29 верасня ў мінскай архікатэдры прайшла гульня пад назваю «Хрысціянскі інтэлектуальны батл».

У мерапрыемстве паўдзельнічалі 11 камандаў. Каманды «Удзячныя» (Мінск, парафія Найсвяцейшай Тройцы), «ХэпiЭНД» (зборная каманда сямей Беларусі),«Залатая горка» (Мінск, парафія Найсвяцейшай Тройцы), «One Way» (Вілейка, парафія Узвышэння Святога Крыжа), «Mysterium» (Мінск, зборная каманда), «Паненкi» (Мiнск, парафія Яна Евангелiста i Максімільяна.М. Кольбэ), «Ubi Caritas» (Івянец, парафія Святога Міхала Арханёла),«Моладзь Хрыста» (Мінск, парафія св. Яна Евангеліста і Максімільяна М. Кольбэ) і «Радасць» (Беразінскае, парафія Божага Цела), «Bosco» (Мінск, парафія св. Яна Хрысціцеля).

Ідэя правядзення хрысціянскай інтэлектуальнай гульні належыць супрацоўнікам і валанцёрам «Радыё Марыя».

«ХІБ» - гэта яшчэ адна з магчымасцяў добра і плённа правесці свой вольны час і таксама даведацца больш пра Бога і Касцёл.

«ХІБ» распачаўся малітваю і благаслаўленнем кс. Антонія Клімантовіча, пробашча мінскай архікатэдры. Гульня складалася з 7-мі тураў, кожны тур быў прысвечаны пэўнай тэме: Святому Пісанню, Касцёлу Беларусі. У асобную рыбрыку ўвайшлі пытанні ад інфармацыйнага партала catholic.by, які таксама падтрымаў ініцыятыву інтэлектуальнай гульні.

Натхнёныя абвіятурай «ХІБ», арганізатары прыдумалі незвычайны пачастунак - хлеб і булён, які стаў сюрпрызам для усіх і выклікаў захапленне ва ўдзельнікаў.

Музычным госцем мерапрыемства стала супольнасць «Ubi Caritas». Музыкі выканалі некалькі спеваў і расказалі, чаму яны называюць сябе «супольнасцю».

Перамагла каманда «Misterium», якая набрала найбольшую колькасць балаў. «One Way» і «Bosco» занялі другое і трэцяе месцы.

«Гульня выдатная, усё вельмі спадабалася, асабліва пачастунак (усміхаецца - рэд.). Нягледзячы на тое, што адказаў на некаторыя пытанні мы не ведалі, гульня была вельмі пазнавальная. Але, як для мяне, хацелася б больш пытанняў пра слова Божае», - дзеліцца ўражаннямі Паліна Маісеева, удзельніца каманды «Моладзь Хрыста».

Другая ўдзельніца гэтай каманды, Наталля Урбановіч, дадае: «Зусім не чакала, што пытанні будуць такія разнастайныя. У гэтай гульні была вельмі сямейная атмасфера, якая грэла сэрца. Таксама была добрая магчымасць праверыць свае веды і ўвагу».

«Сама ідэя цудоўная! Разнастайнасць пытанняў, арганізацыя, пачастунак - усё было вельмі на высокім узроўні. Шкада толькі, што месца было не вельмі шмат і, магчыма, трэба было зрабіць абмежаванне па ўзросце», - падзялілася з намі каманда «Bosco».

Сачыце за навінамі на нашай старонцыі ў vk.com.

Больш фотаздымкаў можна паглядзець тут.

Фотаздымкі: Караліна Куліч, Кацярына Адамчык

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00