Касцёл уваходзіць у новы літургічны год. Распачынаем яго перыядам, які мае своеасаблівую назву – Адвэнт. Гэта час напярэдадні ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі з дапамогаю пакутніцкіх практык і літургічных набажэнстваў кожны рыхтуецца да прыйсця Збаўцы.


   Адвэнт (лац. adventus – прыйсце) пачынаецца з першых нешпараў нядзелі, якая з’яўляецца чацвёртай перад урачыстасцю Божага Нараджэння, і працягваецца да вечара 24 снежня. У залежнасці ад года дата распачацця Адвэнту выпадае ў перыяд з 27 лістапада па 3 снежня. Варта таксама ўзгадаць, што ў амбразіянскам абрадзе Адвэнт працягваецца 6 тыдняў, пачаткам якога з'яўляецца першая нядзеля пасля дня Марціна Турскага, гэта значыць 11 лістапада.

   Прыкладна з 2-й паловы IV стагоддзя пачатак «каляднага посту», як вельмі часта называюць перыяд Адвэнту, злучыўся з пачаткам святкавання хрысціянамі Божага Нараджэння. Першыя успаміны пра гэтыя падзеі можна знайсці ў іспанскай і галіцкай літургіі.
   Наступным, вельмі важным, крокам стаў сінод у Сарагосе, які адбыўся ў 380 годзе. Ён прапанаваў вернікам штодзённы ўдзел у святой літургіі, не прапускаючы ніводнага дня, у перыяд паміж 17 снежня і 6 студзеня. Адвэнт меў пакаянны і аскетычны характар.
   У V стагоддзі такія самыя падобныя рэкамендацыі даў сваім вернікам біскуп у Галіцыі. Ён абвясціў сапраўдны пост, які павінен трываць тры дні кожнага тыдня на працягу трох тыдняў паміж успамінам святога Марціна (11 лістапада) і святам Божага Нараджэння.
   У Рыме гэты перыяд пачалі адзначаць толькі ў канцы VI стагоддзя. У адрознені ад усходняй традыцыі, на захадзе гэты час меў форму радаснага чакання прыйсця Пана, у час якога не было пакутніцкіх практык. Папа Рыгор Вялікі з’яднаў абодва напрамкі і даў рэкамендацыі на адвэнтовы перыяд. З таго часу Адвэнт доўжыцца чатыры тыдні і з’яўляецца асаблівым перыядам у чаканні свята Божага Нараджэння. З часам Адвэнт набыў таксама эсхаталагічны характар і стаў часам чакання прыйсця Хрыста ў канцы часоў. Спалучэнне галіцкіх і рымскіх традыцый прывяло да сучаснай формы літургічнага перажывання Адвэнту. Рымская літургія была дапоўнена аскетычным вымярэннем – гэта фіялетавая літургічная вопратка, адсутнасць у літургіі малітваў «Хвала на вышынях Богу» і «Te Deum», а таксама пакутніцкія пастановы, якія прымаюць на сябе вернікі для лепшай падрыхтоўкі да надыходзячага свята.

   Кожная з чатырох нядзель Адвэнту мае таксама сваю тэматыку, якая дапамагае вернікам у падрыхтоўцы да надыходзячага свята і адлюстравана ў евангельскіх нядзельных чытаннях. Першая нядзеля прысвечана прыйсцю Хрыста ў канцы часоў, другая і трэцяя (якая называецца яшчэ gaudete) нядзелі адлюстроўваюць пераход ад Старога Запавету да Новага. «На мяжы» гэтых двух Запаветаў з’яўляецца Ян Хрысціцель – апошні прарок Старога і першы прарок Новага Запавету. Чацвёртая, апошняя, нядзеля прысвечана евангельскім падзеям, якія непасрэдна папярэднічалі моманту нараджэння Хрыста. Адной з найбольш вядомых традыцый, звязанай з Адвэнтам, з'яўляецца вянок з яловых галінак, у які ўплецены чатыры свечкі. У першую нядзелю запальваецца адна свечка, у другую — дзве і гэтак далей. З кожным тыднем святла становіцца болей. Такімі вянкамі ўпрыгожваюцца як касцёлы, так і дамы вернікаў. Кожнай свечцы надаецца асаблівае значэнне. Першая свечка з'яўляецца свечкаю супакою, другая сімвалізуе веру, трэцяя — любоў, а чацвёртая — надзею. Элементы вянка таксама маюць сімвалічнае значэнне. Сэнс асобных частак наступны: зялёныя галінкі – гэта жыццё, надзея; свечкі – гэта святло, Езус Хрыстус, Які прыходзіць з вышыняў; круглая форма вянка сімвалізуе вечнае жыццё.

   Сёння Каталіцкі Касцёл не ўспрымае Адвэнт як посны перыяд, хоць многія посныя практыкі працягваюць існаваць, напрыклад, устрыманне ад мясной ежы падчас вігілійнай вячэры або ў выбраныя дні падчас Адвэнту (не лічачы пятніцы). Падчас Адвэнту Касцёл перш за ўсё заахвочвае вернікаў праз сакрамэнт споведзі і святой Камуніі, а таксама праз здзяйсненне ўчынкаў міласэрнасці падрыхтаваць уласнае сэрца і жыццё да годнага перажывання вялікай урачыстасці Божага Нараджэння.
Радыё Марыя ў Беларусі заахвочвае сваіх радыёслухачоў далучацца да нас у актыўнай падрыхтоўцы свайго сэрца і жыцця да вялікага свята Божага Нараджэння. Нашая рэдакцыя падрыхтавала для гэтага розныя праграмы, якія могуць дапамагчы нам у суполньным вандраванні па перыядзе Адвэнту. Магчыма, нехта з вас таксама захоча спрычыніцца да гэтай справы і дапамагчы нам як валанцёр у распрацоўцы праграм, або маліцца за нас ці падтрымаць фінансавымі сродкамі.

   Сардэчна запрашаем разам перажываць Адвэнт, каб гэты час чакання Божага Нараджэння стаў для кожнага часам ахвярнага і плёнага жыцця!

   кс. Аляксандр Улас

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04