
Прэзентацыя трэцяга нумара часопіса "Наша вера" за 2024 год уключае не толькі пералік артыкулаў, а таксама цікавыя сустрэчы з аўтарамі. Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі, аўтар артыкула "Вялікае італьянскае падарожжа Яна Паца", апавядае пра пілігрымку беларускай магнацкай кавалькады ў Вечны горад.
Кандыдат філалагічных навук Алесь Жлутка, аўтар даследавання "Доктар Францішак і доктар Лютэр…", разважае пра невядомыя старонкі ў дзейнасці знакамітага першадрукара. Гісторык мастацтва Дзмітрый Моніч, аўтар артыкула "Абраз Яна Дамеля з нясвіжскага фарнага касцёла…", расказвае пра складанасці атрыбуцыі гэтага ўнікальнага твора, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. Паэтка Магдалена Лаеўская чытае свае духоўныя вершы. Літаратуразнаўца, перакладчыца і паэтка Аксана Данільчык прадстаўляе свой пераклад апавядання "Лімоны з Сіцыліі" італьянскага пісьменніка, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Луіджы Пірандэла. Упэўнены, што пасля нашай прэзентацыі Вы таксама не прапусціце гэты яркі па змесце і аўтарскім складзе нумар.