Кастрычніцкі нумар часопіса "Ave Maria" багаты на юбілейныя даты. Найперш шчыра віншуем арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з 35-годдзем біскупскай сакры.
Адметнае месца ў часопісе займаюць некалькі матэрыялаў, падрыхтаваных з нагоды біскупскага пасвячэння ксяндза каноніка Андрэя Зноскі. У гэтым нумары аддаецца таксама пашана кардыналу Казіміру Свёнтку – 21 кастрычніка споўнілася 110 гадоў з дня яго нараджэння. Яшчэ адзін важны юбілей у Касцёле – 800-годдзе стыгматаў святога Францішка Асізскага, з гэтай нагоды цэнтральным стрыжнем праз кастрычніцкі нумар часопіса праходзіць тэма стыгматаў. Вершы паэткі Дануты Бічэль – гэта нібы лірычны духоўны дотык да стыгматаў Францішка Асізскага і да напоўненага цудамі жыцця гэтага святога. У перадачы маем унікальную магчымасць пачуць гісторыі стварэння вершаў, а таксама самі творы ў аўтарскім выкананні.