З якіх элементаў складаецца эўхарыстычная малітва, якія эўхарыстычныя малітвы існуюць у Касцёле - расказвае кс. Андрэй Кеўліч.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над структурай святой Імшы ў рымскім абрадзе.
Мы дайшлі да самай святой часткі ўсёй Імшы — святой з прычыны сваёй глыбокай старажытнасці, бо яна бярэ пачатак ад апостальскіх дзён, і двойчы святой, бо яна ўтрымлівае тыя святыя словы, якія прамовіў наш Боскі Збаўца на Апошняй вячэры і моцай якіх Ён перамяніў хлеб і віно ў свае Цела і Кроў.
Літургія, праз якую — асабліва ў боскай эўхарыстычнай Ахвяры — «здзяйсняецца справа нашага адкуплення», найбольш спрыяе таму, каб вернікі сваім жыццём выяўлялі і паказвалі іншым таямніцу Хрыста і сапраўдную сутнасць праўдзівага Касцёла. Ён адначасова чалавечы і боскі, бачны і адораны нябачнымі дабротамі, руплівы ў дзеянні і адданы кантэмпляцыі, прысутны ў свеце і ў той жа час пілігрымуючы. Гэтыя ўсе яго рысы ўладкаваныя так, што чалавечае падпарадкавана ў ім боскаму, бачнае — нябачнаму, а цяперашняе — будучаму гораду, якога шукаем. SC 2
Святары павінны пастаянна паглыбляць рэальны вобраз Касцёла, якога жывым праяўленнем з’яўляюцца літургічныя абрады, асабліва святая Імша. Без адпаведнай біблійнай культуры святары не змогуць паказаць верным значэння Літургіі як актуалізацыі – дзякуючы знакам – гісторыі збаўлення. Знаёмства гісторыі Літургіі прычыніцца да зразумення ўчыненых змен. Літургія патрабуе вялікай раўнавагі, бо без яе скажаецца сапраўднае аблічча хрысціянскай Літургіі. Святая Кангрэгацыя для Сакрамантаў і Божага Культу, інструкцыя "INAESTIMABILE DONUM" у справе некаторых нормаў, звязаных з культам Таямніцы Эўхарыстычнай п.27.
Эўхарыстычная малітва, гаворку аб якой распачынаем сёння, значэнне заслугоўвае адпаведнай увагі. Розныя эўхарыстычныя малітвы, якія змяшчаюцца ў Імшале, перададзены нам жывой традыцыяй Касцёла і адзначаюцца невычэрпным тэалагічным і духоўным багаццем. Вернікаў трэба вучыць цаніць іх. Агульныя ўводзіны да Рымскага Імшала нагадваюць нам асноўныя элементы кожнай эўхарыстычнай малітвы: падзяку, акламацыю, эпіклезу, апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыю, анамнэзу, ахвяраванне, малітву заступніцтва і заключную даксалогію146. Асаблівым чынам эўхарыстычная духоўнасць і тэалагічнае разважанне будуць асветлены спасціжэннем глыбокага адзінства ў анафары (эўхарыстычнай малітве) паміж заклікам Духа Святога і словамі ўстанаўлення147, у якім «здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры»148. «Касцёл просіць моц Духа Святога асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць»149.
Сінонімам слова “Эўхарыстычная малітва” з’яўляецца слова “канон”. Слова “канон” (ад грэцкага κανών) старажытныя аўтары выкарыстоўвалі ў розных значэннях. У першапачатковым значэнні яно апісвала правіла або прыладу для праверкі таго, ці роўная тая або іншая рэч. У другім значэнні гэтае слова розным чынам выкарыстоўвалі ў залежнасці ад сутнасці справы, захоўваючы аднак адпаведнасць яго першапачатковаму значэнню. У архітэктуры гэта была грунтвага або адвес; пры вымярэнні вагі ім называлі плячо шаляў; у храналогіі гэта была эпоха або эра; у музыцы гэта быў інструмент або музычная форма; а ў літаратуры гэтым словам апісваліся творы, якія адрозніваліся ад іншых сваёй элегантнасцю і высокім стылем. Гэтым словам называўся “Дарыфор” Паліклета, а таксама выбраныя працы многіх старажытнагрэцкіх аўтараў (Müller, Archäol d. Kunst, § 120, 4; Ruhnken, Hist. Crit. Orat. Graec.; Quintilian, Inst. Rhet., 10). У гэтым апошнім сэнсе Канон Імшы цалкам апраўдвае сваю назву, бо ўсе згаджаюцца, што гэта надзвычай дастойная праца, узор дасканаласці; з гэтай прычыны — хоць было і шмат іншых — раней яго запісвалі залатымі літарамі (Martène, De Antiquis Eccl. Rit., c. 34).
Галоўныя элементы, з якіх складаецца эўхарыстычная малітва, можна падзяліць наступным чынам:
а) Падзяка (якая асабліва выказваецца ў прэфацыі), у якой святар ад імя ўсяго народа святога ўслаўляе Бога Айца і дзякуе Яму за ўсю справу збаўлення альбо за нейкі яе асаблівы аспект у адпаведнасці з характарам дня, свята альбо перыяду.
б) Акламацыя, у якой уся супольнасць, яднаючыся з нябеснымі моцамі, спявае Святы. Гэтая акламацыя, якая з’яўляецца часткай самой эўхарыстычнай малітвы, прамаўляецца ўсім народам разам са святаром.
в) Эпіклеза, у якой праз асаблівыя заклікі Касцёл просіць моц Святога Духа асвяціць дары, прынесеныя людзьмі, каб яны сталі Целам і Крывёю Хрыста, і каб беззаганная ахвяра, прынятая на Камуніі, паслужыла збаўленню тых, хто будзе ў ёй удзельнічаць.
г) Апісанне ўстанаўлення і кансэкрацыя: праз словы і дзеянні Хрыста здзяйсняецца ахвяра, якую сам Хрыстус устанавіў на Апошняй Вячэры, калі склаў у ахвяру сваё Цела і Кроў у постацях хлеба і віна і даў іх есці і піць апосталам, наказаўшы ім заўсёды здзяйсняць гэтую таямніцу.
д) Анамнэза, у якой Касцёл, спаўняючы наказ, які атрымаў ад Хрыста Пана праз апосталаў, успамінае самога Хрыста, асабліва ўшаноўваючы Яго благаслаўлёную муку, хвалебнае змёртвыхпаўстанне і ўнебаўшэсце.
е) Ахвяраванне: Касцёл, спраўляючы гэты ўспамін, сабраўшыся тут і цяпер, складае Богу Айцу ў Духу Святым беззаганную ахвяру. Касцёл імкнецца да таго, каб вернікі не толькі складалі беззаганную ахвяру, але таксама вучыліся ахвяраваць сябе саміх і з кожным днём праз Хрыста ўсё шчыльней ядналіся з Богам і між сабою так, каб нарэшце Бог быў усім ва ўсіх.
ж) Малітвы заступніцтва, праз якія выражаецца тое, што Эўхарыстыя цэлебруецца ў лучнасці з усім Касцёлам — як нябесным, так і зямным — і што ахвяра складаецца за яго і за ўсіх яго членаў, жывых і памерлых, якія былі пакліканыя да ўдзелу ў адкупленні і збаўленні, здабытым праз Цела і Кроў Хрыста.
з) Заключная даксалогія, у якой здзяйсняецца ўслаўленне Бога, і якую народ пацвярджае і заканчвае акламацыяй Амэн.
Пры выбары эўхарыстычнай малітвы з тых, якія змешчаныя ў Парадку Імшы, мы павінны ктравацца наступнымі нормамі:
а) Першую эўхарыстычную малітву, альбо Рымскі канон, якую можна ўжываць заўсёды, больш пажадана прамаўляць у дні, для якіх прадпісаныя ўласныя малітвы У еднасці і Пане, ласкава прымі, а таксама на цэлебрацыях апосталаў і святых, якія ўзгадваюцца ў самой малітве; прамаўляецца гэтая малітва і ў нядзелі, калі толькі з пастырскіх меркаванняў не аддаецца перавага Трэцяй эўхарыстычнай малітве.
каментар: паўстала ў IV-VI ст., развівалася на працягу стагоддзяў. Ад Сабору Трыдэнтскага да апошняй літургічнай рэформы (пасля ІІ Ватыканскага Сабору) была адзінай Эўхарыстычнай Малітвай ў рымскім абрадзе Каталіцкага Касцёла. Была паддадзена рэдакцыі падчас літургічнай рэформы.
б) Другую эўхарыстычную малітву, з-за яе асаблівых рысаў, лепш браць у будні тыдня альбо ў асаблівых абставінах. Хоць яна і мае ўласную прэфацыю, але можна ўжываць яе і з іншымі прэфацыямі, асабліва з тымі, якія сцісла прадстаўляюць таямніцу збаўлення, напр., з агульнымі прэфацыямі. Калі Імша цэлебруецца за памерлага, можа ўжывацца спецыяльная формула, змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта перад Памятай таксама.
каментар: найбольш распаўсюджана ў практыцы. З’яўляецца найбольш простай адносна тэалагічнай глыбіні ў параўнанні з іншымі “галоўнымі” МЭ. Створана пасля ІІ Ватыканскага Сабора, знаходзяцца ў ёй матывы анафары св. Гіпаліта з ІІІ ст. каб у гэтым пераканацца, дастаткова параўнаць тэкст МЭ з тэкстам тзв. канону св. Гіпаліта Рымскага , асабліва адсутнасць Sanctus. Цікавымі з’яўляюцца разважанні адносна канону св. Гіпаліта нп. а. Юзафа Юнгмана, які кажа аб тым, што апісанне Гіпаліта нельга лічыць дакладным адлюстраваннем святой Імшы ў рымскім абрадзе ў ІІІ ст.
в) Трэцюю эўхарыстычную малітву можна прамаўляць з любой прэфацыяй. Ёй варта аддаваць перавагу ў нядзелі і ў святы. Калі ж гэтая малітва выкарыстоўваецца ў Імшах за памерлых, можна ўжываць спецыяльную формулу за памерлага, якая змешчаная ў адпаведным месцы, а менавіта пасля словаў: О добры Ойча, ласкава з’яднай з сабою ўсіх рассеяных па свеце дзяцей Тваіх.
каментар: створана пасля ІІ Ватыканскага Сабора, знаходзяцца ў ёй матывы анафары Яна Хрызастома. Акцэнт ставіцца на дзеянне Духа Святога у дзеях збаўлення, Яго прысутнасць і роля ў справаванай Эўхарыстыі.
г) Чацвёртая эўхарыстычная малітва мае нязменную прэфацыю і больш поўна апісвае гісторыю збаўлення. Можна ўжыць яе, калі Імша не мае ўласнай прэфацыі, і ў нядзелі звычайнага перыяду. З-за будовы гэтай малітвы ў яе нельга ўводзіць спецыяльную формулу за памерлага.
каментар: узорам для яе стала александрыйская анафара св. Васіля Вялікага, а таксама анафара св. Якуба (таму некаторыя называюць яе Экуменічным Канонам).
д) Эўхарыстычныя малітва ў розных патрэбах стварае адно цэлае са сваёй прэфацыяй.
каментар: малітва паўстала ў 1974г. у Швейцарыі з нагоды “Сіноду 72”. Тэма: “Касцёл у дарозе да адзінства”, “Бог кіруе сваім Касцёлам”, “Езус – наш шлях”, “Хрыстос – узор любові”
е) Малітвы аб таямніцы паяднання – можна прамаўляць у Імшах, якія асаблівым чынам паказваюць таямніцу паяднання (ВП, аб Святым Крыжу, аб паяднанні). Прамаўляюцца з уласнай прэфацыяй, альбо з прэфацыямі, на тэму пакуты і паяднання).
ж) Эўхарыстычныя малітвы у Імшах з удзелам дзяцей.
каментар: трэба кіравацца Дырэкторыяй аб Імшах з удзелам дзяцей. Тэкст вельмі просты, нават прымітыўны.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00