У Вільнюсе падчас урачыстасцяў у Вострай Браме адбылася святая Імша для пілігрымаў з Беларусі. Эўхарыстыю ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім каля алтара служылі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і дапаможны ардынарый Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі. 

     У касцёле святой Тэрэзы было шмат пілігрымаў з Мінска, Магілёва, Віцебска, Жодзіна, Гродна і іншых мясцінаў Беларусі. Як казалі мясцовыя жыхары, святыня даўно не была так запоўнена вернікамі. З Мінска на ўрачыстасці таксама прыбыла і каманда «Радыё Марыя».Набажэнства суправаджалі спевы хора "Гасанна" парафіі св. Барбары ў Віцебску.
   Цудатворны Абраз Маці Божай Вастрабрамскай — адна з галоўных хрысціянскіх святыняў Беларусі і Літвы. Ён шануецца і праваслаўнымі, і каталікамі. Яго копіі захоўваюца ў шматлікіх святынях і дамах вернікаў.

   А для кс. Віктара Гайдукевіча, рэгіянальнага настаяцеля рэлігійнай каталіцкай місіі таварыства святога Францішка Сальскага, цудатворны абраз - гэта таксама ўспаміны пра дзяцінства:

-Я нарадзіўся недалёка ад Вільні (вёска Жупраны, Ашмянскі раён – РМ), і яшчэ пры саветах я разам з маці ездзіў у Вострую Браму, дзе адбываліся ўсе ўрачыстасці. Таму я памятаю з дзяцінства, што памаліцца сюды прыязджалі ўсе. Ужо пасля, сталы чалавек, узгадвачы гэтыя моманты дзяцінства, перажываю момант сустрэчы з Маці Божай Вастрабрамскай больш свядома. І для меня такія беларускія ўрачыстасці, у якіх прымаюць удзел і нашы біскупы, і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, — духоўная асалода.

   Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскі Аляксандр Яшэўскі распавёў, што праз бацькоў пазнаёміўся з Вострай Брамай:

-Маці і тата падчас шлюбу ў 1973 годзе атрымалі ад сваіх бацькоў у знак благаслаўлення абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Ён заўсёды вісеў у пакоі бацькоў. Можна сказаць, што мы разам з сястрычкай выраслі пад гэтым абразом. Ён і дагэтуль знаходзіцца ў іхнім пакоі. Таму гэта выключная выява Панны Марыі, з якой звязана маё дзяцінства. І прыбываць у Вострую Браму для меня – нібыта прыязджаць дамоў, да матулі, пад вачамі якой я выхоўваўся.

   У межах урачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай адбываюцца Дні супольнай малітвы для вернікаў розных нацыянальнасцяў. У тым ліку і для беларусаў. Раней падобныя набажэнствы адбываліся па серадах. Але некалькі гадоў таму "беларуская серада" пераўтварылася ў "беларускую суботу". Гэта паспрыяла таму, што шмат пілігрымаў здолелі наведаць санктуарый і памаліцца разам.

   Нагадаем, што беларускамоўныя набажэнствы ў Вільні можна наведаць не толькі падчас ўрачыстасці Маці Божай Вастрабрамскай, але амаль штодня. Служба адбываецца ў парафіі св. Барталамея ў буднія дні а 18 гадзіне (акрамя панядзелка), у нядзелю - а 10-й і 12-й гадзіне.

   Праграма "На ўласныя вочы" 20 лістапада а 21 гадзіне. Паўтор у аўторак у 14.00

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04