
Пра абрады, які папярэднічаюць Літургіі слова, расказвае кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з тым, як паводле навучання Касцёла арганізуецца сакральная прастора. Сёння працягваем нашыя разважанні.
Цэлебрацыя Імшы, як дзеянне Хрыста і іерархічна ўпарадкаванага народа Божага, — гэта цэнтр усяго хрысціянскага жыцця як паўсюднага, так і мясцовага Касцёла, а таксама асобных вернікаў. У Імшы дасягае сваёй вяршыні дзеянне Бога, якім Ён асвячае свет у Хрысце, і культ, у якім людзі пакланяюцца Айцу, ушаноўваючы Яго праз Хрыста, Сына Божага ў Духу Святым. У ёй на працягу года так ушаноўваюцца таямніцы адкуплення, што яны пэўным чынам становяцца прысутнымі. Іншыя сакральныя дзеянні і ўсе справы хрысціянскага жыцця звязаны з Імшою, з яе выплываюць і да яе кіруюцца (АУРІ 16)
27. На Імшы ці Вячэры Пана народ Божы збіраецца разам пад кіраўніцтвам святара, які ўвасабляе Хрыста, для цэлебрацыі ўспаміну пра Пана альбо эўхарыстычнай ахвяры37. Таму перш за ўсё да мясцовай супольнасці святога Касцёла адносіцца абяцанне Хрыста: «Дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх» (Мц 18, 20). Бо пры цэлебрацыі Імшы, у якой вечна здзяйсняецца ахвяра крыжа38, Хрыстус рэальна прысутнічае ў самім сходзе людзей, сабраных у Яго імя, у асобе святара, у сваім слове, а таксама сутнасна і бесперапынна ў эўхарыстычных постацях39.
28. У пэўным сэнсе Імша складаецца з дзвюх частак, а менавіта з літургіі слова і эўхарыстычнай літургіі, якія так цесна звязаны між сабою, што ўтвараюць адно культавае дзеянне40. На Імшы падрыхтоўваецца стол слова Божага і Цела Хрыстовага, з якога верныя атрымліваюць навуку і падмацаванне41. Іншыя абрады адкрываюць альбо завяршаюць літургічнае дзеянне.
Уступныя абрады
Абрады, якія папярэднічаюць літургіі слова, а менавіта: уваход, вітанне, чын пакаяння, Пане, змілуйся (Kyrie, eleison), Хвала на вышынях і калекта маюць характар уступу, увядзення і падрыхтоўкі.
Мэта гэтых абрадаў у тым, каб вернікі, збіраючыся разам, утварылі еднасць і падрыхтаваліся да належнага слухання слова Божага і да годнай цэлебрацыі Эўхарыстыі.
У некаторых цэлебрацыях, якія спалучаюцца з Імшою паводле нормаў, пададзеных у літургічных кнігах, пачатковыя абрады прапускаюцца ці здзяйсняюцца асаблівым чынам.
Уваход
Пасля таго, як збярэцца народ, калі ўваходзіць святар з дыяканам і прыслугоўваючымі, пачынаецца спеў на ўваход. Мэта гэтага спеву — распачаць цэлебрацыю Імшы, паспрыяць яднанню сабраных, унутрана падрыхтаваць іх да таямніцы літургічнага перыяду ці свята і суправаджаць працэсію святара з прыслугоўваючымі.
Спеў на ўваход выконваецца хорам папераменна з народам альбо такім жа чынам кантарам і народам, альбо яго цалкам можа выконваць толькі народ ці толькі хор. Можа выкарыстоўвацца антыфона з адпаведным псальмам, узятыя з Рымскага градуала (Graduale romanum) ці са Звычайнага градуала (Graduale simplex), альбо іншая песня, якая адпавядае святому дзеянню, характару дня ці перыяду, тэкст якой ухвалены Канферэнцыяй Біскупаў.
Калі не выконваецца спеў на ўваход, то прамаўляецца антыфона, змешчаная ў Імшале. Яе могуць прамаўляць вернікі ці некаторыя з іх альбо лектар ці нават сам святар, які можа ўжыць яе ў якасці ўступнага настаўлення. Зазвычай тэма інтроіта з’яўляецца ключом да ўсёй Імшы дня.
У святы канкрэтных святых інтроіт фарміруецца такім чынам, каб ён падкрэсліваў нейкую асаблівую рысу ў жыцці святога. Таму, напрыклад, у выпадку св. Гераніма Эміліяні, які быў вядомы ва ўсім свеце сваім незвычайным спачуваннем у адносінах да пакінутых дзяцей, інтроіт бярэцца з Плачу Ераміі: “Выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада” (2:11).
Вітанне алтара і сабранага народа
Прыйшоўшы да прэзбітэрыя, святар, дыяканы і прыслугоўваючыя вітаюць алтар нізкім паклонам.
Затым як выраз пашаны святар і дыякан цалуюць сам алтар, а святар можа акадзіць крыж і алтар.
Пасля заканчэння спеву на ўваход святар, стоячы каля свайго месца, а разам з ім уся супольнасць робяць знак крыжа. Затым святар праз вітанне аб’яўляе сабранай супольнасці прысутнасць Пана. У гэтым вітанні і адказе народа выяўляецца таямніца сабранага Касцёла.
Пасля вітання святар альбо дыякан ці свецкі прыслугоўваючы можа некалькімі словамі ўвесці вернікаў у Імшу дня.
Чын пакаяння
Затым святар заклікае да чыну пакаяння, які пасля кароткага часу маўчання здзяйсняе ўся супольнасць у форме агульнай споведзі, а святар завяршае яе адпушчэннем грахоў. Але гэтае адпушчэнне не мае дзейснасці сакрамэнту пакаяння.
У нядзелі, асабліва ў велікодны перыяд, замест звычайнага чыну пакаяння часам можа адбывацца асвячэнне вады і акрапленне ёю на ўспамін хросту.
У актуальным рымскім імшале прадугледжана 3 формы акту пакаяння:
1) Confiteor…
Перапросім Бога за нашыя грахі, каб мы годна маглі скласці Найсвяцейшую Ахвяру.
Спавядаюся Богу ўсемагутнаму і вам, браты і сёстры, што зграшыў я вельмі думкаю, словам, учынкам і занядбаннем: мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна. Таму прашу Найсвяцейшую заўсёды Панну Марыю, усіх анёлаў і святых, і вас, браты і сёстры, памаліцца за мяне да Пана Бога нашага.
Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага. ℟. Амэн.
2)
Перапросім Бога за нашыя грахі, каб мы годна маглі скласці Найсвяцейшую Ахвяру.
Змілуйся над намі, Пане.
Бо зграшылі мы супраць Цябе. ℣.Акажы нам, Пане, Тваю міласэрнасць.
І дай нам Тваё збаўленне.
Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага. Амэн.
ІІІ)
Перапросім Бога за нашыя грахі, каб мы годна маглі скласці Найсвяцейшую Ахвяру.
Пане, Ты пасланы аздаравіць скрушаных сэрцам, змілуйся над намі. Пане, змілуйся над намі. . Хрыстэ, Ты прыйшоў пакліканых грэшнікаў, змілуйся над намі. ℟. Хрыстэ, змілуйся над намі. Пане, Ты сядзіш праваруч Айца, каб заступацца за нас, змілуйся над намі. Пане, змілуйся над намі.
Няхай змілуецца над намі Бог усемагутны і, адпусціўшы нам грахі, давядзе нас да жыцця вечнага. Амэн.
Пане, змілуйся над намі (Kyrie, eleison)
Пасля чыну пакаяння заўсёды пачынаецца Пане, змілуйся над намі, калі толькі гэтых словаў не было ўжо ў самім чыне пакаяння. Паколькі гэта спеў, у якім верныя заклікаюць Пана і просяць Ягонай міласэрнасці, выконваюць яго звычайна ўсе — гэта значыць у ім бярэ ўдзел народ, а таксама хор ці кантар.
Кожная акламацыя звычайна паўтараецца двойчы, аднак не выключаецца і большая колькасць паўтораў з увагі на характар розных моваў а таксама музыку ці іншыя абставіны. Калі Пане, змілуйся над намі спяваецца як частка чыну пакаяння, перад асобнымі акламацыямі ўстаўляецца «троп».
Хвала на вышынях
Хвала на вышынях — гэта найстаражытнейшы і вельмі шанаваны гімн, якім Касцёл, сабраны ў Духу Святым, праслаўляе і моліць Бога Айца і Ягнё. Тэкст гэтага гімну нельга замяняць іншым. Пачынае яго святар, альбо, калі гэта мэтазгодна, кантар ці хор, а спяваюць яго ці ўсе разам, ці народ папераменна з хорам альбо толькі сам хор. Калі гімн не спяваецца, яго прамаўляюць усе разам альбо два хоры, якія адказваюць папераменна адзін аднаму.
Спяваецца альбо прамаўляецца ён у нядзелі, за выключэннем перыяду Адвэнту і Вялікага посту, ва ўрачыстасці і святы, а таксама на асаблівых, больш урачыстых, цэлебрацыях.
Калекта
Затым святар запрашае народ да малітвы; усе разам са святаром нейкі момант захоўваюць маўчанне, каб усвядоміць, што стаяць перад Богам, і ў душы выказаць свае просьбы. Пасля гэтага святар прамаўляе малітву, якую прынята называць «калектай» і ў якой выяўляецца характар цэлебрацыі. Згодна са старажытнай традыцыяй Касцёла, гэтая малітва звычайна скіроўваецца да Бога Айца праз Хрыста ў Духу Святым і завяршаецца трынітарнай, г.зн. даўжэйшай, канцоўкаю, такім чынам:
— калі яна скіраваная да Айца: Праз Пана нашага, Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Айца, але ў канцы яе ўспамінаецца Сын: Які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя;
— калі скіраваная да Сына: Які жывеш і валадарыш з Богам Айцом у еднасці Духа Святога, Бог, праз усе вякі вечныя.
Народ, далучаючыся да малення, праз акламацыю Амэн робіць гэтую малітву сваёй.
Дарагія радыёслухачы, у наступнaй сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!