6 лютага ў Карэндонфе ў Бельгіі распачалася Еўрапейская кантынентальная сустрэча сям’і «Радыё Марыя», на якой прысутнічаюць прадстаўнікі з 25-ці краінаў Еўропы.

Напачатку да ўсіх звярнуўся з прамовай заснавальнік і першы прэзідэнт сусветнай сям’і «Радыё Марыя» спадар Емануэле Фэрарыо. Ён падкрэсліў, што без хрысціянства не будзе Еўропы і што «Радыё Марыя» можа шмат зрабіць для распаўсюджвання Евангелля, каб Хрыстус пачаў уладарыць у сэрцы Еўропы, нягледзячы на ўсе праблемы і цяжкасці, якія яна сёння перажывае. Як сказаў спадар Эмануэле, расказваць пра Хрыста, абвяшчаць Евангелле неабходна з радасным сэрцам: «Рабіце тое, што можаце і ўмееце, і гэтага будзе дастаткова». «Станьце насеннем, крыніцаю для іншых, для тых, хто адчувае смагу Божага слова, надзеі, радасці, дапамажыце Небу стаць рэчаіснасцю на зямлі», – вось такое заданне абазначыў перад сабранымі заснавальнік «Радыё Марыя».

Наступным, хто звярнуўся да прысутных, быў сённяшні прэзідэнт міжнароднай сям’і «Радыё Марыя» спадар Віторыо Вікардзі. Заўважаючы небяспекі і выклікі часу, якія паўстаюць перад «Радыё Марыя» ў сучасным свеце, ён заклікаў не баяцца адказваць на іх: «Змяняюцца сацыяльныя ўмовы, тэхнічныя прылады, і перад кожным з нас з'яўляюцца новыя выклікі, каб у гэтых зменлівых умовах абвяшчаць нашым радыёслухачам Божае слова».

Да прысутных звярнуўся таксама прадстаўнік «Радыё Марыя» з Афрыкі, распавёўшы пра дзейнасць «Радыё Марыя» на «чорным» кантыненце, пра тое, колькі людзей і ў якіх краінах Афрыкі атрымалі магчымасць слухаць Божае слова праз хвалі «Радыё Марыя», дзякуючы ахвяраванням слухачоў з Еўропы.
Падчас сустрэчы таксама быў акрэслены кірунак развіцця «Радыё Марыя» ў свеце, а асабліва ў такіх краінах як Ангола, Мазамбік, Тога, Бераг Слановай Косці, Бразілія, Гаіці, Індыя, Албанія, Косава, Латвія, Македонія, Папуа, Новая Гвінея, Расія, Славакія.



Узгадваючы Беларусь, прэзідэнт Вікардзі адзначыў, што ў нашай краіне радыё адразу прадэманстравала высокі прафесійны ўзровень, значную колькасць праграм, нават не маючы спецыяльных прыладаў, і папрасіў усіх прысутных маліцца за «Радыё Марыя» ў Беларусі ў сувязі з тым, што нам вельмі складана атрымаць ліцэнзію СМІ і радыё-хвалі для вяшчання ў ФМ-дыяпазоне. Цудоўна, што «Радыё Марыя» ў Сірыі, Іраку, Іарданіі, Егіпце атрымалі частоты і маюць магчымасць слухаць Радыё Марыя на радыё-хвалях. Але мы, на жаль, пакуль не маем такой магчымасці ў нашай краіне.

У другой частцы сустрэчы праца вялася ў групах, дзе ўдзельнікі абмяркоўвалі планы развіцця радыё ў сваіх краінах, дзяліліся ўласным досведам і ідэямі. Беларусь аказалася ў першай групе разам з прадстаўнікамі Расіі, Украіны, Латвіі і Літвы. Праца была вельмі дынамічнай і плённай.
Наперадзе яшчэ 2 дні цяжкай, але цікавай працы. Мы спадзяёмся, што ўдзел у Еўрапейскай кантынентальнай сустрэчы сям’і «Радыё Марыя» сапраўды паслужыць для нашага, беларускага, радыё крыніцай новых ідэяў, новых кірункаў узрастання, развіцця гэтага праекта ў нашай краіне, а таксама дадасць натхнення тым, хто стварае «Радыё Марыя» ў Беларусі.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625