11 сакавіка

"Як жанчыне выхаваць з сына сапраўднага мужчыну, а мужчыне дапамагчы стаць сваёй дачцы сапраўднай жанчынай?" Гэтым разам у праграме "Бацькі і дзеці. Шлях да паразумення" мы закранулі тэму выхавання дзяцей самотнымі бацькамі, асабліва пра адносіны і камунікацыю паміж маці і сынам, а таксама бацькі і дачкі.
"Бацька ў жыцці сваёй дачкі - першы мужчына, які павінен звярнуць увагу і дадаць значнасці "жаноцкасці" дзяўчынкі" - кажа спадарыня Наталля. - "Менавіта бацька разрывае цесную сувязь дзіця, як дачкі, так і сына, з маці. Бацька быццам адкрывае свет для дзіця, паказвае, наколькі ён вялікі і цікавы, поўны прыгоды і, часам, небяспекі, чаго нельга зразумець у межах "мацярынскага камфорту". Асабліва для дзяўчыны бацька павінен стаць тым прыкладам, паказаць мадэль "рыцара-мужчыны", якая пасля адыграе значную ролю ў адносінах з супрацьлеглым полам ягонай дачкі. Калі тата віншуе маму з нейкім святам і, напрыклад, дорыць маме кветкі, прыгожа было б падарыць кветку і дачцы. Альбо запрасіць сваю дачку на танец, калі прыпадае такая магчымасць. Але негледзячы на гэты цудоўны бок выхавання дзяўчынкі мужчынам, варта адзначыць і ролю жанчыны ў гэтым выхаванні. Калі бацька выхоўвае дачку адзін, то яму трэба дапамагчы знайсці ў асяроддзі сваім і сваёй дачкі жанчыну, якая магла б стаць прыкладам для дзяўчынкі. Напрыклад, гэта можа быць сястра бацькі, ці нават проста знаёмая. Галоўнае, каб гэты прыклад быў.
Што ж датычыць выхавання хлопца самотнай маці, тут падыход іншы. Мамы, не бойцеся даручаць свайму сыну штосьці, што можа здавацца цяжкім для яго з вашага пункту гледжання. Дайце яму магчымасць стаць для вас гэтым рыцарам, абаронцам, добрым памочнікам. Калі штосьці даручаеце, то давайце зрабіць гэта хлопцу да канца, завяршыць справу. Як і ў выхаванні дзяўчынкі самотным бацькам, так і ў выпадку выхавання хлопца маці, варта знайсці ў асяроддзі мужчыну, які б даваў добры прыклад для хлопца, які б праводзіў з ім час адзін на адзін. Варта яшчэ, каб маці, якая расчаравалася ў мужчынах, не казала пра гэта ўвесь час свайму дзіцяці. Бо калі яна будзе казаць, што ўсе мужчыны дрэнныя, здраднікі і г.д., яе сын будзе адчуваць сябе такім жа, а таксама будзе падсвядома ісці ў гэтым кірунку".
Працяг гутаркі з псіхолагам Наталляй Станкевіч слухайце ў эфіры 11 сакавіка ў 16.15