"Штучны інтэлект – спакуса будаваць свет без Бога ці новая магчымасць развіцця чалавецтва?" - з гэтага актуальнага артыкула арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пачынаецца часопіс.
Касцёл Маці Божай Анёльскай у Гродне займае асаблівае месца ў сэрцах нашых слухачоў. Гэтую глыбокую любоў і духоўную сувязь з храмам яскрава перадае ў сваёй паэзіі шаноўная Данута Бічэль. Паглыбімся ў творчы свет паэткі – свет, напоўнены шчырай любоўю да святога Францішка і гродзенскай францішканскай святыні. Паслухаем вершы ў аўтарскім выкананні, у якіх светлыя ўспаміны пераплятаюцца з глыбокім асабістым болем аўтаркі.
Леанід Лаўрэш прадстаўляе пераклад твора пісьменніцы Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, які можна вызначыць як адзін з першых фемінісцкіх тэкстаў. У ім ўпершыню ў нашым краі ставяцца пытанні роўнасці і свабоды жанчын, а таксама жаночай адукацыі. У нашым радыйным выпуску перакладчык расказвае пра твор лідскай пісьменніцы і пра тое, чым сучаснаму чытачу можа быць цікавая літаратура XIX ст. Прапануем разам пагартаць другі нумар часопіса "Наша Вера" за 2026 год.








