"На круглым стале з точанымі ножкамі ляжала вопратка, перапэцканая фарбай. Каля сцен стаялі бутэлькі розных памераў і з рознага шкла, слоікі, амаль усе колатыя, эмаліраваная міса, начоўкі, паедзеныя ржой, шкапчык, крэсла без спінкі,
паламаныя скрыні і шмат іншых вялікіх і дробных рэчаў.
— Як шмат збіраецца непатрэбных рэчаў, а іх трымаюць няведама на што,— сказаў Арсень і паправіў рамы, што віселі на плячы.
— Асабліва не захоўваюць. Рэчы існуюць, і іх не заўважаюць, калі людзі пераязджаюць — рэчы робяцца бачнымі, а многія непатрэбнымі ў новай кватэры".