкі і працягнутыя рукі для ўдзялення супакою кранулі нашыя сэрцы.
Мы адчувалі сябе жаданымі гасцямі ў вялікай сям'і і разумелі, што справа «Радыё Марыя» вельмі важная для гэтых людзей. Ад усяго сэрца дзякуем жыхарам Докшыцаў за шчодрыя ахвяраванні, за добрыя словы, за падтрымку. Мы яшчэ доўга будзем узгадваць дабразычлівасць простых людзей, іх апладысменты і ўсмешкі, гасціннасць айца Андрэя і ўсёй манаскай супольнасці. Шчыра дзякуем за супольную малітву, за цёплую шчырую размову, за смачны сняданак і цудоўны абед! Асабліва за неверагодны шакаладны торт, які для нас ўласнаручна прыгатаваў брат Войцех. Няхай Пан Бог адудзячыць вам за вашыя адкрытыя сэрцы!