23 лютага 09:50 / 20:50

У пятніцу ў нашай студыі адбылося вельмі цікавае знаёмства. Да нас завітаў бард Віктар Шалкевіч. Размова атрымалася вельмі цёплай і шчырай.
Разам з музыкам мы здзейснілі невялікае падарожжа ў мінулае, завіталі ў вёску Поразава, дзе ён нарадзіўся і вырас. Паслухалі цікавыя касцёльныя гісторыі таго часу, а таксама даведаліся аб тым, што некаторыя людзі раілі Віктару «ісці на ксяндза». Пачулі гісторыю стварэння спеву «Яна - праваслаўная, я - каталік».
Запыталіся таксама і пра творчую дзейнасць: адкуль бяруцца тэмы спеваў і што рабіць, каб было натхненне. Паразмаўлялі пра апошні альбом і юбілейны канцэрт барда і паслухалі некалькі спеваў. Усё гэта, і нават больш - у праграме «Госці ў студыі».
У папярэднім анонсе мы заахвочвалі дасылаць пытанні нашаму госцю. Радыёслухачы праявілі цікавасць да асобы музыкі і мы атрымалі вельмі цікавыя і разнастайныя прапановы. Спадар Віктар праглядзеў усе дасланыя пытанні. Памятныя прызы - дыскі з аўтографам барда - атрымалі Ілля Фаляжынскі, Ганна Загідуліна, Аляксандр Якаўлеў, Алеся Давідовіч і Марыя (прозвішча невядома). Шчыра віншуем пераможцаў!
Запіс праграмы «Госці ў студыі» выйдзе ўжо ў гэту суботу, 23 лютага ў 09:50 і ў 20:50



