
У другім нумары часопіса "Наша вера" за 2025 год чытачы знойдуць цікавыя матэрыялы, прысвечаныя важным падзеям з жыцця Касцёла, пераклады духоўнай літаратуры, артыкулы пра беларускае сакральнае мастацтва,
рэлігійнае жыццё мінуўшчыны і сучаснасці, паэзію і прозу сучасных беларускіх аўтараў. Пачынаем наш агляд з паэзіі, бо ў нашым радыйным выпуску – цікавы і шаноўны госць! Ужо традыцыйна ў "Нашай веры" друкуецца падборка вершаў вядомага паэта Васіля Зуёнка. Паэт нарадзіўся ў 1935 годзе, а гэта значыць, што сёлета яму спаўняецца 90 гадоў. Паэт, празаік, перакладчык, крытык, літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, аўтар твораў для дзяцей Васіль Зуёнак сёння жыве ў Мінску і плённа займаецца творчай працай. Мы скантактаваліся і з радасцю дзелімся з вамі голасам, мысленнем і творчасцю знанага паэта.