паўтор 31 сакавіка 17.00 гадз.

Запрашаем да перажывання Крыжовага шляху з разважаннямі, якія даслалі нам радыёслухачы. Каб праглядзець поўны тэкст разважанняў, націсніце "Падрабязней".




Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

"Асуджанны... Асуджанны.... Асуджаны..." - рэхам азываецца у маей галаве. Немагчыма балючая гэтая думка, што Той, якi з'яуляецца крынiцай бязмежнай любовi, ласкi, цярплiвасцi, прабачэння, хутка памрэ.
Колькi разоу я асуджала сваiх блiзкiх, сяброу, калегау, выдаючы уласныя меркаваннi аб iх за прауду, кажучы iначай - пляткарыла. Або асуджала, "ставiла кляймо", выносiла прыгавор на падставе чыгойсцi такога ж легкага "прысуду". Як легка судзiць бездапаможнага чалавека! Тым больш, што у гэты момант я узношуся вышэй над iм - слабым, здзяйсняючым памылкi, грэшным! I як жа балюча аказацца самой асуджаннай несправядлiва! Хочацца крычаць, сварыцца, адстойваць сябе, нават бiцца з крыудзiцелем, але варта паглядзець на Таго, Каго несправядлiва вiнавацяць штодня, штохвiлiнна, штосекундна, бо абражаючы блiжняга, я найперш абражаю самаго Езуса. Не сябра, не брата, не непрыемнага мне начальнiка, але Бога, бо кожны чалавек створаны Iм i на Яго падабенства.
Пане Езу, прабач мне мае ТАБЕ прысуды i будзь мiласэрны да мяне грэшнай!!!

Аўтар Вольга Славінская

Стацыя 2. Езус бярэ крыж
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Крыж. Раней гэта было звычайнае дрэва. У ім было жыццё, пад яго ценню можна было схавацца ад палымнеючыга сонца, яно было прахалодай для падаражніка…
Езус. Нарадзіўся ў Бэтлееме, рос, пазней быў заўсёды побач з людзьмі, хадзіў, навучаў, любіў дзяцей, аздараўляў хворых, уваскрашаў памерлых, суцяшаў засмучанных…
Сёння Езус і Крыж сустрэліся. Дзве збітыя балкі дрэва і Езус поўны любові, любові з Якой пачынаецца жыццё.
Бачым, як Езус з пакорай прымае свой Крыж, ведаючы цяжар маіх і тваіх грахоў.
А ці хачу сёння і я ўзяць свой крыж? Несці не гледзячы на цяжар майго паўсядзёнага жыцця, не гледзячы на тое, што час ад часу не буду разумець навошта і куды, несці ад пачатку і да канца, не наракаючы на Госпада?
Пане Езу, праслаўляю Тваё рашэнне! Праслаўляю Цябе, што цана майго збаўлення - Крыж! Праслаўляю, што ў дрэве Твайго крыжа змешчанны ўсе нашыя крыжы, у тым ліку і мой! Дзякуй, што я не адзін ( не адна) нясу свой крыж, за тое, што мы разам. Ідзём, Ты побач мяне кожны крок, а калі я з сваёй слабасці падаю, заўсёды магу падняцца, таму што Ты працягваеш сваю руку, дзякуючы, Твайму некалі: "Так, Айцец, Я прымаю свой Крыж!"

Аўтар Ірына Пальчех

Стацыя 3. Езус падае першы раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Бог даверыў Езусу збаўленне свету і канкрэтны шлях да гэтага праз найцяжэйшы крыж, крыж які складаецца з крыжоў кожнага чалавека, усіх людзей якія былі, ёсць і будуць.
Езус не хаваўся, не ўнікаў, не ўцякаў, не наракаў, Ён прыняў Божую волю, і хаця ўпаў без сіл, але адказны за справу збаўлення, справу даручаную Богам, Езус устаў і панёс крыж далей, пайшоў да канца. Без зайздрасці: што людзі грашаць, але ім не трэба несці гэты найцяжэйшы крыж, а Ён бязгрэшны і павінен.
Езу, ты той, хто ведае сапраўдны цяжар крыжа, просім дапамажы нам заўсёды ў кожнай найменшай цяжкасці абапірацца на Цябе, прымаючы Божую волю без нараканняў, уставаць і адказна ісці далей, да канца

Аўтар Ганна Кабышава

Стацыя 4. Езус сутракае сваю Маці
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Здавалася, усё наваколле застыла ў журбе, пакуль чакала на спатканне Марыі са сваім Сынам. На Яе твары былі сляды невыноснага болю і смутку, бо Яна ведала, што бачыць свайго адзінага Сына ў апошні раз... І вось іх позіркі сустрэліся! Але пры гэтым яны не прамовілі ні слова, а іх сэрцы, поўныя любові, адкрыліся адно аднаму, бо мова сэрца найбольш зразумелая і дасканалая...
Езкс адчуў гэтую любоў, бо ніхто не любіў Яго так, як Маці. І Марыя не магла не пайсці за Езусам, таму пайшла за Ім даканца... Цяжка было Ёй, бо бо Яна не мела аніякай магчымасці палегчыць Яго боль, а як, напэўна, хацелася суцешыць аднаму другога. Але Яны добра ведалі, што гэта - воля Айца, і гэта давала ім сілы!
О, Пане Езу!!!! Дапамажы нам, таксама, праз усё наша жыццё быць з Табою, як і Марыя, ніколі не губляць Цябе, а сустракаць на нашых жыццёвых шляхах, і, калі прыйдзе цярпенне, разумець, што яно ад Бога. А маці, якія церпяць за сваіх сыноў, пра цярпенне Марыі. Мацт Божая Балесная, маліся за нас!!!

Аўтар Сафія Сямісотава


Стацыя 5. Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!   

Так шмат у свеце недасканаласцяў: Голад, вайна, сацыяльная нероўнасць. Так шмат недасканаласцяў у грамадстве: спрэчкі, вечныя пытанні адказнасці грамадства і дзяржавы. Так шмат недасканаласцяў у ва мне. Нават пад час посту, нават 40 дзён, я не магу пражыць без здрады Хрысту. А якой дасканаласці можна казаць, калі сам свет не спрыяе гэтаму, і нават я, пры ўсім сваім намагані, раблю памылку за памылкай?
Але, хіба я Хрыстус? Не, я гэта я. Брудны, недасканалы, сапраўдны. Але Хрыстус ужо нясе МОЙ крыж. Ён ужо любіць мяне. Ён ужо ратуе мяне. Ці буду я намагацца дапамагчы яму ў гэтым прынамсі некалькі хвілін у дзень, ці буду я дапамагць яму пранесці цяжар маіх грахоў, або ўсё жыццё буду стаяць і глядзець?

Аўтар Максім Кавалёў

Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езусу
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

У яе не было шмат часу задумацца. Гэта было імгненне. Апынулася блізка, убачыла скажоны твар Збавіцеля, падышла і ацерла Яго аблічча. Пане Езу, кожны хто хоча ступіць на шлях удасканалення веры, павінен карыстацца з дзейснай ласкі. Вераніка зрабіла гэта выдатна. Выкарыстала унікальны момант, магчымасць зрабіць добры учынак.
Праз хвіліну было ўжо позна. Яе праца заняла некалькі секунд, а плён гэтай працы будзе доўжыцца вечна. Святая Вераніка,навучы нас выкарыстоўваць ўсе магчымасці, каб рабіць дабро, навучы нас супрацоўнічаць с дзейснай ласкай.

Аўтар Дзмітры Варонік


Стацыя 7. Езус падае другi раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Ці варта было рабіць пастанову змяніць сябе, кленчыць пры канфесіянале, калі ізноў нічога не ўдалося? Ці варта было вучыцца, калі ізноў усё забылася? Ці варта было давяраць людзям, калі ізноў мяне падманулі?..
Як добра, Пане Езу, што ніхто не спрабаваў «ідэалізаваць» Твой крыжовы шлях, пераконваць, што Ты нёс крыж, не адчуваючы яго цяжару...
Найчасцей звяртаюся  ў сваіх разважаннях да падзенняў Езуса. Ён ляжыць на зямлі, зняважаны і збіты, але які ж блізкі мне! Езу, Ты столькі разоў падаеш і столькі разоў падымаешся, паказваючы мне недарэчнасць майго расчаравання і недаверу. Падзенне асуджае нас на цалкавітую самотнасць. У такія хвіліны не даходзіць да нас дапамога ні Бога, ні людзей. Хістаецца вера і затухае надзея. Але любоў, якая найбольшая з іх трох, трывае. Таму той, хто любіць, ведае, што варта выцягнуць руку — і напэўна прыйдзе дапамога.

Аўтар Ульяна Ермачонак


Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Ці гэта так на самай справе, што Езус суцяшаў жанчын? Плачце па сабе, бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што стане з сухім?..
Не заўсёды жыццё і людзі гладзяць нас па галаве. Часам нам даводзіцца перажываць боль, знявагу і нават ганьбаванне. Мы падсвядома шукаем справядлівасці, абвінавачваем іншых у зласлівасці... Можа праз гэта Езус прагне вырваць нас з падманлівай, фальшывай пабожнасці, якая не здольная спазнаць праўду пра сябе?..
Легіянеры пагарджалі Ім дзеля прынцыпу. Народ не прыняў такога Месію. Вучні адракліся ад Настаўніка. Толькі жанчыны спачувалі Яму. Але чаму Ён гэтага не ацаніў?..
Мы спачуваем тым, хто вельмі пакутуе. Нас непакоіць лёс ахвяраў зла, якіх бачым па тэлебачанні. Гэта добра… Але часта мы не заўважаем няшчасця ў сваім найбліжэйшым акружэнні.
Таму просім у Езуса, каб пазбавіў нас ад недахопу веры, надзеі і любові, бо толькі з гэтым мы пачнем турбавацца пра сапраўды важных рэчах.

Аўтар Ульяна Ермачонак

Стацыя 9. Езус падае трэці раз
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Холад пранізвае кожную клетачку цела, твар адчувае гразь, сэрца разрываецца ад болю і здаецца, што няма больш сіл устаць. Як жа знаёма мне гэта пачуццё… І зноў падзенне! І зноў грэх! Калі першы раз зграшу – ёсць надзея! Устаеш, бяжыш да канфісіяналу, Гасподзь аздараўляе, выходжу шчаслівая - перамаглі разам! Праходзіць час, спатыкаюся, думаю, што на гэта раз устаю, устрымаюся, але падаю… Усё паўтараецца! Надыходзіць час, калі надзея памяншаецца, альбо хаваецца ўвогулле. Думаю, але ж на працягу столькі год змагаюся з пэўным грахом, запрашаю Езуса ў сваё жыццё, давяраю Яму! Але надыходзіць час і мая рука ўжо не так трывала трымае Яго моцную руку і зноў падаю… Часамі ўставаць нават не хочацца! Навошта? Усё роўна калі-небудзь буду ляжаць, як і зараз на зямлі, прыбітая ненавістым грахом. Свет перастае існаваць… Цемра…
Езу, бачачы Тваю дарогу любові на Галгофу захапляюся Тваёй сілаю. Упаўшы трэці раз з-за цяжара майго граху, усё роўна любіш мяне, усё роўна кажаш: “Ня памятаю твайго вызнанага граху, ты маё ўмілаванае дзіцё, заўсёды буду Тваім Айцом!” Езу, ты устаеш хоць і цяжка… Фізічна змучаны ты не спыняешся, бо жадаеш паказаць яшчэ раз, як моцна Ты любіш мяне, жадаеш дайсці да канца, бо ведаеш: там перамога над кожным маім грахом, над кожнай маёй слабасцю!
Прамень Твайго святла кранаецца мяне, уздымаю панікшую галаву і нашы позіркі сутыкаюцца, баччу вочы поўныя любові, Ты працягваеш руку, дапамагаеш мне падняцца… І зноў усё добра! І зноў мы разам! І зноў Твая любоў перамагла мой грэх!
Езу, дзякуй за тое, што Ты заўсёды побач, за тое, што любіш мяне заўсёды аднолькава моцна! Дзякуй за тое, што кожны раз, калі прыходжу на сакрамант паяднання, Ты агортваеш мяне сваімі ласкамі! Дзякуй, што не лічыш маіх падзенняў, не лічыш маіх грахоў!
Дух Святы, прашу напоўні мяне сваім святлом, каб кожны раз упаўшы, магла падняць галаву і ўбачыць вочы поўныя любові, вочы Айца!

Аўтар Святлана Пальчех

Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Папулярныя клiпы на музычных каналах, часопiсы са знакамiтасцямi, шоу i канцэрты на тэлебачаннi, фiльмы у' кiнатэатрах...ва у'сiм гэтым шмат сцэн з аголенымi альбо голымi людзьмi... Чалавек перастау' саромецца свайго голага цела, а iншыя не саромеюцца на iх глядзець, некаторыя нават глядзяць неаднаразова i з вялiкiм задавальненнем душы i захапленнем цела.
Чалавеку прыемна быць аголеным, эратычна дэманстраваным iншым. Цела для iх не мае нiякай вартасцi i каштоу'насцi. Кожны з iх хоча паказаць праз  цела сваю iндывiдуальнасць, рознабаковасць, густ, iдэi, светапогляд, крэатыу'.
Цела чалавека стала iдалам для тых, хто сябе агаляе i для тых, хто сузiрае прывабнасць аголеных людзей. Сучасны свет кiруе iншымi пры дапамозе свайго аголенага цела, эратычнага адзення, iнтымных сцэн... Хто з iх можа захапiць людзей сваёй душой, прау'дай чалавечага iснавання на зямлi, добрымi справамi i чысцiнёй сэрца - як гэта зрабiу' Езус?..Паглядзiце, колькi лайкау' збiраюць фота у' Iнстаграме з аголенымi людзьмi на адпачынку ля мора, на вокладцы часопiсау', у сауне...i колькi збiрае лайкау' фота, на якiм чалавек молiцца у' Храме, праводзiць час у манастыры на рэкалекцыях, прыступае да Святых Сакрамэнтау'...
Я з вялiкiм сумам дасведчыла не папулярнасць Божай прау'ды, калi сёлета у' Iнстаграме з пачаткам Вялiкага Посту вырашыла выкладваць фота Крыжовага шляху Езуса Хрыста i змяшчаць пад iмi тэксты разважанняу' Мукi Пана на Кальварыi. Калi з'яу'лялiся  фота з маiм тварам, то лайкi раслi хутка, а калi з'яу'лялiся фота са змучаным Езусам, Крыж альбо банер з урыу'камi Евангельскiх тэкстау', то лайк ставiлi 4-5 чалавек... Чаму так - бо напэу'на голая прау'да пра Хрыста не падабаецца сучаснаму чалавеку, яна сумная i не цiкавая. Аголены жау'нерамi Езус нiкому не патрэбны, а аголеныя людзi Iнстаграма перапау'няюць сэрцы многiх людзей радасцю i захапленнем. Праз гэта сучасны чалавек мардуе  i агаляе зноу' i зноу'  змучанага грахамi Езуса.
Езу, я не разумею, чаму Ты такi адкрыты i чулы для у'сiх i такi не патрэбны? Чаму  Твая душа не збiрае  людзей ля спавяднiцы так, як людзi збiраюць лайкi у' iнтэрнэце?..
Твая прау'да  аголеная i не такая  прывабная, як  людское цела, таму нямногiя падпiсваюцца на Твой Iнстаграм, якi Ты заставiу' нам у 14 стацыях Крыжовага шляху.
Езу, я не разумею, чаму Ты такi адкрыты i чулы для у'сiх i такi не патрэбны?

Аўтар Вiкторыя Тарасевiч

Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Лукі (Лк : 23, 33-34) І калі прыйшлі на месца, называнае Лобным, там укрыжавалі Яго і злодзеяў, аднаго з правага, а другога з левага боку. А Ісус сказаў: Пане! даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць.
Боль… Боль фізычны працінае Твае далоні. Да дрэва Крыжа цвікі прыбіваюць Твае ногі. Табе балюча, Езу! Але ты, Пане, пакутуеш не ад болю прабітых ног і рук. Так, фізычны боль можна перацярпець. Шмат цяжэй трываць у болі духоўнай, з паразуменнем таго, што так лёгка ваяры згаджаюцца выканаць загад кніжнікаў і фарысеяў. З паразуменнем таго, што такія выканаўцы стаяць у чарзе, і чакаюць калі ж будуць пакліканы менавіта яны, дзеля здзяйснення прысуду здраднікаў. З паразуменнем таго, што мала хто здолее адмовіцца ад Твайго ўкрыжавання, Езу.
Але і гэты боль сціхае, калі Нябесны Айцец чуе тваё : “Пане! даруй ім, бо ня ведаюць, што чыняць”.
Між тым, тут на гары, я разумею, чаму не сціхае мой боль. Таму, што ёсць Я, мае праблемы і жаданні, але адсутнічаюць у спісе блізкія, знаёмыя, іх патрэбы, таму, што я шмат гавару, але мала раблю, таму, што я занадта ганарлівы, каб даверыцца Табе, Пане, таму, што я сам прыбіваю сябе да дрэва Крыжа сваім грахом.
Пане Езу, будзь ласкавы ўмацаваць нас у цярпенні да пакутаў, каб праз Тваю дапамогу нашыя сэрцы палалі нястомнай любоў’ю да свету, якая здолее сцішыць не толькі наш боль. Даруй нам, Пане.

Аўтар Аляксандр Якаўлеў


Стацыя 12. Езус памiрае на крыжы
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Ці знайшоўся б сярод нас хтосьці, хто мог бы паўтарыць за Езусам: «Споўнілася!». «Я выканаў усё, што павінен быў зрабіць, выканаў сваю місію...». Менавіта такія словы кажа Езус напрыканцы свайго жыцця… А калі б мне давялося некалькімі словамі падсумаваць усё мінулае жыццё, што я мог бы сказаць? «Шкада, што не зрабіў таго... што зрабіў тое... што змарнаваў столькі часу...»?..
Сучасная моладзь хоць раз задумвалася аб сваёй смерці… ні смерці, якая надыдзе сама, а аб самагубстве… і гэта не смерць, якая пазбавіць іншых, уратуе іх жыцце… наадварот, гэта смерць дзеля збаўлення сябе ад зямных цяжкасцяў ці каб даказаць камусьці нешта…
Езус памёр, каб споўнілася ахвяра Любові. І кожны вечар завяршае пэўную старонку майго жыцця. Кожны вечар ставіць перада мною пытанне: «Як ты жыў?». Калі сёння ўхілюся ад адказу, то гэты дзень будзе нібыта прапушчаным урокам — заўтра я паўтару тыя ж самыя памылкі. Але кожны вечар Пан Бог чакае, каб я сумленна магла сказаць: «Споўнілася!». І тады кожная раніца будзе раніцай змёртвыхпаўстання.
Божа, дапамажы, каб праз тваю смерць мы ўбачылі шчасце жыцця, промені тваёй ласкі і тваю любоў, каб мы зразумелі чаму і як нам трэбы жыць...

Аўтар Ульяна Ермачонак

Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Езус, мы стаім перад табою такія, як ёсць. У сваёй журбоце, ахінутыя сумам – бо вось цела тваё, і слёзы засцілаюць вочы. Тваё нараджэнне прынесла свет, радасць, надзею ў нашыя жыцці, твой шлях і цуды твае абудзілі ў нас веру… І вось, ты на крыжы. Як стрымацца? Як не страціць надзею?
Слабыя людзі, мы з журботай сустракаем выпрабаванні, мы гінем у сваіх страхах, тонем у сваім адчаі і болю. Колькі разоў услых, ці ўнутрана мы паўтаралі: “Божа, за што мне гэта? Чаму ты мяне караеш?”, колькі разоў у цяжкіх сітуацыях была спакуса адысці ад цябе Пане Божа, шукаць лёгкае выйсце, адкінуць свой крыж…
Езу, узмацні нас ў веры, дапамажы ў такія хвіліны успомніць Твой крыж і тваю Маці, што змагла прыняць волю Пана Бога без сумневаў, давяраючы яму поўнасцю, як і ты. Што адчувала яна, калі тваё цела знялі з крыжа? Хто зразумее? Але прыняла… Прыняла ўсё да апошняй кроплі.
Спашлі нам паразуменне, што наш крыж – не пакаранне, наш крыж – выпрабаванне, плён якога ведае толькі Пан. Адкрый нашыя вочы, дай ўбачыць людзей, што ў цяжкасцях застаюцца з намі, падтрымліваюць. Узмацні нас, Езу, дай нам сіл перажываць выпрабаванні , з пакорай прымаючы Божую волю, як прыняла яе твая Святая Маці. Дай нам сіл супрацьстаяць спакусам і памятаць, што надзея толькі ў Бога! Бо толькі ён ведае – для чаго, толькі ён ведае, як усё павінна стацца.

Аўтар Вікторыя Маўчанская


Стацыя 14. Езуса кладуць у магілу
С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Н.: Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты!

Магіла. Месца, дзе здаецца, што усё скончана, што выйсця ўжо няма. Вакол толькі шэрыя камяні грабніцы, цела Збаўцы, завернутае ў палатно, і гэта ўсе. Тут, каля магілы, стаяць жаўнеры, а за іх плячамі, побач з уваходам стаяць боль, расчараванне, смутак.
 Па-чалавечаму здаецца, што ўсе лепшае ўжо спачывае за гэтым вялікім каменем, якім засланілі грабніцу. Як часта мы ў часе пахавання блізкіх людзей губляем надзею, упадаем у роспач. бо нам здаецца, што больш ужо нічога не будзе.
 І толькі Езус, які ляжыць там, унутры грабніцы, ведае, што гэта толькі пачатак. усё тое, што напаўняе тваё сэрца каля магілы пана - чсутак, боль, трывога, расчараванне і жаль - вынік твайго бязвер'я. ці ты сапраўды чакаем ягонага ўваскрасення?а можа гатовы проста паставіць кропку?

Ганна Журко

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00