Аляксандр Ярашэвіч – гісторык мастацтва, які  даследаваў беларускія абразы і гісторыю беларускіх касцёлаў. Нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Любкаўшчына Стаўбцоўскага раёна. Дарэчы, сёлета ў жніўні спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вядомага мастацтвазнаўцы. 

У верасні 2016 года адбылася апошняя выстава Аляксандра Ярашэвіча "Свет нябесны на зямлі", на якой у Нацыянальным мастацкім музеі было сабрана багацце сакральнага шматканфесійнага мастацтва Беларусі. Аляксандр Адамавіч адыйшоў у вечнасць праз месяц пасля адкрыцця выставы – у кастрычніку 2016 года.
У выдавецтве "PRO CHRISTO" былі выдадзены дзве кнігі даследчыка: "Маці Божая Снежная ў Беларусі" (2003)  і  "Абраз Маці Божай Будслаўскай" (2004). Аляксандр Ярашэвіч актыўна і плённа супрацоўнічаў з часопісам "Наша вера", дзе ў выніку было надрукавана каля 50 артыкулаў мастацтвазнаўцы. Разам са спадаром Аляксандрам над публікацыямі працавала стыльрэдактар і карэктар часопісаў "Наша вера" і "Ave Maria" Лідзія Камінская, якая цёпла ўзгадвае даследчыка і дзеліцца са слухачамі сваімі ўспамінамі. У 2023 годзе ў выдавецтве "PRO CHRISTO" быў выдадзены зборнік прац "Апякунка Беларусі". Духоўна-асветніцкае выданне змяшчае матэрыялы, прысвечаныя гісторыі культу абраза Маці Божай Будслаўскай, у тым ліку даследаванне Аляксандра Ярашэвіча. Пра выданне расказвае яго складальнік Ганна Шаўчэнка.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00