
Успамін Марыі, святога Юзафа і іншых святых у Эўхарыстычнай малітве - катэхеза кс. Андрэя Кеўліча.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягнем нашыя разважанні над І эўхарыстычнай малітвай, альбо Рымскі канон.
у першай малітве Канона святар моліцца за паўсюдны Касцёл у цэлым і за яго бачнага галаву на зямлі, Вярхоўнага Пантыфіка; затым за біскупа той дыяцэзіі, у якой ён служыць Імшу; і, нарэшце, за ўсіх, хто верна трымаецца каталіцкай веры. Пасля святар мае магчымасць узгадаць імёны тых жывых асобаў, за якіх хоча маліцца асаблівым чынам. Таксама святар просіць за ўсіх удзельнікаў літургіі.
Што ж адбываецца далей?
ТРЭЦЯЯ МАЛІТВА КАНОНА, “COMMUNICANTES” частка 1
Застаючыся на тым жа месцы і захоўваючы тую ж паставу цела, святар з разведзенымі рукамі прамаўляе трэцюю малітву Канона, якая гучыць наступным чынам: “У еднасці з усім Касцёлам найперш з пашанаю ўспамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста, а таксама святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны, святых апосталаў i мучанікаў Тваіх Пятра i Паўла, Андрэя, Якуба, Яна, Тамаша, Якуба, Філіпа, Барталамея, Мацвея, Сымона i Тадэвуша, Ліна, Клета, Клімэнта, Сікста, Карнэлія, Кіпрыяна, Лаўрэнція, Хрызагона, Яна i Паўла, Косму i Дам'яна i ўсіх святых Тваіх. Праз ix заслугі i малітвы няхай ва ўсім ахоўвае нас Твая апека. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн”.
Святыя, якія згадваюцца ў гэтай малітве. —
найперш з пашанаю ўспамінаем благаслаўлёную заўсёды Панну Марыю, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста, Годна гэта і справядліва, каб Найсвяцейшая Дзева, якая мае велічны тытул Каралевы святых і мучанікаў, адкрывала гэты святы пералік, у якім яна згадваецца як “благаслаўлёная заўсёды Панна Марыя, Маці Бога i Пана нашага Езуса Хрыста”. На Захадзе і Усходзе няма аніводнай літургіі, у якой не згадвалася б наша нябесная Каралева з яе выключнымі заслугамі. У літургіі св. Яна Хрызастома, а таксама ў літургіі св. Базыля і яе копцкай версіі пра Найсвяцейшую Дзеву кажуць: “Найсвятая, усячыстая, найблаславёная, слаўная Уладарка наша Багародзіца і заўсёды Дзева Марыя”.
Менавіта ў Марыі Касцёл атрымлівае найбольш дасканалы прыклад праслаўлення Бога і падзякі за Яго вялікія справы. Таму што без такой паставы ўдзячнасці немагчыма поўна ўдзельнічаць у таямніцы мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста.
Ян Павел ІІ у энцыкліцы ECCLESIA DE EUCHARISTIA зазначае наступнае: Калі мы хочам нанова адкрыць для сябе ўсё багацце абсалютнай сувязі Касцёла і Эўхарыстыі, мы не павінны забываць пра Марыю, Маці Касцёла. (…) Марыя вядзе нас да Найсвяцейшага Сакрамэнту, паколькі Яна звязаная з ім вельмі цесна. (…)
Эўхарыстыя - гэта таямніца веры, якая нашмат пераўзыходзіць наш розум і тым самым якая заклікае нас да больш дасканалага паглыблення ў Слова Божае, то ніхто, акрамя Марыі, не можа быць нам у гэтым падтрымкай і настаўнікам. Паўтараць жэст Хрыста падчас Апошняй Вячэры, выконваючы Яго загад "гэта чынице на Маю памяць!" - значыць, прыняць заклік Марыі слухацца Яго без ваганняў: "Што скажа Ён вам, тое зрабіце" (Ян 2,5). Марыя нібы кажа нам з Матчынай клопатам, як на вяселлі ў Кане: "Не сумняваючыся, даверцеся слову Майго Сына. Ён, які здолеў перамяніць ваду ў віно, здольны зрабіць хлеб і віно Сваім Целам і Сваёй Крывёю і даць, тым хто верыць, таямнічы і жывы ўспамін аб Сваёй Пасхі, стаўшы тым самым 'хлебам жыцця' ".
а таксама святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны,
адносна ўспаміну св. Юзафа ў эўхарыстычнай малітве Касцёл кажа наступнае: Св. Юзаф з Назарэта, прызначаны ў Божым плане збаўлення кіраўніком Сям'і Пана нашага Езуса Хрыста і які ажыццяўляў бацькоўскую апеку над Ім, выдатна выканаў дверанае заданне. Цесна звязаны з пачаткам таямніцы чалавечага збаўлення, ён таксама з'яўляецца прыкладам незвычайнай пакоры, якая ў хрысціянскай веры служыць для дасягнення высокіх мэтаў, і вобразам звычайных, чалавечых, простых цнотаў, неабходных, каб быць добрымі і сапраўднымі сведкамі Хрыста. Дзякуючы ім гэты справядлівы муж, які з любоўю клапаціўся пра Маці Божую і з радасцю прысвяціўся выхаванню Езуса Хрыста, стаў апекуном найдаражэйшых скарбаў Бога Айца і, карыстаючыся пастаянным пакланеннем Божага народа на працягу стагоддзяў, успамагаў містычнае цела Езуса, гэта значыць Касцёл.
8 снежня 1870 г. Папа Пій IX абвясціў св. Юзафа, заступнікам Паўсюднага Касцёла. 18 жніўня 1889 г. Леў XIII апублікаваў першую энцыкліку пра св. Юзэфа Quamquam pluries (аб набажэнстве да святога Юзафа). Папа Пій X зацвердзіў Літанію святога Юзафа для публічнага прамаўлення, а ў 1919 г. Бэнэдыкт XV дадаў асобную прэфацыю да св. Юзафа. Папа Ян XXIII увёў імя св. Юзафа да Рымскага Канона. 15 жніўня 1989 г. Ян Павел ІІ абвясціў апостальскую адгартацыю Redemptoris Custos пра св. Юзафа. Папа Францішак увёў імя св. Юзафа да другой, трэцяй і чацвёртай эўхарыстычнай малітвы адразу пасля імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Варта таксама ўзгадаць, што літургічнае свята св. Юзафа ўпершыню мы сустракаем ужо ў IV стагоддзі. у манастыры св. Сабы каля Іерусаліма. У заходнім хрысціянстве яно пачало прымацца павольна пасля VIII стагоддзя.
У рукапісе восьмага стагоддзя, знойдзеным у Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха, ёсць згадка пра ўспамін св. Юзафа, які адзначаўся 20 сакавіка. У мартыралогах X стагоддзя: Фульды, Ратысбона, Ставелата, Вердэна, Райхенава і Вероны згадваецца свята св. Юзафа 19 сакавіка.
у 1479 г. папа рымскі Сікст IV увёў яго ў рымскі брэвіярый і рымскім Імшал. У 17 стагоддзі Грыгорый XV распаўсюдзіў яго на ўвесь Касцёл.
У пачатку XIX стагоддзя кіраўнікі 43 рэлігійных ордэнаў афіцыйна прасілі Апостальскую Сталіцу аб стварэнні новага свята Апекі святога Юзафа над Хрыстовым Касцлам. У 1847 г. яно было ўстаноўлена Піем IX, святкавалася ў трэцюю нядзелю пасля Вялікадня, Пій X узвёў яго ў 1913 г. у ранг урачыстасці 1-га класа. Аднак у 1955 г. Пій XII адмяніў яго, каб ўвесці новае свята такога самага рангу, святога Юзафа Рамесніка 1 мая. У 1969 г. літургічная рэформа змяніла ранг гэтага свята на неабавязковы ўспамін.
Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі Redemptoris custos зазначыў: “Даверыўшы сябе апецы таго, каму Бог даручыў ахову самых каштоўных і найвялікшых скарбаў, мы вучымся ад яго служыць "эканоміі збаўлення". Няхай св. Юзаф стане для кожнага асаблівым настаўнікам удзелу ў месіянскай місіі Хрыста, у якой удзельнічаюць у Касцёле ўсе і ўсе: сужэнцы і бацькі, людзі, якія жывуць з працы сваіх рук, асоб пакліканых да кантэмпляцыйнага жыцця і да апостальства. Справядлівы муж, які насіў у сабе усю спадчыну Старога Запавету, адначасова быў ўнесены Богам у пачаткі Новага і Вечнага Запавету ў Езусе Хрысце.”
Таксама ў гэтай малітве атрымалі месца тыя святыя, якія з’яўляюцца мучанікамі. Аб іх мы пагаворым ў наступнай перадачы. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!