Сёння, 24 студзеня, у літургіі мы ўспамінаем святога Францішка Сальскага - біскупа Жэневы, доктара Касцёла, заснавальніка жаночай кангрэгацыі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі. Таксама святы Францішак з'яўляецца апекуном каталіцкай прэсы.

   Як біскуп ён заўсёды прытрымліваўся строгіх жыццёвых правілаў: ён жыў вельмі проста і эканомна. Францішак Сальскі падымаўся а 4-й раніцы, увесь дзень праводзіў у малітвах, вывучэнні Святога Пісання, наведваў бедных і займаўся ўсімі звычайнымі справамі сваёй дыяцэзіі. Ён быў заўсёды нястомны ў сваёй працы: арганізоўваў сходы духавенства, вучыў іх праводзіць катэхізацыю простымі, зразумелымі, словамі, патрабаваў шчырасці і прастаты ў казаннях, заснаваў семінарыю ў Ансі, якую пастаянна наведваў, а таксама яго вельмі любілі дзеці і ішлі за ім «па пятах».

    Францішак Сальскі паказаў на сваім прыкладзе, як захоўваць мяжу паміж свецкім (людскім) і духоўным. Яго святасць - гэта раўнавага паміж шырынёю дзейнасці, памяркоўнасцю і спакоем. Яго духоўнасць можа пераймаць кожны, хто абраў шлях любові да Бога. Францішак Сальскі заўсёды паўтараў, што святыя - гэта сапраўдная соль зямлі, і таму яны павінны жыць сярод людзей: кожны чалавек, на думку св. Францішка, павінен жыць і дзейнічаць там, дзе Бог даў яму нарадзіцца.

    Францішак Сальскі вучыў, што святасць не даецца лёгка, бо яна з'яўляецца найбольшым з усіх цудаў веры. Тым не менш, не бывае такіх абставінаў у чалавечым жыцці, якія б перашкаджалі здабыванню святасці. Ён называў дарогу да святасці «прыемным шляхам». Св. Францішак заўсёды прапаведаваў спакой, самавалоданне і ветлівасць, нават у самых безнадзейных сітуацыях. Усё павінна быць скіравана да вернасці. Францішак Сальскі не пераставаў паўтараць, што святасць - гэта воля, святасць дасягаецца не подзвігамі, а найчасцей упартасцю і намаганнямі. Пра нецярпенні у малітве святы пісаў так: «Людзі чакаюць па паўгады, каб насенне дало хлеб, і чакаюць гадамі, каб яблыні пачалі пладаносіць.»

   Віншуем усіх нашых сяброў па цэху - каталіцкіх журналістаў, рэпарцёраў, рэдактароў, пісьменнікаў з прафесійным святам!

Падрыхтавала Яўгенія Найдовіч

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625