фота з fb Аляксандра Бурдзялёва
Якія арганы ў Беларусі самыя-самыя? Дзе ў нашай краіне знаходзіцца парк, названы ў гонар арганіста? Ці шмат людзей наведваюць арганныя канцэрты? Гутарка з дзеячам беларускай арганнай культуры, матэматыкам, які даследуе арганы, грае на іх, рамантуе і проста атрымлівае асалоду ад таго, што яны ёсць, — Аляксандрам Бурдзялёвым.
Аляксандр, вы ўжо прызвычаіліся да гэтага наймення — «матэматык-арганіст»?
Ну, я не зусім арганіст, я займаюся вывучэннем арганаў. Я граў на арганах як аматар, а цяпер больш займаюся імі як механізмамі.
Усё ж матэматыка перамагае?
Так, матэматыка — мая асноўная прафесія.
А змаглі б сыграць сталыя часткі Імшы?
Я вучыўся пераважна акадэмічнай музыцы, а не касцёльнай, таму не з’яўляюся касцёльным арганістам. Мне толькі двойчы давялося іграць сталыя часткі Імшы, і ў мяне гэта атрымалася з цяжкасцю. Але ў мяне ёсць мара калі-небудзь навучыцца граць Імшу, бо час ад часу ўзнікае такая патрэба. Даводзіцца казаць, што не ўмею, сталыя часткі не развучыў.
Мне цікава, што паспрыяла таму, што матэматык вырашыў авалодаць ігрой на аргане?
Гэта было выпадкова. Мне стала цікава, што такое арган, я не мог зразумець, як ён зроблены, як на ім іграць. І тут натрапілася магчымасць: у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце ёсць арганны клас, і я туды пайшоў вучыцца як студэнт. Мяне прынялі, і першыя два гады я рабіў першыя крокі ігры на аргане. Да гэтага я займаўся музыкай, шмат часу граў на фартэпіяна — як правіла, акадэмічныя творы.
Яшчэ Аляксандр з’яўляецца аўтарам кнігі, дзякуючы якой я часта кажу гасцям нашай краіны, што Беларусь можна назваць арганнай сталіцай свету. Ці можам мы прэтэндаваць на гэты тытул?
Па-першае, я не аўтар кнігі, а лічуся яе складальнікам. Але 90—95% там — мае тэксты. А што тычыцца арганнай сталіцы свету, вы вельмі перабольшваеце. Ва ўсіх нашых суседзяў значна больш арганаў, чым у нас. Ва ўсіх краінах іх вывучаюць, складаюць каталогі. Акрамя Польшчы хіба: там каля 4 000 арганаў, іх немагчыма звесці ў адзін каталог. А так у Літве, Латвіі, Украіне і Расіі былі ўжо свае каталогі арганаў. У нас толькі 90 гістарычных арганаў, але столькі інструментаў адзін чалавек за сваё жыццё можа аглядзець. 4 000 арганаў немагчыма агледзець і адчуць за сваё жыццё, а тут для аднаго чалавека гэта выдатная лічба. Мне, можа, і шкада, што іх так мала засталося, але на маё жыццё іх хапае.
Ці ўсе беларускія арганы ўвайшлі ў вашую кнігу-даведнік?
На момант выдання кнігі — так, але ўжо пасля таго як кніга выйшла, былі адкрытыя арганы ў Лельчыцах і ў Магілёве. Іх тэхнічныя характарыстыкі былі невядомыя, таму ў кнізе яны фігуруюць толькі як кропкі на мапе. У кнізе ёсць мапа арганаў.
А што можаце цяпер дадаць наконт іх тэхнічных характарыстык?
Гэта арганы, якімі калісьці карысталіся. Яны былі перавезены ў Беларусь з тых прыходаў, дзе яны больш не патрэбныя.
Чытала, што вы зрабілі метадалогію для класіфікацыі самастойна, так?
Так. Мая метадалогія можа быць не прызнаная навуковай супольнасцю, бо, магчыма, іншы даследчык будзе разважаць іначай.
А што вы бралі за аснову?
Кнігі літоўскіх даследчыкаў, якія акрэслілі час пэўных арганабудаўнічых эпох: эпоху барока, эпоху рамантызму. Я спасылаюся на іх працу, калі адношу арганы да адной эпохі: барочныя, рамантычныя, сучасныя.
А ёсць у нас такія сучасныя арганы, якія праз сотню гадоў змогуць прэтэндаваць на выбітнасць, пра якія можна пісаць у энцыклапедыях і паказваць турыстам?
Ён, найхутчэй, будзе ўзорам самаробнай вытворчасці арганаў з матэрыялаў, якія для гэтага не прызначаныя. Арганныя трубы рабілі з металу кансервавых слоікаў, электронныя кантролеры ў Бабруйску — гэта старая АТС. Вось прыклад таго, як можна зрабіць арган, калі ў цябе нічога няма.
Арган — гэта інструмент, які можна сабраць з падручных сродкаў?
Так, але гук у ім не будзе вельмі якасным. Гэта будзе не той гук, які мы чакаем ад фабрычнага інструмента. Але ў 1990-я і 1980-я гады іншага выбару не было, людзі збіралі вось такія самаробныя арганы.
А што наконт катэдральнага аргана? Падчас Божага Нараджэння ксёндз-біскуп казаў, каб звярнулі ўвагу на зорачку, што ўпрыгожвае гэты арган. Яна ёсць толькі на мінскім катэдральным аргане ці дзесьці яшчэ?
З зорачкай ёсць арганы ў Пінску, у Рэплі і, здаецца, недзе яшчэ. Гэты механізм называецца цымбельштэрн: па-нямецку цымбель — званочак, а штэрн — зорачка. І калі арганіст націскае кнопку на кафедры, запітвае рычаг якім-небудзь чынам, там механізм б’е па званочках, а зорачка на аргане круціцца.
І гэта заўсёды ўсіх зачароўвае! У гэтым годзе нават сфатаграфавалі, калі ўсе людзі (гэта было ўжо пасля Імшы) павярнуліся і глядзелі з такімі зачараванымі тварамі!
Гэта сведчыць пра тое, што эпоха барока працуе і да нашых дзён. Бо такія механізмы ў аргане ў эпоху барока ствараліся, каб уразіць чалавека. Анёлы, якія рухаюцца, зорачка, якая круціцца, анёлы махаюць крыламі ці трубамі — вось тое, што ўзнікае ў эпоху барока ў каталіцкім касцёле.
А якія арганы ў нас самыя-самыя?
У Новым Двары ёсць унікальны арган, у якім анёлы рухаюць рукамі, а ў руках трымаюць званы. Гэты механізм цяпер не працуе, але анёлы засталіся, і калі падлучыць да іх рук пэўны механізм, то яны будуць рухаць рукамі. Сам арган ужо адрамантаваны і добра грае, але механізм не аднавілі. Гэта ўнікальны для Беларусі арган. У Літве, наколькі памятаю, чатыры такія арганы з рухомымі фігуркамі на праспекце.
Але самы выбітны арган — Будслаўскі. У яго вельмі багаты праспект, аздоблены двума анёламі. Таксама там ёсць зорачка цымбельштэрн (забыўся яго згадаць, калі пералічваў).
Вы сябруеце з экспертамі па арганах з іншых краін?
Эксперты з усіх нашых суседніх краін адгукнуліся, калі я звярнуўся па дапамогу. Яны далі мне вельмі каштоўныя матэрыялы, кансультавалі мяне. Адзін эксперт нават прыляцеў у Мінск на суткі, мы разбіралі з ім барочныя арганы Беларусі.
А рамантычныя?
А з экспертаў па рамантычных арганах ніхто не прылятаў. У эпоху рамантызму арганы сталі проста збіраць з запчастак. Набывалі стандартныя часткі аргана і збіралі ў адзін інструмент. Як ваш аўтамабіль: ягоныя колы зробленыя ў адным месцы, рухавік — у іншым. Так і ў арганабудаўніцтве напрыканцы ХІХ ст. Ужо ніхто не вырабляў асобна праспекты, кафедры, рэгістры. Іх проста замаўлялі і збіралі ў адзін інструмент.
А вось у эпоху барока майстры рабілі ўсё самі, арганы былі аўтарскімі інструментамі. Таму ў барочным арганабудаўніцтве эксперт мусіць адказваць на шмат пытанняў, у адрозненне ад эпохі беларускага рамантызму. У Беларусі стандартныя трубы, праспекты і кафедры, толькі ёсць невялікія адрозненні ў почырку майстра.
Вы можаце пазнаць майстра па почырку?
Пасля экспедыцыі ў мяне з’явілася некалькі гіпотэз, бо ёсць неатрыбутаваныя арганы. І я пішу ў кнізе, што гіпатэтычна ён належыць пэўнаму майстру, бо я бачыў ягоныя прыёмы ў іншых дакладна атрыбутаваных арганах.
Калі вы ездзілі ў экспедыцыі, вас заўсёды сустракаў чалавек, які мог пазнаёміць вас з арганам?
Большая частка арганаў не працуе, проста стаіць. Толькі ў некаторых месцах, у вёсцы Макараўцы, напрыклад, захаваўся кантракт на пабудову аргана. Ксёндз паказаў мне яго, адсканаваў і даслаў, дакумент нават ёсць у кнізе. А так сапраўды, звычайна не вядомы ні час пабудовы, ні нават стагоддзе, у якім быў пабудаваны арган.
Арганы якіх стагоддзяў ёсць у Беларусі?
Самы стары арган — у Гродзенскім францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай. Гэта арган 1750 года. І нам пашанцавала нават ведаць дакладна імя майстра, які яго зрабіў. Гэта Матэуш Краінскі, прускі майстар. Арган, тройчы перабудаваны, захаваўся да нашых дзён. У яго захаваліся ў аўтэнтычным выглядзе і дайшлі да нас праспект і некалькі соцен труб. У гістарычным арганным будаўніцтве ёсць дзве кульмінацыі: канец XVIII стагоддзя, калі адбыўся росквіт барочнага арганабудаўніцтва, і пачатак ХХ стагоддзя, калі быў выдадзены ўказ пра свабоду веравызнання і пачалося актыўнае будаўніцтва касцёлаў. Тады было пабудавана вельмі шмат арганаў.
Які арган самы каштоўны?
Самы каштоўны арган у Беларусі — будслаўскі. Гэта найбуйнейшы арган з усёй спадчыны ВКЛ, які застаўся нам з эпохі барока і захаваўся ў аўтэнтычым выглядзе. У ім больш за тысячу труб. Ягоны аўтар — знакаміты віленскі майстар Нікалаус Янсан.
А колькі труб мае самы вялікі арган у свеце?
400 ці 500 рэгістраў і дзесьці 30 000 труб.
Беларусь — краіна невялікіх арганаў, гістарычна ў нас будавалі маленькія арганы на 12 рэгістраў. Мой літоўскі калега жартуе, што ў Беларусі і Літве вялікія касцёлы, але маленькія арганы, а вось у Латвіі маленькія кірхі, але вялікія арганы.
Дзе знаходзіцца самы невялікі арган?
Ёсць невялічкі — гэта нават не арган, а пазітыў — у Ішкаладзі, самым старым мураваным касцёле Беларусі. Там два рэгістры. Гэта арган эстонскага майстра. Ён цяпер не працуе, але любы арган можна рэанімаваць.
Трэба разумець, што арган — гэта спалучэнне інструмента і памяшкання, дзе ён гучыць. І на мой погляд, найлепшы па гучанні арган у мінскім Катэдральным касцёле. Гэты арган з’яўляецца падарункам кангрэгацыі біскупаў Аўстрыі кардыналу Казміру Свёнтаку для Катэдральнага касцёла. Ён каштуе больш за мільён еўра. І гэта адзіны арган, які быў прафесійна пабудаваны для каталіцкага касцёла на працягу сучаснай гісторыі Беларусі. Прыехала фірма, абмерала памяшканне, вызначыла ягоныя акустычныя якасці і распрацавала гэты арган для касцёла. Бо, як вы разумееце, такія грошы цяжка знайсці касцёлу. Астатнія арганы альбо самаробныя, альбо перанесеныя, іх прадалі з нейкіх прыходаў Еўропы.
А як цяпер касцёлу атрымаць арган? Ці ёсць якая-небудзь арганізацыя, што дапамагае ў гэтым?
Не, грошы збірае альбо сама парафія, альбо спонсары. Я ведаю пра чатырох спонсараў, якія садзейнічалі аднаўленню арганаў. У Навагрудку гэта фірма «Дацьпол». У Мсціваве — гэта бізнэсовец, які валодае мэблевай фабрыкай. У Новым Двары — людзі, якія пажадалі застацца невядомымі, і Юрый Зісер, які фундуе адначасова некалькі рамонтаў арганаў у Беларусі, у тым ліку і Пінскі арган.
Пасля прыкладу Юрыя Зісера з’явіўся трэнд пайсці павучыцца на арганіста. А дзе гэта можна зрабіць?
У нашай кансерваторыі на факультэце перападрыхтоўкі адкрылі курс. Ён складаецца з 1000 акадэмічных гадзін, што па стандартах міністэрства адукацыі дазваляе надаць чалавеку кваліфікацыю. Адвучыўшыся два гады, можна атрымаць кваліфікацыю выканаўцы старажытнай музыкі на аргане, клавесіне, скрыпцы. Інструмент можна абіраць самастойна.
Што яшчэ можна знайсці ў вашай кнізе?
У ёй прыгожыя фотаздымкі. Я думаю, людзі яе набываюць у кнігарні, каб каму-небудзь падарыць.
Ад кожнага гістарычнага аргана можна атрымаць асалоду. Чым ён старэйшы, чым бліжэйшы да эпохі барока, тым ён больш унікальны. Кожны рэгістр гэтага аргана гучыць адметна. Ты атрымліваеш фізічную асалоду, калі камбінуеш гэтыя рэгістры, праслухоўваеш у розных дыяпазонах. Таксама я атрымліваю асалоду ад працы з арганам, калі бяру ў руку трубу, бачу яе матэрыял, бачу маркіроўку майстра, які прыгожым почыркам па метале занатаваў, да якога рэгістра належыць труба.
Як перадаць людзям гэтую любоў? Я ведаю, што вы з’яўляецеся суарганізатарам фестываляў арганнай музыкі. Ці ходзяць туды людзі?
Я ніколі не падумаў бы, што мне давядзецца займацца арганізацыяй фестываля. Я працаваў з пінскім арганам, па просьбе Юрыя Зісера выступаў навуковым кіраўніком аднаўлення інструмента. І адна мая знаёмая арганістка сказала: «А калі вы зробіце арган, можна, я прыеду і сыграю тут канцэрт бясплатна?» І тут я падумаў, што ёсць жа яшчэ арганісты, якія могуць прыехаць і зладзіць бясплатны канцэрт. Што калі нам зрабіць арганны фестываль?
Якраз у той год Пінск быў абвешчаны культурнай сталіцай Беларусі. Мы з пробашчам прыйшлі ў гарвыканкам, дзе нашую ідэю падтрымалі. Мы паабяцалі, што да адкрыцця арган будзе адрамантаваны. Гэта цяжка далося, але мы паспелі. Я запрасіў знаёмых арганістаў.
Увогуле фестывалі не праводзяцца на гістарычных арганах, а праводзяцца толькі на сучасных. Гэта быў першы фестываль у Беларусі на гістарычным аргане. З-за таго, што ў мяне не было досведу арганізацыі арганных фестываляў, я не ведаў, што арганны фестываль — гэта, як правіла, 6 ці 7 канцэртаў. А я напісаў адразу 29 канцэртаў цягам двух месяцаў! Было невядома, ці пойдзе публіка на 29 канцэртаў? Але ўсе канцэрты былі запатрабаваныя, касцёл быў заўсёды поўны! Канцэрты ішлі 9 тыдняў!
Калі фестываль перамясціць у іншае месца, як думаеце, будзе попыт? Ці ўсё ж справа ў пінчуках?
Я не ведаю. Але ў Пінску вельмі ўдалае спалучэнне: гэта раённы цэнтр, і там знаходзіцца вялікі гістарычны арган. У нас такія вялікія гістарычныя арганы амаль не захаваліся. Больш за яго толькі ў гродзенскай Катэдры. Але ён знаходзіцца ў неканцэртным стане і патрабуе вельмі грунтоўнага рамонту.
Давайце складзём слоўнічак арганных тэрмінаў, якія вы сёння выкарыстоўвалі.
Праспект — гэта тая частка аргана, якую мы бачым знізу, ягоны фасад, «твар». Праспект
аргана, як правіла, будуецца ў адным стылі з інтэр’ерам касцёла, уваходзіць у рытм
касцёльнага аздаблення.
Кафедра — гэта ігравы стол аргана, месца, дзе сядзіць арганіст.
Уяўляю сабе: Беларусь — арганная сталіца свету, і ў нас ёсць Арганны праспект.
Можа, калі і дачакаемся Арганнага праспекта. А пакуль ёсць у вёсцы Камаі парк імя
Браніслава Руткоўскага, арганіста. Браніслаў Руткоўскі нарадзіўся ў Камаях, там пачаў
іграць на аргане, а потым стаў рэктарам Кракаўскай акадэміі музыкі і заснаваў арганны
фестываль у Польшчы. А мясцовы ксёндз дамогся, каб сельскі выканкам перайменаваў
сквер насупраць касцёла ў парк імя Браніслава Руткоўскага.
Якія імёны беларускіх арганістаў варта ведаць кожнаму?
Нам усім трэба ведаць імя Уладзіміра Неўдаха — чалавека, які жыве побач з намі, у наш
час. Ён атрымаў некалькі адукацый у Аўстрыі і з’яўляецца вялікім спецыялістам па
барочнай музыцы. За 20 гадоў працы ў Беларусі ён зрабіў вельмі шмат праектаў, у тым
ліку арганных. Ён адзіны арганны педагог у Беларусі, які выкладае на ўзроўні вышэйшай
адукацыі. Сапраўды выбітны педагог і арганіст у мінскім Катэдральным касцёле!