
"Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны" - тэкст гэтага хрысціянскага гімна разбірае кс. Андрэй Кеўліч.
Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
Працягваем нашыя разважанні над структурай святой Імшы ў рымскім абрадзе.
Калі памятаеце, падчас мінулай перадачы мы размаўлялі пра прэфацыю – малітву, у якой Касцёл дзякуе Богу, вызнае Яго любоў і праслаўляе Яго.
Хоць ёсць шмат на сённяшні дзень прэфацый, і сапраўды ёсць вялікі выбар у святара, нельга не ўспомніць аб тым што ўсе прэфацыі завяршаюцца наступнымі словамі:
Sanctus, Sanctus, Sanctus Dominus Deus Sabaoth.
Pleni sunt caeli et terra gloria tua.
Hosanna in excelsis.
Benedictus qui venit in nomine Domini.
Hosanna in excelsis
Святы, Святы, Святы, Пан Бог Усемагутны.
Неба і зямля поўныя хвалы Тваёй.
Гасанна на вышынях.
Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана.
Гасанна на вышынях.
Гэты гімн падкрэслівае велічнасць каталіцкай літургіі, якая ўдзельнічае у літургіі вечнага народу Божага; ён з’яўляецца як нібы дзвярыма, якія уводзяць нас у Святое Святых. Мы верым у тое, што ў гэтым моманце ачыняюцца Нябёсы, а Трыумфуючы Касцёл яднаецца з зямлёй у песні хвалы.
Тэкст акламацыі, якая на лацінскай мове называецца «Sanctus» (Святы), паходзіць з Бібліі. У ім можна выдзеліць дзве традыцыі — старазапаветную і новазапаветную. Каля 740 г. да нараджэння Хрыста ў ерузалемскай святыні прарок Ісая ўбачыў Бога, які сядзеў на троне ў акружэнні серафімаў, што спявалі гімн: Іс 6, 2-4:
² Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага з іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў. ³ І клікалі адзін аднаму і казалі: Святы, Святы, Святы Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
Падобна да гэтага св. апостал Ян, апісваючы нябесную літургію, убачаную ім у містычным аб’яўленні, успамінае пра няспынны спеў, які ён чуў з вуснаў анёлаў, што праслаўлялі Бога: Ап 4.
Кожная з чатырох жывых істот мела па шэсць крылаў, а вакол і ўсярэдзіне – яны поўныя вачэй. І не маюць яны спакою ні ўдзень, ні ўначы, кажучы: «Святы, святы, святы Пан Бог усемагутны, які быў, ёсць і прыходзіць!» 9Калі жывыя істоты аддадуць славу, пашану і падзяку таму, хто сядзіць на троне, хто жыве на векі вечныя, тады дваццаць чатыры старэйшыны ўпадуць перад тым, хто сядзіць на троне, і паклоняцца таму, хто жыве на векі вечныя, і кінуць вянкі свае перад тронам, кажучы: 11«Ты, Пане і наш Божа, годны прыняць славу і пашану, і сілу, бо Ты стварыў усё, і з Тваёй волі існавала і было створана»
У масарабскім абрадзе завяршэнне прэфацыі, г. зн. “Святы, святы, святы”, спяваюць як на лацінскай мове, так і на грэцкай.
У гэтай незвычайна прыгожай песні нябачныя старэнні Божыя прызнаюць адзіную святасць Бога і адаруюць Яго як Бога сусвету, Бога Усемагутнага. Патройнае Святы адносіцца да Найсвяцейшай Тройцы.
У другой частцы акламацыі «Сантус» выразна адчуваецца сувязь з воклічамі, якія жыхары Ерузалема ўзносілі падчас трыумфальнага ўезду Хрыста ў Ерузалем, вызнаючы веру ў Яго месіянскае пакліканне:
1Калі наблізіліся да Ерузалема і прыйшлі ў Бэтфагію да гары Аліўнай, тады Езус паслаў двух вучняў, 2 кажучы ім: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Там адразу знойдзеце прывязаную асліцу і асляня з ёю. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне. 3Калі вам хто скажа што-небудзь, адкажыце, што яны патрэбны Пану; і зараз жа адашле іх». 4 І сталася гэта, каб збылося сказанае прарокам:
5«Скажыце дачцэ Сіёна: вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы, на асляняці, сыне пад’ярэмнай».
6Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Езус. 7Прывялі асліцу і асляня і паклалі на іх свае плашчы, і Ён сеў на іх. 8 І мноства людзей расцілала свае плашчы на дарозе, іншыя ж зразалі галіны з дрэў і слалі на дарозе. 9А натоўпы, якія ішлі спераду і за Ім, усклікалі: «Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вышынях!» Мц 21,9
“Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана. Гасанна на вышынях.” – заклік да таго, каб удзельнікі літургіі не забыліся, што прыходзіць Пан на алтар, прыходзіць каб ўзнавіць у плёнах справу збаўлення, каб ізноў містычна цярпець жудасныя мукі і памерці за нас. Хрыстус — вяршыня Божага «ўмяшання», доўгачаканы Месія, той «благаслаўлёны, які прыходзіць, каб збавіць усіх людзей. Тое, што адбываецца на алтары, цалкам пераўзыходзіць нашу рэчаіснасць; гэта не ўдасца зразумець. I ў той жа час усё гэта адбываецца побач з намі.
Спяваючы “Святы …”, мы ўжо дакранаемся да неба, ужо ўдзельнічаем у нябеснай літургіі, ужо можам углядацца ў Хрыста. Няма прыгажэйшай малітвы, чым поўнае любові сузіранне, асабліва тады, калі падчас кансэкрацыі святар узносіць Гостыю і келіх высока ўгору.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем знаёмства з Літургіей, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!