Інтэлектуалы сабраліся 1 снежня ў салезіянскім моладзевым араторыі імя святога Яна Боска.
Тым разам у спаборніцтвах удзельнічалі каманды з Мінска, Бараўлян і Вілейкі.
У вельмі напружанай барацьбе перамагла каманда «Bosco» з парафіі Св. Яна Хрысціцеля (Мінск). Другое месца падзялілі між сабой каманды «Салезiяне Супрацоу́нiкi» (парафія Св. Яна Хрысціцеля, Мінск) і «Kaziukas-Team» (парафія Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, Бараўляны). Трэцяе - атрымала каманда мінскай супольнасці «Сіён».
Падчас гучалі самыя разнастайныя пытанні, а адказы часам былі яшчэ непрадказальнымі. Напрыклад, у музычным туры трэба было напісаць назву балета, створанага паводле твора Эрнста Тэадора Гофмана, які з'яўляецца адным з самых знакамітых калядных казак. Прагучалі назвы: «Трускавец», «Траскунок», «Трускаўчык», «Траскавік», «Трушчальнік», «Лушчальнік». Адказ жа ляжаў на паверхні - гэта «Шчаўкунчык» (альбо «Шчаўкунок»).
Як кажа адзін з арганізатараў гульні журналіст Тарас Шчыры: «Некалькі гадоў таму мы (каманда РМ - рэд.) прынялі ўдзел у каталіцкай хрысціянскай гульні, якая праходзіла ў Івянцы падчас сустрэчы моладзі. Атрымалася вельмі добрая гульня, але, на жаль, у яе не было працягу. І тады мы, каманда "Радыё Марыя", падчас аднаго з абмеркаванняў нашых рэдакцыйных планаў вырашылі, а чаму б гэтую гульню не аднавіць? Тым больш, што ў Мінску здаўна існуюць разнастайныя квізы і іншыя інтэлектуальныя камандныя гульні. І мы проста вырашылі, чаму мы, католікі, не можам праводзіць падобныя спаборніцтвы паміж сабою і развівацца ў гэтым? Не проста сядзець у інтэрнэце і дзесьці бадзяцца, а сабрацца разам і добра правесці час, і канешне ж, каб падцягнуць свае веды на хрысціянскую тэматыку. Колькасць удзельнікаў падказвае нам, што мы ідзём у добрым кірунку. І трэба ісці далей!».
Ініцыятыву падтрымалі шматлікія святары, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы пытанняў да квізу. А таксама рэдакцыя партала Сatholic.by.
Адной з галоўных мэтаў гульні з'яўляецца не паказчык колькасці сваіх ведаў, але іх паглыбленне падчас падрыхтоўкі. Удзельнікаў загадзя паведамляюць пра некаторыя тэмы, і ёсць час падрыхтавацца. Прачытаць неабходныя кнігі са Святога Пісання, пазнаёміцца з постацямі і дзейнасцю святых, ведаць апошнія навіны хрысціянскага свету.
Пераможцы апошняга «ХІБ'а» - каманда «Bosco» завітала ў студыю «Радыё Марыя» і падзялілася сваімі ўражаннямі ад гульні, распавяла пра тое, як яны рыхтаваліся, а таксама паразважалі над тым, ці патрэбныя ініцыятывы такого кшталту ў Касцёле.
Эфір пройдзе ў сераду а 16-й гадзіне. Паўтор у нядзелю ў 20.40
Сачыць за раскладам наступных гульняў можна тут.