Старадаўняе мястэчка сабрала шматлікіх гасцей і святароў з розных куткоў Беларусі.

У суботу, 23 чэрвеня, адбыліся ўрачыстасці з нагоды святкавання 400-годдзя касцёла і кляштара ў в. Гальшаны. Эўхарыстыю ўзначаліў гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Разам са святарамі і шматлікімі вернікамі ў святой Імшы ўдзельнічаў таксама настаяцель Свята-Георгіеўскай царквы ў Гальшанах айцец Уладзімір Семяняка, старшыня Ашмянскага райвыканкама Міраслаў Сарасек, старшыня Гальшанскага сельсавета Войцех Коўзан і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская


Ваша Эксцэленцыя, з якiмi думкамi Вы ехалi ў Гальшаны? — спыталіся мы ў біскупа Аляксандра Кашкевіча.
Найперш хацелася разам з парафіяльнай супольнасцю падзякаваць Пану Богу за 400 гадоў святыні і кляштара. Ну а другая думка… Нябесным заступнікам гэтага касцёла з’яўляецца св. Ян Хрысціцель. І хочацца, каб ён дапамог у тым, каб гэтая прыгожая святыня стала яшчэ больш прыгажэйшай, каб удалося ўратаваць кляштар пры ёй. А ён з’яўляецца помнікам архітэктуры – вялікай спадчынай, цэлай гісторыяй.


Пра сваё першае знаёмства з Гальшанамі распавёў нам ксёндз Ігар Лашук, які таксама завітаў у госці на парафіяльны фэст:
Вельмі добра памятаю той момант, калі я ўпершыню тут пабываў. Гэта быў дзесьці 1987 год. Я праязджаў Гальшаны, едучы ў Жупраны, і спецыяльна выйшаў з аўтобуса, пакуль ён стаяў на прыпынку, каб паглядзець на касцёл. Дзверы былі адчыненыя. Калі я ўвайшоў, то ўбачыў унутры поўную разруху, касцёл проста стаяў і ніяк не выкарыстоўваўся. Але я меў магчымасць пабачыць надгробную пліту Паўла Сапегі, прадстаўніка знакамітага беарускага рода, і яго жонак. Вось гэта было маё першае знаёмства з Гальшанамі.


Пробашч касцёла айцец Багуслаў Вуйтовіч OFMConv павіншаваў усіх парафіянаў са святам і падзякаваў гасцям за супольную малітву.


Перад распачаццем Эўхарыстыі выпускніца гальшанскай школы Вікторыя Янушкевіч пазнаёміла ўсіх з гісторыяй касцёла.
Пасля святой Імшы ў касцёльным двары быў асвечаны крыж, а ў касцёле - шыльда, спецыяльна ўсталяваная да юбілею.
Тэатралізаваная пастаноўка стала працягам ўрачыстых святкаванняў. На сцэне перад касцёлам выступіў ансамбль навучэнцаў гальшанскай дзіцячай школы «Мелодыка», гурт францішканскай моладзі «MFTau» з Гродна і віцебскі музычны гурт «Talitha cum».

Фота Яўгеніі Найдовіч і Тараса Шчырага

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00