Воля – гэта ўсвядомленае рэгуляванне кожным індывідам сваіх учынкаў і дзеянняў,

выкананне якіх вымагае фізічных і маральных высілкаў. Вынікам праявы волі з’яўляецца дасягненне пастаўленай мэты і пераадоленне ўнутраных і знешніх перашкодаў, якія могуць узнікаць на гэтым шляху. Уменне дысцыплінаваць сябе, праяўляць рашучасць у патрэбны час, мужнасць, трываласць – усё гэта стварае волю.
Воля – рычаг дзейнасці, яна стварае высілкі і ўтрымлівае іх напрацягу неабходнага часу. Яна праяўляецца ў самарэгуляцыі чалавекам уласнай дзейнасці і разнастайных псіхічных працэсаў.
Калі чалавек у сваім жыцці здольны без чыёйсьці дапамогі паставіць перад сабой мэту і ісці да прынятага рашэння – значыць у яго добра развітыя валявыя якасці.
Развітая воля дазваляе чалавеку рабіць выбар, прытрымлівацца сваіх уласных поглядаў і прынцыпаў, кантраляваць свае паводзіны.
Не спрыяюць развіццю волі разбэшчанасць, а таксама занадта жорсткае выхаванне. Воля праяўляецца, калі чалавеку неабходна рабіць выбар паміж дзьвюма аднолькава прывабнымі, але патрабуючымі супрацьлеглых дзеянняў думкамі, мэтамі, пачуццямі, устаноўкамі, несумяшчальнымі адно з другім. Яна неабходная, калі матывы і патрэбы, якія пабуджаюць да дзеяння, адносна слабыя, або калі ёсць канкуруючыя з імі матывы і патрэбы.
Рухавіком волі з’яўляюцца пачуцці. Абыякавы да ўсяго чалавек не можа быць чалавекам моцнай волі. Валявыя дзеянні заўсёды абдуманыя.
Пры некаторых захворваннях - шызафрэніі, дэпрэсіі, хваробе Паркінсона, дэменцыі, воля ў чалавека можа адсутнічаць. Стан паталагічнай адсутнасці волі называецца абуліей. Пры абуліі чалавек не здольны выканаць дзеянне, неабходнасць якога ім усведамляецца, а таксама не здольны прыняць неабходнае рашэнне. Пры дадзеным стане хворыя адчуваюць частковую або поўную адсутнасць жаданняў да ўсякай дзейнасці.
Пры некаторых псіхапатыях, паранойе, эпілепсіі, неўрозах можа з’явіцца гіпербулія - хваравітае ўзмацненне інтэнсіўнасці інстынктаў і павелічэнне іх колькасці, а таксама памкненняў і матываў да дзейнасці з хуткай іх зменлівасцю і імпульсіўным імкненнем да неадкладнага дасягнення мэты.
У выніку хуткай замены адных мэтаў іншымі ў такіх людзейй многія справы часта застаюцца незавершанымі. Для іх характэрная падвышаная парывістасць, рухомасць, ініцыятыўнасць. Павышаецца патрэба ў кантактаванні. Часта такія хворыя занадта гаваркія, ва ўсё ўмешваюцца,
могуць рабіць шматлікія пакупкі, прапануюць і спрабуюць ажыццявіць розныя новаўвядзенні на працы і дома. Для падвышанай валявой актыўнасці характэрна растарможанасць прыродных інстынктаў: павышэнне харчовага інстынкту (булімія), павышэнне палавога інстынкту, павышэнне
бацькоўскага інстынкту, інстынкту самазахавання. Такія людзі здольныя да забойства, для іх характэрная частая змена месцаў жыхарства, паскораная гаворка.
Сакрат параўноўваў волю чалавека з напрамкам палёту стралы. Воля дазваляе страле паляцець толькі калі цэль абраная.
Развітая воля мае на ўвазе здольнасць чалавека ствараць іерархію каштоўнасцяў і прыкладаць намаганні для дасягнення каштоўнасцяў больш высокага парадку, “грэбуючы” каштоўнасцямі
больш нізкага парадку.
Вялікае значэнне волі надаваў французскі псіхолаг, сацыёлаг, антраполаг і гісторык Густаў Ле Бон.
Ён лічыў, што народы могуць прыйсці ў заняпад не з-за паніжэння разумовых здольнасцяў, а з-за аслаблення характара. Цывілізаваны чалавек не можа жыць без дысцыпліны. А той, хто не валодае сабой, хутка падпадае пад уладу іншых.

Як хрысціяне, мы ведаем, што Бог даў чалавеку свабоду волі – т.б. магчымасць рабіць выбар не залежна ад абставін. Працуючы ў хоспісе, я даволі часта сустракаю людзей вельмі мужных і з моцнай воляй – гэта пацыенты і іх сваякі. Пра некаторых з іх я пішу артыкулы на псіхалагічным сайце.
Артыкул “Палата 36. Мужнасць” быў напісаны 26 лютага 2017г.
У трохмеснай палаце мы знаходзімся ўшасцёх - тры пацыенткі, два наведнікі і адзін псіхолаг.
Пацыенткі - дзьве бабулі ў вельмі цяжкім стане, якія амаль увесь час спяць, і Вольга - ляжачая жанчына пад 60. Адну з бабуляў штодзённа наведвае сын, другую - дачка, Вольгу таксама наведваюць сваякі, але ў дадзены момант іх няма.
У палаце ажыўленая атмасфера, набліжаецца ціхая гадзіна, а наведнікі зусім не спяшаюцца разыходзіцца. Мы ўсе размаўляем з Вольгай, бабулькі ў гэты час спяць і не патрабуюць зашмат увагі. Размаўляем на розныя тэмы: пра кветкі, палітыку, шыццё и вышыўку, танцы і цюцікаў, і г.д.
Ціхенька (каб не патрывожыць бабуляў) жартуем і смяемся, Вольга - таксама, і на некаторы час мне нават здаецца, што сапраўдныя пацыенткі тут толькі дзьве, а Вольга ... - ну, можа грып у чалавека здарыўся, вось паляжыць яна ў бальніцы яшчэ пару дзянёчкаў, адужэе і паедзе дадому -
шыццём займацца ды ўлюбёнага цюціка выгульваць.
Падчас некаторых наведванняў дачка бабулі плача - Вольга суцяшае яе і спачувае ёй. Сын другой бабулі таксама бывае ў журботным настроі - Вольга спагадае і яму. У Вольгі анкалёгія закранула пазваночнік. У хоспісе ёй на некаторы час стала лепей, зніклі болі, але неўзабаве хвароба пачала
хутка прагрэсаваць.
Ішоў час. Памерла адна з бабуляў, і ейны сын цяпер ужо не прыходзіў у хоспіс. Але мы кантактавалі з ім праз інтэрнэт, і ён кожны раз пытаўся пра другую бабулю, ейную дачку і Вольгу.
Яны таксама перадавалі яму праз мяне прывітанні і спачуванні. Неўзабаве памерла і другая бабуля, і ейная дачка таксама ўжо больш не прыходзіла ў бальніцу. Я паведаміла пра гэта сыну бабулі, паведаміла і пра стан Вольгі, і ён вырашыў наведаць яе.
Мне падавалася, што паміж сынам бабулі і Вольгай узнікла якаясьці асаблівая сімпатыя, прыязнасць, сяброўства. Вольга вельмі ўзрадавалася, калі ўбачыла бабулінага сына. Я не прысутнічала пры іхнай размове, але на наступны дзень Вольга сказала мне, што ёй было вельмі прыемна ізноў сустрэцца з ім. Яна жадала яму, каб ён справіўся з горам страты, і каб ягонае жыццё было шчаслівым.
Вялікая мужнасць патрэбная мужчыну дзеля таго, каб наведаць паміраючую жанчыну, якая ляжыць у той жа палаце, дзе нядаўна памерла ягоная мама. Яшчэ большая мужнасць патрэбная жанчыне, каб суцяшаць іншых і клапаціцца аб іх, калі яна сама цяжка хворая.
Вольга памерла праз тыдзень. Смерць была даволі лёгкай - яна проста перастала дыхаць. Светлая
памяць ...

Будзьма трываламі. Ключ да рашэння ўсіх праблемаў – яднанне людзкіх высілкаў з Божымі.

Марына Баброўская

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00