6 і 7 студзеня каманда “Радыё Марыя” завітала ў Віцебск, каб распавесці віцебскім вернікам пра нашае радыё. Гэта было не адзінае заданне для "Радыё Марыя". У парафіі св. Барбары 6 студзеня прайшоў семінар і практычныя заняткі на тэму “Хрысціянскі бізнес”. Прадстаўнікі і настаўнікі бізнесу з Мінска, якія з'яўляюцца адначасова і валанцёрамі "Радыё Марыя", вырашылі дапамагаць хрысціянскім бізнесменам, дзелячыся сваімі ведамі і досведам.

Семінар пачаўся з невялічкай лекцыі на тэму таго, ці можа бізнес увогуле быць хрысціянскім і якія ўмовы павінны быць выкананы, не толькі каб чалавек бізнесу заставаўся верным хрысціянінам, але і каб яго праца адпавядала духу хрысціянства. Лекцыю чытаў праграмны дырэктар "Радыё Марыя", доктар маральнай тэалогіі, айцец Аляксандр Улас.    Акрамя таго, падчас блокаў, якія праводзілі настаўнікі бізнесу, былі прадстаўлены методыкі, якія дазваляюць быць канкурэнтназдольнымі на сучасным рынку. Вельмі цікавымі падчас сустрэчы былі практычныя заняткі і лекцыі на тэму будавання адносінаў і пошуку патэнцыяльных кліентаў. Сустрэча была настолькі захапляльнай, што працягнулася дапазна і скончылася толькі каля 23-й гадзіны.
   Прадстаўнікі карэспандэнцкага напрамку "Радыё Марыя" таксама не засталіся без працы. Яны правялі сустрэчу з парафіяльнай моладдзю і прачыталі лекцыю на тэму таго, што значыць быць сучасным репарцёрам і як зрабіць цікавы рэпартаж. Кожны з прысутных падчас гэтай сустрэчы мог паспрабаваць сябе ў ролі карэспандэнта. Паводле сведчання маладых парафіянаў, найбольш удалым момантам практычнага занятку было, калі пробашч парафіі св. Барбары, айцец Крыштаф Коц’ян ОР у ролі карэспандэнта рабіў інтэрв’ю з “мэрам” горада Віцебска, ролю якога выконваў адзін з юнакоў парафіі - Аляксандр.
   На наступны дзень, 7 студзеня, ва ўрачыстасць Хросту Пана, пасля заканчэння святых Імшаў у касцёле Езуса Міласэрнага і св. Барбары, валанцеры радыё расказалі пра дзейнасць "Радыё Марыя" ў Беларусі і пра магчымасці, якімі радыёслухачы могуць карыстацца, слухаючы яго.
Мы спадзяёмся, што такія супольныя выезды і семінары стануць у будучым сістэматычнымі і пастаяннымі ў дзейнасці сям’і "Радыё Марыя", прыносячы багаты плён. Таму запрашаем вас, нашыя дарагія радыёслухачы, а таксама вашых душпастыраў да супрацоўніцтва, каб разам з Марыяй мы служылі Богу і людзям, набліжаючыся такім чынам да Божага Валадарства ў нашым з вамі жыцці.
    “Радыё Марыя” выказвае шчырую падзяку айцам дамініканам з Віцебска на чале з а. Крыштафам Коц’янам, а таксама ксяндзу Паўлу пробашчу парафіі Езуса Міласэрнага за магчымасць распавесці пра нашае радыё ў віцебскіх парафіях.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625