2 снежня ў 12.00 адбудзецца ўрачысты запуск лічбавага фармату Літургіі гадзінаў на беларускай мове. Сачыць за гэтай падзеяй можна будзе праз прамую трансляцыю на нашым сайце, а таксама на партале Сatholic.by

   Літургія гадзінаў - гэта малітва, штодня чытаць якую індывідуальна або ў супольнасцях абавязаныя біскупы, святары і манахі на працягу ўсяго дня. Касцёл заахвочвае таксама і свецкіх людзей самастойна чытаць Літургію гадзінаў. Гэта можна рабіць і ў больш спрошчанай, кароткай форме.
   Асноўную частку тэксту кожнай літургічнай гадзіны складаюць псальмы і спевы са Старога і Новага Запавету. Іх спяваюць або чытаюць. Псальмам і спевам папярэднічае антыфона (гр. antifonos – "той, хто адказвае") - кароткі рэфрэн, якім распачынаецца і заканчваецца псальм. Антыфона чытаецца альбо спяваецца папераменна паміж харамі.
   Зазвычай адбываюцца чатыры набажэнствы на працягу сутак: заклікі, ютрань, дзённая малітва, нешпары, малітва на заканчэння дня. Усе малітвы часта суаднесеныя з адпаведнаю гадзінаю сутак. Структурнымі элементамі Літургіі гадзінаў з'яўляюцца псальмы, гімны, і асобныя малітвы.
Напачатку дня мы молімся ютрань (лац. prima – "раняшняя малітва"). Яе папярджваюць заклікі. Падчас гэтай малітвы вернікі запрашаюць Пана ў свае справы, просяць благаслаўлення на дзень.
   Дзённыя малітвы (лац. tertia) адлюстроўваюць старажытны звычай маліцца на працягу дня. У часы Хрыста светлую пару дня дзялілі на гадзіны, з якіх на сярэдзіну дня прыпадала трэцяя, шостая і дзявятая (у пераліку на наш час гэта адпавядае 9-ці гадзінам раніцы, поўдню і 3-м гадзінам дня).
   Нешпары (лац. vesperas – "вячэрня", vesper – "вечар") чытаюцца з надыходам вечара як падзяка за ўсе дары, якія даў Бог на працягу дня.
   Далей чытаюцца малітвы на заканчэнне дня або камплета (лац. completio – "завяршэнне, сканчэнне"). Зазвычай камплета чытаецца перад сном. У гэты час робяць рахунак сумлення і просяць прабачэння ў Бога за грахі.

   Як адзначаюць распрацоўшчыкі, з 2 снежня 2017 г. беларускамоўная Літургія гадзінаў будзе даступная ў прылажэнні "Малітоўнік". Дастаткова толькі бясплатна спампаваць абнаўленне. Спампаваць можна націскаючы слова МАЛІТОЎНІК.

Выкарыстаны матэрыялы ксяндза Андрэя Кеўліча з сайту blogspot.com

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04