Свята, якое з'яднала вернікаў і аматараў паэзіі.


Са старадаўнім мястэчкам Радашковічы лёс звязаў многіх знакамітых асоб. Тут нарадзіліся пісьменнікі Ванда Лявіцкая і Юліян Гарайн, які сябраваў з Генрыкам Сянкевічам і Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, працаваў знакаміты мастак Язэп Драздовіч. Звязала жыццё з Радашковічамі і славутага беларускага паэта Янку Купалу, якога ў ліпені 1882 года ахрысцілі ў мясцовым касцёле. У тамтэйшай парафіі так паважаюць песняра, што прысвяцілі яму сапраўдны фэст, які стаў парафіяльным святам. Праходзіць ён ужо не першы год.

Фэст па традыцыі распачаўся з Імшы, якую ў запоўненым касцёле ўзначаліў ксёндз Аляксандр Улас. Яму дапамагаў дыякан Мікола Гракаў.



Адразу пасля набажэнства супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Марыя Барткова зладзіла агульныя чытанні патрыятычных вершаў Купалы. Кожны ахвотны мог выйсці да мікрафона і прачытаць твор Купалы, за што пасля атрымоўваў сертыфікат на наведванне музея.



А потым адбыўся канцэрт з удзелам гуртоў Ubi Caritas і Miareza.



-Гэты фэст звязаны з Янкам Купалам – паэтам №1 для Беларусі, - кажа пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы Юрый Быкаў. – Менавіта з яго пачынаецца наша сучасная мова, больш глабальнае вывучэнне і разуменне беларускасці, разуменне Бацькаўшчыны. І мы хацелі, каб усё гэта спалучалася з хрысціянствам. Купала выхаваны ў традыцыйная каталіцкай сям’і. І хацелася, каб тыя, хто ўспрымае яго творчасць, бачылі паэта таксама праз біблійны і рэлігійны аспекты.

-З таго што планавалі, сёлета ўсё атрымалася здзейсніць?

-Усё. Безумоўна, хацелася, каб больш людзей сапраўды вучылася адпачываць, і адпачываць у такім высокамастацкім, можна сказаць, аспекце. Калі хочуць маніпуляваць людзьмі, то на іх часта ўздзейнічаюць прымітыўнымі рэчамі, спрабуюць паказаць, што яны важныя ў чалавечым жыцці. А мы паказваем, што не гэта важнае, а галоўнае тое, што дасягае нейкага высокага ўзроўню. Як мы, хрысціяне, імкнемся да Бога, так павінны і ў жыцці імкнуцца да лепшага. Чалавек, які губляе гэтае імкненне, становіцца як высахлае дрэва, губляе сэнс жыцця. І такіх сталых людзей, на жаль, мы бачым вельмі шмат. Душа чалавека не мае ўзросту, і гэта самае галоўнае. Душа тая самая і ў 5 гадоў, і ў 75 , і ў 35. Яна заўсёды маладая, і трэба не даць гэтай душы счарсцвець. І дзеля гэтага мы таксама праводзім гэты фэст, спалучаем, ажыўляем і духоўнае, і нацыянальнае беларускае, і культуральнае.

-А ці можа гэты фэст змяніць светапогляд людзей?

-Жыццё чалавека нагадвае палёт птушкі. Яно не можа на секунду спыніцца і застацца ў той кропцы. Яно ўсё роўна альбо ўздымаецца ўверх, альбо ляціць уніз. Усё, што навокал, на нас уздзейнічае. У тым ліку і гэты фэст. І маю надзею, што на тых, хто тут прысутнічае, ён удзейнічае пазітыўна.



- Што вы збіраецеся здейсніць у межах свята ў будучыні?

-Безумоўна, фэст будзе разрастацца. Я думаю, і сама праграма, і некаторыя пытанні, якія мы агаворвалі, будуць перанесен на наступныя гады. Таму што не з ўсімі ўдалося дамовіцца. Але не хацелася моцна перагружаць. Купалаў фэст мае такі камерны характар. Спачатку ўсе памаліліся. Пасля людзі могуць адпачнуць, паслухаць музыку, патанчыць. Без перагрузкі. У мяне ёсць адзін сябар у Нямеччыне. ён жартуе: “Мы добра жывем не таму, што добра працуем. Мы добра жывем таму, што ўмеем добра адпачываць”. І мне вельмі спадабаліся ягоныя думкі. Але ўмець добра адпачываць -- гэта вялікая мудрась. Для нашага народа гэта трагедыя. У нас вельмі часта так адпачываюць, што потым тры дні на працы не могуць прыйсці ў сябе. Дык вось такога адпачынку беларусам не трэба.

- Ксёндз Юрый, падобныя фэсты вы бачылі ў другіх парафіях Беларусі?

-Не, і калі прыехаў сюды, мне ён сапраўды вельмі спадабалася. Гэта нейкая свая ўтульнасць, цеплыня, тут добрыя і гасцінныя людзі. Тут перадаецца характар беларусаў з заходняй часткі краіаы. І мне гэта вельмі падабаецца. Купалаў фэст адрозніваецца і ад парафіяльных фэстаў, і ад агульнабеларускіх – ад Будслава. У ім ёсць нешта сваё, адметнае. Простае, але шчырае і радаснае.

(Астатнія фотаздымкі можна ўбачыць, скарыстаўшы з нашага архіва rmradio.by)

аўтар Тарас Шчыры

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00