
Яўгенія Пфляўбаўм - інтэлігентная, тонкая, далікатная паэтка. Яна прайшла праз цяжкія гады ліхалецця, здолела захаваць арыстакратызм і пакінула значны след у беларускай літаратуры.
Але ад выдання яе першых вершаў да выхаду другога зборніка прайшло больш за 50 гадоў... Пра паэтку, жонку паэта Максіма Лужаніна распавядаецца ў артыкуле Юліі Амосавай.
Мова
І зноў пішу. З якога краю,
Якім цыклонам наўздагон
Імкнеш ты, слова, і караеш
За свой няспраўджаны прыгон.
Ды як бы мне былося раптам
Бяз шолаху тваіх пуцін,
Бяз пушчы звонкай рыфмай трапнай,
Без летуценных брыганцін?
Гучы, крычы, ня моўкні, слова!
Як толькі ўсочыш думкі сьлед,
Гучы, як песьня, як замова,
Сьвятая матчыная мова,
Зіхлівых гукаў самацьвет.
* * *
«Пагавары са мною, мама…»
якая песьня ў дзетвары!
Яны яшчэ ня чуюць драмы,
Яшчэ ў іх сэрца не гарыць.
Яшчэ дзіця у абароне,
Ва ўладзе песеннай красы,
А сьвет жанчыны – сьвет бяссоньня,
Трывожны сьвет і галасы.
«Пагавары са мною, мама!..»
Так важка падае сьляза,
Нашто я вымкнула за браму
Цераз юнацтва беразак.
Лес за руку адводзіў к дому,
Пад матчын дых,
Пад матчын сьпеў,
А шары воблак перад громам
Маланкаю ўжо зіхацеў.
«Пагавары са мною, мама!..»
Адна ты ўмееш гаварыць
З такой пяшчотай, так рахмана,
Што можаш лёс з жыцьцём зьмірыць.
* * *
Мая краіна – дзе ты ёсьць,
Была, мінулася, сатлела…
У доме сёньняшнім я госьць,
А там была півоняй белай.
На гнуткім веснавым сьцябле
Маё ўсьміхалася юнацтва,
На донкіхотавым крыле
Раскручваў млын маё дзяцінства.