
Пра структуру, гісторыю і сэнс першай эўхарыстычнай малітвы расказвае кс. Андрей Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над літургічнай малітва, якая з’яўляецца вяршыняю ўсяго літургічнага дзеяння.
Сёння мы распачнём размову пра І Эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон.
паўстала ў IV-VI ст., развівалася на працягу стагоддзяў. Ад Сабору Трыдэнтскага да апошняй літургічнай рэформы (пасля ІІ Ватыканскага Сабору) была адзінай Эўхарыстычнай Малітвай ў рымскім абрадзе Каталіцкага Касцёла.
Была паддадзена рэдакцыі падчас апошняй літургічнай рэформы.
365. АУРІ адносна выбару эўхарыстычнай малітвы кажа наступнае:
Першую эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон, якую можна ўжываць заўсёды, больш пажадана прамаўляць у дні, для якіх прадпісаныя ўласныя малітвы У еднасці і Пане, ласкава прымі, а таксама на цэлебрацыях апосталаў і святых, якія ўзгадваюцца ў самой малітве; прамаўляецца гэтая малітва і ў нядзелі, калі толькі з пастырскіх меркаванняў не аддаецца перавага Трэцяй эўхарыстычнай малітве.
Святар з разведзенымі рукамі кажа:
Te ígitur, clementíssime Páter, per Iésum Chrístum, Fílium túum, Dóminum nóstrum, súpplices rogámus ac pétimus,
Міласцівы Ойча, пакорна просім i молім Цябе праз Езуса Хрыста, Сына Твайго, Пана нашага,
зводзіць рукі і працягвае:
uti accépta hábeas
каб прыняў
робіць знак крыжа над хлебам і келіхам, кажучы:
et benedícas † haec dóna, haec múnera, haec sáncta sacrifícia illibáta,
і благаславіў † гэтыя дары, гэтыя прынашэнні, гэтую святую i беззаганную ахвяру
Раней, да апошняй літургічнай рэформы, чытаючы першыя словы гэтай малітвы, святар нізка схіляўся і клаў рукі на алтар. Калі ж ён даходзіць да словаў “гэтыя дары, гэтыя прынашэнні, гэтую святую і беззаганную ахвяру”, ён выпростваецца і робіць тры знакі крыжа над ахвярай. Гэтыя крыжы вельмі яскрава нагадваюць нам, што мы набліжаемся да таго важнага моманту, калі Той, хто здзейсніў нашае збаўленне на крыжы Кальварыі, будзе прысутнічаць на нашым алтары. Літаральнае значэнне гэтых знакаў крыжа грунтуецца на вельмі старажытным звычаі, які ўсё яшчэ мае месца ў картузіянцаў: дзяліць гостыі, прызначаныя для Камуніі вернікаў, на дзве роўныя групы, кладучы іх з аднаго і другога боку ад вялікай гостыі. Калі хлеб быў раскладзены такім чынам, святар рабіў асобны знак крыжа над кожнай групай і над вялікай гостыяй у цэнтры, што агулам давала тры знакі крыжа. Хоць гэты звычай прыйшоў у заняпад у хуткім часе пасля яго ўвядзення, сцвярджаецца, што тры знакі крыжа захаваліся як памяць пра яго.
Як бачна са старажытных сакрамэнтарыяў, у мінулыя часы існавалі розныя варыянты ў тым, што датычылася колькасці знакаў крыжа. У Галіканскім Сакрамэнтарыі прадпісаны адзін знак крыжа. У Гелазіянскім Сакрамэнтарыі — ажно пяць, на успамін пра пяць ранаў. Практыка была настолькі рознай, што св. Баніфацый, апостал Германіі, пісаў Папу Захарыю (741–752), просячы парады ў гэтай справе. У адказе было сказана, што пра неабходнасць знаку крыжа ў тым ці іншым месцы будзе сказана ў самім Каноне. Паводле Ромсі, усюды, дзе робіцца толькі адзін знак крыжа, маецца на ўвазе еднасць боскасці; калі робіцца два знакі крыжа, гэта сімвал азначае дзве прыроды ў нашым Боскім Пану; тры знакі крыжа з’яўляюцца сімвалам Найсвяцейшай Тройцы, а пяць знакаў крыжа нагадваюць пра пяць ранаў (IV, с. 180).
і з разведзенымі рукамі працягвае:
in prímis, quae tíbi offérimus pro Ecclésia túa sáncta cathólica: quam pacificáre, custodíre, adunáre et régere dignéris tóto órbe terrárum: una cum fámulo túo Pápa nóstro N. et Antístite nóstro N. * et ómnibus orthodóxis atque cathólicae et apostólicae fídei cultóribus.
Складаем яе Табе найперш за Твой святы каталіцкі Касцёл: будзь ласкавы адорваць супакоем, ахоўваць, яднаць i кіраваць ім ва ўсім свеце разам ca слугой Тваім Папам нашым N. , біскупам нашым N. * i ўсімі, хто верна захоўвае i вызнае каталіцкую i апостальскую веру.
Як бачым, у першай малітве Канона святар моліцца за паўсюдны Касцёл у цэлым і за яго бачнага галаву на зямлі, Вярхоўнага Пантыфіка; затым за біскупа той дыяцэзіі, у якой ён служыць Імшу; і, нарэшце, за ўсіх, хто верна трымаецца каталіцкай веры.
149. Калі Імшу цэлебруе біскуп, то ў эўхарыстычных малітвах пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго. Калі ж біскуп цэлебруе па-за сваёй дыяцэзіяй, то пасля словаў: Папам нашым N. ён дадае: са мною, нягодным слугою Тваім, і братам маім N., біскупам гэтага касцёла N.; альбо пасля словаў: Папу нашага N. дадае: пра мяне, нягоднага слугу Твайго, і брата майго N., біскупа гэтага касцёла N.
Дыяцэзіяльнага біскупа альбо таго, хто прыроўнены да яго ў правах, належыць узгадваць такімі словамі: разам са слугою Тваім, Папам нашым N., біскупам (альбо: вікарыем, прэлатам, прэфектам, абатам) нашым N.
Можна назваць у эўхарыстычнай малітве дапаможных біскупаў (сoadiutor et аuxiliares), але не іншых біскупаў, прысутных выпадкова. Калі неабходна ўзгадаць некалькіх, то ўжываецца агульная формула: біскупам нашым N. і яго дапаможнымі біскупамі.
Раней ўспамін Папы суправаджаўся паклонам святара ў бок Імшалу з павагі да імя Намесніка Хрыста на зямлі.
Вельмі цікавым з’яўляецца выраз “et ómnibus orthodóxis atque cathólicae et apostólicae fídei cultóribus.” Перакладзены на беларускую мову наступным чынам: “ўсімі, хто верна захоўвае i вызнае каталіцкую i апостальскую веру.”
Паколькі ў канцы гэтай першай малітвы ёсць два выразы, якія азначаюць абсалютна адно і тое ж (ómnibus orthodóxis, atque cathólicæ et apostólicae fídei cultóribus”. — “(З) усімі, хто верна захоўвае i вызнае каталіцкую i апостальскую веру”. ), многія аўтары палічылі, што пад словам “orthodoxis” [той, хто захоўвае веру], маюцца на ўвазе ўсе тыя, хто знаходзіцца па-за бачнай касцёльнай еднасцю толькі з-за схізмы. Паводле такога меркавання, сюды ўваходзіла б цяперашняя Грэцкая Царква з яе адгалінаваннем, Рускай Царквой. Наўрад ці чытачу трэба нагадваць, што тая ці іншая Царква можа быць схізматычнай і ў той самы час не быць ерэтычнай. Гэтыя два станы не роўныя адзін аднаму і неабвязкова залежаць адзін ад аднаго. Ерэтык, як паказвае само паходжанне слова (αἵρεω), гэта той, хто лічыць сябе суддзёю і выбірае сваю веру, пакладаючыся на свой уласны аўтарытэт. Схізматык у сціслым значэнні гэта той, хто аддзяляе сябе (σχίζω) ад бачнай еднасці з Касцёлам, адмаўляючыся падпарадкоўвацца пэўнай дысцыпліне або ўладзе вярхоўнага пастыра. Вось жа, хоць Грэцкая Царква з некаторымі выключэннямі знаходзіцца ў схізме з IX ст., Святы Пасад ніколі фармальным актам не аб’яўляў яе ерэтычнай; а пакуль Святы Пасад не вынясе свайго суджэння на гэты конт і не аб’явіць яе ерэтычнай, ніводзін прыватны аўтарытэт не мае права рабіць гэтага. Таму некаторыя лічаць, што сэнс гэтай малітвы не панясе шкоды, калі прыняць, што слова “orthodoxis” адносіцца да схізматыкаў ці прынамсі ўключае іх у сябе, бо, як яны кажуць, чалавек можа быць прававерным (артадаксальным) і ў той жа час знаходзіцца не ў бачнай еднасці з Касцёлам. Галоўнае абвяржэнне такой інтэрпрэтацыі заключаецца ў тым, што Касцёл не мае звычаю дзяліць Найсвяцейшую ахвяру Імшы з тымі, хто свядома выключае сябе з еднасці з ім.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!