8 чэрвеня / 11.10
Часам нават веруючым людзям нялёгка закранаць пытанні, звязаныя са старэннем чалавека, з цяжкімі захворваннямі, са смерцю. Не кожны ведае, як аб гэтым казаць, як паводзіць сябе з цяжка хворым чалавекам, як кантактаваць з паміраючымі і суцяшаць таго, хто перажывае гора.
"Працуючы ў хоспісе і кантактуючы кожны дзень з нашымі пацыентамі, мы захапляемся іхняй мужнасцю і мудрасцю, уменнем па-сапраўднаму любіць і сябраваць, суперажываць і дзякаваць, давяраць Богу і падтрымліваць іншых. Нашыя пацыенты ўмеюць радавацца і жартаваць, а таксама вырашаць і сур’ёзныя жыццёвыя пытанні. Мы шмат чаму вучымся ў іх і ўдзячныя ім за праведзены разам час", - зазначаюць госці нашай праграмы.
У прамым эфіры Радыё Марыя супрацоўнікі Хоспісу для дарослых, псіхолагі Марына Баброўская і Таццяна Зубарава, якія падзеляцца сваім вопытам, распавядуць пра працу ў хоспісе, а таксама адкажуць на хвалюючыя пытанні і паспрабуюць дапамагчы тым, хто апынуўся ў падобнай сітуацыі. Тэма праграмы "Асаблівасьці камунікаваньня з цяжка хворымі і паміраючымі людзьмі".
Запрашаем далучыцца 8 чэрвеня ў 11.10. Паўтор праграмы ў 21.10
Даведка:
Хоспіс для дарослых у Мінску – гэта бюджэтная ўстанова, якая падпарадкоўваецца Міністэрству аховы здароўя РБ.
Мінскі Хоспіс складаецца з 2-х аддзяленняў:
1. Бальніца паліатыўнага догляду, вул. Стаханаўская-19. Бальніца разлічана на 28 пацыентаў з апошняй стадыяй анкалогіі. Пацыентам аказваецца дапамога на бясплатнай аснове. Узрост пацыентаў - ад 18 гадоў.
2. Аддзяленне сястрынскага догляду, вул.Чырвонаармейская - 16А. Аддзяленне разлічана на 60 пацыентаў. Пацыентам аказваецца дапамога на платнай аснове - 80% ад пенсіі па інваліднасці або па ўзросту. Большасць пацыентаў аддзялення - людзі сталага веку з хваробай Альцгеймера, дэменцыяй, энцэфалапатыяй, постінсультнымі станамі.
(Таксама ў Менску ёсць хоспіс ад 11-й бальніцы, вул. Аўтадораўская 3А)
У Аддзяленні сястрынскага догляду хоспіса працуюць 2 псыхолягі:
Марына Баброўская, 52 гады, хрысціянскі псіхоляаг (псіхалогія, заснаваная на духоўнасці святога Францішка з Асыжу). Працуе ў хоспісе 4 гады (3 гады - у Бальніцы паліатыўнага догляду, 1 год – у Аддзяленні сястрынскага догляду).
Таццяна Зубарава, 32 гады, экзістэнцыяльны пcіхолаг. Працуе ў Аддзяленні сястрынскага догляду 3 гады.
Фотаздымак Марыны Баброўскай