
Сёлета адзначаем 500-годдзе выдання скарынаўскага "Апостала" – першай дакладна датаванай кнігі, выдадзенай у Вільні. Безумоўна, Францішак Скарына з’яўляецца духоўна-асветніцкім сімвалам Беларусі, таму прапануем пачытаць пра нашага слаўнага першадрукара і падрабязней даведацца пра яго дзейнасць,
якая была накіравана на духоўнае развіццё свайго народу. Аўтарытэтным даследчыкам жыцця і дзейнасці Скарыны з’яўляецца філолаг, гісторык, лацініст Алесь Жлутка. У выдавецтве "Беларуская навука" пад яго рэдакцыяй быў выдадзены грунтоўны зборнік пад назваю "Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях", які раскрывае асноўныя этапы жыццёвага шляху Скарыны і ягонай сям’і. Навуковец з’яўляецца сталым аўтарам квартальніка "Наша вера". У каталіцкім часопісе надрукавана больш за 50 артыкулаў Алеся Жлуткі па гісторыі Касцёла на Беларусі, у тым ліку артыкулы пра Скарыну. У гэтым выпуску прапануем паслухаць размову са знакамітым навукоўцам пра нашага слаўнага палачаніна.