
Гісторыя жыцця і мучаніцтва апосталаў, якія ўзгадваем ў Эўхарыстычнай малітве - катэхеза кс. Андрэя Кеўліча.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягнем нашыя разважанні над І эўхарыстычнай малітвай, альбо Рымскі канон.
Разважаем над ТРЭЦЯй МАЛІТВАй КАНОНА, “COMMUNICANTES”
Гучыць яна наступным чынам:
“У еднасці з усім Касцёлам найперш з пашанаю ўспамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны, святых апосталаў i мучанікаў Тваіх Пятра i Паўла, Андрэя, Якуба, Яна, Тамаша, Якуба, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Сымона i Тадэвуша, Ліна, Клета, Клімэнта, Сікста, Карнэлія, Кіпрыяна, Лаўрэнція, Хрызагона, Яна i Паўла, Косму i Дам'яна i ўсіх святых Тваіх. Праз ix заслугі i малітвы няхай ва ўсім ахоўвае нас Твая апека. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн”.
Як памятаем, у мінулых перадачах мы разважалі аб успаміне Маці Божай, св. Юзафе, Абранніку НПМ, а таксама Апосталах Пётру і Паўлу, якія з’яўляюцца заснавальнікамі і падмуркам Касцёла.
Св. Андрэй (30 лістапада). — Св. Андрэй быў братам св. Пятра, аднак ці быў ён старэйшым ці малодшым, Новы Запавет не згадвае. Калі дванаццаць апосталаў дзялілі паміж сабою месцы прапаведавання, св. Андрэю ў якасці плошчы яго працы вызначылі Скіфію. Ён дайшоў у Кападокію, Галатыю, Бітынію і тэрыторыю вакол Чорнага мора і скончыў свае дні, як і ягоны Боскі Настаўнік, памёршы на крыжы. Здарылася гэта, як кажуць найбольшыя аўтарытэты, у Патрах, горадзе ў Ахаі. У IV ст. частка ягоных рэліквій была перанесена св. Рэгулам у Шатландыю, з-за чаго ён лічыцца апекуном гэтай краіны. У геральдыцы гэты святы найчасцей выяўлены з крыжам у форме літары “Х”.
Св. Якуб (25 ліпеня). — Гэты святы апостал, шырока вядомы як Якуб Старэйшы (бо ён старэйшы за св. Якуба, якога называюць “братам Пана”), быў сынам Зэбедэя і Саламеі і братам св. Яна Евангеліста. Гэта быў той апостал, які разам са св. Пятром і св. Янам знаходзіўся пры Перамяненні Пана на гары Табор і ў Аліўным садзе пры Яго агоніі. Як сцвярджаюць Дзеі апосталаў (раздз. 14), Ірад Агрыпа “пачаў пераследаваць некаторых з Касцёла” і забіў Якуба мячом. Здарылася гэта каля 43 года. Цела апостала было спачатку пахавана ў Ерузалеме, але потым перанесена ў Іспанію, дзе, як мяркуецца, ён аднойчы прапаведаваў Евангелле, і складзена ў Ірыі Флавіі, сённяшнім Падроне, у межах Галісіі. Па загадзе караля Леона Альфонса Вялікага яно было перанесена ў Кампастэлу, дзе і да сённяшняга дня знаходзіцца ў мясцовай катэдры.
Св. Ян (27 снежня). — Гэты святы апостал і евангеліст у Новым Запавеце называецца вучнем, якога Пан любіў. Ён быў галілеянінам па нараджэнні. Згодна са старажытнай традыцыяй, ён прабываў у Ерузалеме да смерці нашай Благаслаўлёнай Дзевы, якая, як кажуць, адбылася каля 48 года, а затым пайшоў у Азію, дзе заснаваў сем касцёлаў, якія згадваюцца ў ягоным Апакаліпсісе. Аўтэнтычныя крыніцы сцвярджаюць, што ён памёр і быў пахаваны ў Эфесе, маючы каля ста гадоў. Паводле Палікрата, св. Ян заўсёды насіў на лбе залатую таблічку габрэйскага першасвятара з надпісам “Святыня Яхвэ”. Грэкі зазвычай называюць яго св. Янам Багасловам. З-за яго вялікай чысціні — а ён заўсёды жыў адзін — і з-за яго выключнай блізкасці з нашым Боскім Панам многія Усходнія Айцы лічылі, што ён быў узяты на неба душою і целам, як Энох і Ілля. Хоць ён памёр натуральнай смерцю, усе лічаць яго мучанікам, бо яго спрабавалі катаваць, кінуўшы па загадзе Даміцыяна ў кацёл з кіпячым алеем, з якога ён выйшаў некранутым.
Св. Тамаш (21 снежня). — Паводле агульнага меркавання, гэты апостал быў галілеянінам па нараджэнні. Калі апосталы дзялілі паміж сабою месцы прапаведавання, св. Тамашу выпала Парфія. Кажуць, што смерць напаткала яго ў Індыі, дзе браміны забілі яго кап’ём. Паколькі яго зазвычай называюць няверуючым (бо ён сказаў іншым апосталам, што не паверыць ва ўваскрасенне Пана, пакуль не ўбачыць Яго на свае вочы і не ўкладзе пальцы ў Ягоныя раны), кажуць, што яго свята было пастаўлена на самы кароткі дзень у годзе, каб нагадаць нам пра ягоную малую веру.
Св. Якуб (1 мая). — Другі апостал па імені Якуб — гэта той, каго называлі “братам Пана”, бо менавіта так габрэі зазвычай называлі стрыечных братоў. Таксама яго называюць Якубам Меншым, бо ён малодшы за іншага Якуба, а таксама Справядлівым з-за яго вялікай святасці. Ён быў сынам Алфея і Марыі (сястры Найсвяцейшай Дзевы). Лічыцца, што ён быў першым біскупам Ерузалема, куды яго прызначылі ў хуткім часе пасля Унебаўшэсця Пана. Кажуць, што ён, як і “ўзлюблены вучань”, заўсёды насіў залатую таблічку габрэйскага першасвятара як знак свайго прысвячэння Пану. Паводле Эгезіпа, якога цытуе св. Геранім, гэты апостал прыняў смерць, калі габрэі скінулі яго са сцяны Храма, а потым забілі ўдарам дубіны. Кажуць, што падабенства апостала Якуба да нашага Пана было такім вялікім, што іх цяжка было адрозніць, і нават Юдзе прыйшлося адмысловым жэстам паказаць, каго з іх трэба схапіць. “Каго я пацалую, той і ёсць, — сказаў ён, — схапіце Яго і вядзіце асцярожна” (Мк 14:44). Згодна з паданнем, св. Якуб сказаў, што не будзе есці нічога ад часу Апошняй вячэры да ўваскрасення Пана. Кажуць, што ў хуткім часе пасля ўваскрасення Пан з’явіўся яму і папрасіў ежы, кажучы яму: “Браце мой, еш свой хлеб, бо Сын Чалавечы ўваскрос з тых, што заснулі”. Паводле св. Грыгорыя Турскага, парэшткі гэтага святога застаюцца пахаванымі на Аліўнай гары ў грабніцы, якую ён сам сабе збудаваў. Ён з’яўляецца аўтарам каталіцкага паслання, якое названа ягоным імем і якое фанабэрысты ерэтык Лютэр называў “epistola straminea” — саламяным, нічога не вартым пасланнем, бо яно вельмі ясна казала, што вера без учынкаў мёртвая. Таму пратэстанты і адкінулі яго.
Св. Філіп (1 мая). — Св. Філіп нарадзіўся ў Бэтсайдзе і ў якасці месца працы атрымаў верхнюю Азію. Мучаніцтва ён пацярпеў у вельмі старым узросце ў Іерапалісе, у Фрыгіі. Адна з ягоных рук была перанесена ў 1204 годзе з Канстанцінопаля ў Фларэнцыю; астатняя частка яго цела захоўваецца ў касцёле св. Філіпа і Якуба ў Рыме.
Св. Барталамей (24 жніўня). — Найбольш аўтарытэтныя аўтары сцвярджаюць, што гэты апостал і Натанаэль — адна і тая ж асоба. Кажуць, што ён нарадзіўся ў Кане Галілейскай. Імя Барталамей паходзіць ад сірыйскага бар — сын і ўласнага імя Талмай . Што датычыцца абставінаў смерці гэтага святога, то тут аўтары не згаджаюцца паміж сабою, аднак усе падтрымліваюць версію, што ён памёр мучаніцкай смерцю, якая напаткала яго, па словах св. Грыгорыя Турскага, у Вялікай Арменіі. Кажуць, што адну з ягоных рук біскуп Бэнэвэнта даслаў св. Эдварду Англійскаму (Эдварду Вызнаўцы), які змясціў яе ў Кентэрберыйскай катэдры. У мастацтве апостала Барталамея зазвычай прадстаўляюць з нажом мясніка ў руцэ — меркаванай прыладай яго мучаніцкай смерці. На ўспамін пра гэта ў абацтве Кройлэнд калісьці існаваў дзіўны звычай дарыць такія ж нажы ў свята гэтага святога.
Св. Мацвей (21 верасня). — Згодна з агульным меркаваннем, св. Мацвей нарадзіўся ў Назарэце і працаваў мытнікам. Спачатку яго звалі Левіем, але ён перастаў ужываць гэтае імя, калі стаў апосталам. Месцам яго апостальскай працы называюць Эфіопію — не афрыканскую Эфіопію, а тую, што мае дачыненне да старажытнай Халдзеі. У Надабары — горадзе ў гэтым рэгіёне — ён, як лічыцца, і прыняў сваё мучаніцтва.
Св. Сымон (28 кастрычніка). — Каб адрозніваць гэтага апостала ад Князя апосталаў, якога звалі Сымонам Пятром, а таксама ад св. Сымона, брата Якуба Меншага, яго называюць Сымонам Кананейцам або Сымонам Зілотам. Св. Геранім кажа, што гэты апошні эпітэт з’яўляецца грэцкім эквівалентам габрэйскага “ханааніт” — старанны паслядоўнік. Т аму не трэба думаць, што гэты апостал паходзіў з Каны. Згодна з грэцкім меналогіем, гэты апостал пад завяршэнне сваёй дзейнасці дайшоў да Брытаніі, дзе і атрымаў вянок мучаніцтва.
Св. Тадэвуш (28 кастрычніка). — У Новым Запавеце гэты апостал вядомы пад трыма імёнамі: Юда, Тадэвуш і Лебей. Апошняе імя згадваецца ў грэцкім тэксце Евангелля ад св. Мацвея. Лічыцца, што ён змяніў сваё імя Юда на Тадэвуш, каб не мець таго самага імя са здраднікам Юдам Іскарыётам. Іншыя кажуць, што ён зрабіў гэта з павагі да страшнага імя Яхвэ, якога габрэі ніколі не прамаўлялі. Спачатку ён працаваў у Самарыі, затым у Сірыі і на ўсходніх землях. Кажуць, што ён прыняў мучаніцкую смерць у Персіі. Ён напісаў пасланне, якое таксама называецца каталіцкім, бо яно было адрасавана не канкрэтнай супольнасці, а ўсяму хрысціянскаму свету.
можна заўважыць, што пры пераліку апосталаў у малітве “Communicantes” не згадваюцца св. Марк і св. Лука. Гэта таму, што не вядома, ці былі яны мучанікамі.
Як зазначае а. Нікалас Гір у выданні “Ахвяра святой Імшы”, “На гэтым пералік апосталаў заканчваецца, каб святая лічба дванаццаць не была перакрочана. Бо нумар дванаццаць сімвалічна абазначае “ўніверсальнасць Хрыстовага Касцёла, які распаўсюджваецца на чатыры бакі свету, у адзінстве веры ў трыадзінага Бога. Таму святы горад Ерузалем, гэты вобраз Хрыстовага Касцёла ў яго завершанасці, мае чатыры сцяны, і ў кожнай тры брамы, а дванаццаць брамаў былі збудаваны на дванаццаці каштоўных пярлінах, якія насілі імёны дванаццаці апосталаў Баранка” (Ап 21). Апосталы не толькі пасеялі зерне Божага слова, яны таксама працавалі над яго ростам, паліваючы яго потам свайго ілба і прымушаючы яго даваць плады крывёю свайго сэрца. Збудаваныя і пакладзеныя на вуглавым камені Хрыста, апосталы сталіся падмуркам Касцёла, які завецца апостальскім.”
У наступнай перадачы мы працягнем разважанні над святымі, якія ўзгаваюцца ў 1 МЭ. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!