9-10 студзеня / 16.00

фота: сredo.pro

Як вам здаецца, ці існуе такое месца на зямлі, дзе прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій сустракаліся б з самымі мірнымі і добрымі мэтамі, з цікавасцю і павагаю адзін да аднаго?

Уявіце сабе, такое месца супакою і згоды сапраўды існуе і знаходзіцца яно ў Францыі, а менавіта - у Бургундыі. Мы б хацелі Вам расказаць пра людзей з гэтай мясцовасці, якія стварылі супольнасць Тэзэ, што аб'ядноўвае прадстаўнікоў самых розных хрысціянскіх канфесій.
На жаль многія з нас нават ніколі не чулі пра гэтую супольнасць, а на сённяшні дзень яна даволі вялікая – каля ста братоў-прадстаўнікоў больш чым трыццаці нацыянальнасцяў, а на сустрэчы, якія арганізоўвае супольнасць, збіраецца па некалькі дзясяткаў тысяч чалавек!

Браты супольнасці жывуць выключна з уласнай працы. Яны не прымаюць грашовых ахвяраванняў.
Некаторыя браты жывуць у трушчобах у найбольш бедных краінах свету (Афрыка, Паўднёва-ўсходняя Азія і Лацінская Амерыка), каб там быць сведкамі міру, падтрымліваць тых, хто пакутуе. Таксама ёсць невялікія супольнасці ў Індыі, Бангладэш, Кеніі, Бразіліі.

Супольнасць аказвае гуманітарную дапамогу бежанцам на Блізкім Усходзе, а ў апошнія гады падтрымлівае таксама і бежанцаў у краінах Еўропы. Актыўная дзейнасць вядзецца і ў кірунку фінансавай дапамогі медыцынскім установам (напрыклад, у Конга, Камбоджы, Кубе). Асаблівая ўвага надаецца падтрымцы дзяцей з мэтаю забяспечыць іх дастатковым харчаваннем, адзеннем, а таксама даць магчымасць для адукацыі – гэта праекты ў Гаіці і Бангладэш. Між іншым, тры гады назад супольнасць арганізавала канікулы для дзяцей з усходняй Украіны, якія страцілі бацькоў падчас ваенных дзеянняў.

фота: moyaeuropa.com.ua

Але, мабыць, адным з самых вядомых кірункаў дзейнасці супольнасці Тэзэ з’яўляецца правядзенне сустрэчаў для моладзі. Усё пачалося яшчэ ў 60-х гадах, калі мястэчка Тэзэ пачалі наведваць маладыя людзі, якія шукалі Бога, спрабавалі знайсці сэнс у сваім жыцці. Таму ў гэты час вакол супольнасці натуральным чынам стварыўся своеасаблівы моладзевы лагер, які паступова набываў міжнародную вядомасць. Так, з цягам часу Тэзэ пераўтварылася ў месца паломніцтва моладзі.

Акрамя сустрэч у лагеры, непасрэдна ў мястэчку Тэзэ, на працягу ўжо апошніх трыццаці гадоў напрыканцы кожнага года звычайна ў адным з буйных еўрапейскіх гарадоў (ці то Жэнева, Брусель, ці Ратэрдам) адбываюцца цудоўныя масавыя моладзевыя сустрэчы вядомыя як Калядныя.

Еўрапейскія сустрэчы разлічаны ў першую чаргу на моладзь 17-35 гадоў. Прымаюць удзельнікаў сустрэчы жыхары горада і наваколля. Частка ўдзельнікаў сустрэчы можа жыць у месцах калектыўнага рассялення (напрыклад, у парафіяльных памяшканнях, школах або спартыўных залах, таму кожны павінен прывезці з сабой турыстычны дыванок-плеўку і спальнік. Для маладых людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі загадзя шукаюць падыходзячае месца размяшчэння.


фота: Віктар Муліца

Звычайна, напачатку праграма сустрэчы ўключае знаёмства з прымаючай парафіяй і сям’ёй, супольную вячэрнюю малітву ў нейкім вялікім спецыяльна прыгатаванным памяшканні (напрыклад, гэта можа быць  заля нейкага выставачнага комплексу).
Далей, напрацягу ўсіх дзен сустрэчы, адбываюцца малітвы ў парафіях ці ў храмах у цэнтры горада, працы па невялікіх групах ці семінары, прысвечаныя пытанням веры, унутранага жыцця, сацыяльным праблемам, таксама сустрэчы з людзьмі, злучанымі з мясцовай парафіяльнай супольнасцю, ці рэгіянальныя сустрэчы.

Зусім нядаўна скончылася менавіта такая Калядная сустрэча. Яна адбывалася з 28 снежня 2018 г. па 1 студзеня 2019 г. у Мадрыдзе. Колькасць удзельнікаў склала амаль 15 тысяч хрысціянаў. Святы Айцец у сваім пасланні да ўдзельнікаў адзначыў, што галоўнае – гэта навучыцца прымаць адрозненні паміж людзьмі і ўзаемна ўзбагачаць адно аднаго праз гэта, таксама важна распачаць практыку гасціннасці і міласэрнасці, дзяліцца сваім штодзённым жыццём з тымі, хто побач і каго мы любім. Гэта адзіны шлях да еднасці.

Плануецца, што наступная 42(!) Еўрапейская сустрэча супольнасці Тэзэ адбудзецца з 28 снежня 2019 года па 1 студзеня 2020 года ва Уроцлаве. Трэба адзначыць, што ў гэтым горадзе адбудзецца ўжо трэцяя сустрэча супольнасці Тэзэ, а ў Польшчы ўвогуле іх прайшло пяць – яшчэ сустрэчы былі ў Варшаве і Познані. Арганізатары вельмі спадзяюцца, што сустрэча ў снежні 2019 года дапаможа ўмацаваць узаемапаразуменне і павагу сярод народаў Еўропы ў такой складанай сітуаціі, якая існуе цяпер.

Шмат розных выказванняў можна пачуць адносна гэтай супольнасці, але, мне здаецца, ніхто не будзе спрачацца з галоўным — тая ідэя, якой яна кіруюцца, ідэя аб’яднання ўсіх хрысціянаў свету, сапраўды заслугоўвае захаплення і павагі, а вобраз жыцця братоў Тэзэ можа стаць і для кожнага з нас прыкладам талерантнасці і любові да ўсіх людзей, якія побач з намі.

Дар'я Новікава

На працягу двух дзён мы будзем знаёміць вас з гісторыяй ўзнікнення і развіцця супольнасці Тэзэ, іх дзейнасцю, паслухаем спевы еднасці і міру, і канешне ж паразмаўляем з удзельнікамі міжнародных сустрэчаў. Запытаемся ў іх пра тое, чаму і навошта ездзіць на такія мерапрыемствы і якія плёны яны атрымалі. І пастараемся развеяць міф пра тое, што еўрапейскія сустрэчы Тэзэ - гэта проста яшчэ адна магчымасць з'ездзіць у Еўропу і добра правесці час.

9 студзеня ў 16.00  наша знаёмства з супольнасцю Тэзэ распачне Дар'я Новікава, а 10 студзеня ў 16.00 Вас чакае размова з удзельнікамі сёлетняй сустрэчы ў Мадрыдзе. Запрашаем!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Даўмана 13Б
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00