У суботу, 16 верасня адбылося ўрачыстае пасвячэнне капліцы Святога Крыжа 18 стагоддзя.
На карце Навагрудскага павета канца XVIcт. паселішча пазначана як шляхецкая маёмасць. Капліца ад Навагрудскай парафіі згадваецца тут з паловы XVIIIcт.,

драўляны будынак святыні стаяў на мясцовых могілках, у алтары было змешчанае велічнае драўлянае барокавае
Укрыжаванне. У 1850г. уладальнік Несутычаў і старшыня навагрудскага межавога суда Пётр Абламовіч, згодна з
тэстамэнтам свайго брата Адама (+1849), "явил желание перестроить каплицу, чтоб было где
служить заупокой". Пры гэтым адзначаецца, што капліца ўжо як 100 гадоў існуе і што пабудавалі
яе не Абламовічы, а магчыма, Францкевічы, ад якіх маёнтак у 1770-я гг. перайшоў да Абламовічаў.
Аднак аднавіць святыню Абламовічам не дазволілі, таму што, паводле цытаты першакрыніцы:
"каплица вредна для православия". Тым не менш, святыню ўсёж-такі ўратавалі ад знішчэння і яна
дзейнічала да 2-й сусветнай вайны.
З 2-й паловы XVIIIcт. дзейнічае ў Несутычах і прыдарожная каплічка, пабудаваная ў самым цэнтры
вёскі, пры скрыжаванні. Па задумцы стваральнікаў (мясцовых землеўладальнікаў Абламовічаў,
пра што сведчыла незахаваўшаяся мемарыяльная чыгунная пліта на алтарным фасадзе) сама
капліца яўлялася быццам бы алтаром святыні пад адкрытым небам, скляпенні якой стваралі
кроны дрэваў, высаджаных як калоны храма, а ўваход быў пазначаны прыступкамі з бутавага
каменю.

Капліцу пабудавалі ў стылі барока з цэглы і атынкавалі. Гэта
невялікае, прамавугольнае ў плане збудаванне, перакрытае цыліндрычным скляпеннем, з
курданёрным фасадам, раскрэпаваным пілястрамі і фланкаванае па вуглах круглымі паўкалонамі.

У пасляваенныя гады могілкавая капліца была знішчаная, металічны крыж з яе ўмуравалі пры
ўваходзе на могілкі, а сапраўдны шэдэўр – велічнае алтарнае Укрыжаванне вернікі перанеслі ў
прыдарожную капліцу і ўмацавалі ў алтарную сцяну.
Хоць з пасляваенных часоў сюды ніхто са святароў не прыязжаў і юрыдычна капліца не дзейнічала,
мясцовыя жыхары працягваюць наведваць святыню. Сведкі таму – рушнікі-аброкі, павязаныя на
фігуры Езуса, рэшткі іншага Укрыжавання, прынесеныя сюды, магчыма, з нейкай іншай
зруйнаванай каплічкі ці прыдарожнага крыжа, а мажліва, гэта тое, што засталося ад Укрыжавання,
якое тут знаходзілася першапачаткова. Сама ж капліца ў Несутычах знаходзілася амаль у руінным
стане – барокавы франтон з крыжам, які некалі ўвенчваў святыню, даўно абваліўся, няма ані
вакон, ані дзвярэй, вось-вось абрынуцца скляпенні (аднак у 2010-я гг. ваконныя праёмы былі
зашклёныя, а замест дзвярэй вернікі прымацавалі старую звычайную дзвер ад кватэры №15, што,
канешне ж, дадало святыні некую несуразнасць у выглядзе).


Улетку 2022 г. з ініцыятывы кс. Юрыя Жэгарына, пробашча навагрудскай парафіі, пачалося
аднаўленне капліцы, фігура Езуса адпраўлена на рэстаўрацыю. 16 верасня 2023 года,
адрэстаўраваная капліца была ўрачыста адчынена і пасвечана дапаможным біскупам Мінска-
Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім.

Тэкст Апалінарый Шалімовіч
Фота Ірына Варкулевіч

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00