па буднях / 10.10

Распачынаем дзень з Марыяй.

Некалькі выпускаў праграмы «Прачнулася Беларусь» будуць прысвечаны гісторыі цудатворнага абраза Панны Марыі, што знаходзіўся ў Бялынічах — мястэчку, якое называлі «беларускай Чэнстаховай».

Мы даведаемся пра гісторыю самога мястэчка Бялынічы, будзем разам углядацца ў цудоўны вобраз Маці Божай з Бялынічаў, а таксама падчас адной з праграм пагутарым з арганізатарам сёлетняй пешай пілігрымкі Магілёў-Бялынічы.

Выпускі выходзяць кожную раніцу ў 10:10.

Чаму ж менавіта Бялынічы?

З багатай гісторыі марыйнай пабожнасці нашай зямлі мы ведаем тое, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі першым цудадзейным абразом Маці Божай, укаранаваным папскімі каронамі 19 верасня 1730 года, лічыцца абраз Божай Маці Жыровіцкай, які шануюць не толькі католікі і праваслаўныя Беларусі, але і вернікі ў Рыме. Наступным за ім 20 верасня 1761 года быў каранаваны абраз Маці Божай у Бялынічах.

Паводле гістарычных звестак, з 1863 года ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, якое адзначаецца 8 верасня, у Бялынічах праводзіўся фэст і збіралася вялікая колькасць пілігрымаў. А затым, з 9 да 11 верасня, на працягу трох дзён праводзілася так званае саракагадзіннае набажэнства, на якое да Маці Божай таксама прыбывала шматлікая колькасць пілігрымаў з розных куткоў нашай Бацькаўшчыны. З гэтай прычыны, беручы пад увагу шматлікія просьбы пілігрымаў і мясцовых вернікаў, разам з духавенствам Магілёўшчыны мы вырашылі, што цяпер пілігрымка ў Бялынічы будзе адбывацца штогод. Фэст будзе праводзіцца ў нядзелю, якая прыпадае найбліжэй да 8 верасня, галоўнае набажэнства — а 15-й гадзіне, а літургічны ўспамін Маці Божай Бялыніцкай — пасля атрымання згоды з Апостальскай Сталіцы — будзе адзначацца 20 верасня, у гадавіну каранацыі цудадзейнага абраза.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00