4 лютага 2018

Ксёндз Павел Рудзьман, душпастыр моладзі Пінскай дыяцэзіі і арганізатар фестываля хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў» у гасцях «Радыё Марыя». Мы пагутарылі з ксяндзом Паўлам пра фестываль, падрыхтоўку да яго, даведаліся пра мары і планы на будучыню. А таксама адказалі на пытанні нашых радыёслухачоў.

- Успомніце калі ласка, першы фестываль. Дзе і калі ён адбыўся? І як увогуле ўзнікла ідэя збіраць разам хрысціянскія гурты?

- Першы фестываль адбыўся ў Астраўцы, у 2012 годзе.
Я тады яшчэ служыў у Гродзенскай дыяцэзіі. Першы год гэта быў фестываль больш для сяброў. А ідэя нарадзілася падчас адной з малітваў. Перад гэтым я глядзеў канцэрт праслаўлення, які адбываўся ў Кіеве. І потым на малітве задаў сабе пытанне, чаму штосьці падобнае не зрабіць у Беларусі?

Ідэя фестываля - сабраць моладзь на малітву праслаўлення Пана. Першы фестываль налічваў каля 200 чалавек. Гэта было зусім мала, аднак я ніколі не зважаў на колькасць людзей, але на атмасферу фестываля.

- Калі гэта не сакрэт, колькі каштуе арганізацыя фестываля?

- Ёсць такі прыгожы сказ у Каталіцкім імшале: «Гэта вялікая таямніца нашай веры». Кожны, хто сутыкаўся з арганізацыяй мерапрыемстваў, ведае, колькі каштуе апаратура. Адзінае, што скажу, што ўсе ахвяраванні, якія мы збіраем падчас душпастырскіх візітаў у розныя парафіі, ідуць на фестываль. Таксама гэта дапамога іншых людзей з розных краінаў свету, якія лічаць фестываль «Дастукацца да нябёсаў» справай евангелізацыі, якая прыносіць плён. Бог так кіруе ў гэтай справе, што мы ніколі не наракалі, што нам чагосьці не хапае.

- Успомніце свой самы няўдалы вопыт у арганізацыі фестываля. Калі лічылі, быў сапраўдны правал.

- Кожны фестываль меў свае плюсы і свае мінусы. Часам самыя балючыя няўдачы пазней прыводзілі да развіцця. Я не скажу, што нейкі з фестываляў быў няўдалым. Былі фестывалі, дзе было больш нейкіх перашкодаў, а былі фестывалі з меншымі цяжкасцямі. Але ў мяне ніколі не было такога пачуцця, што мы робім штосьці не так. Розныя водгукі былі, розныя рэчы мы чулі на свой адрас. Калісьці я сустрэўся з такім меркаваннем, што мы робім гэта дзеля нейкай сваёй выгоды, для свайго аўтарытэту. Мы не маем за арганізацыю фестываля ні медалёў, ні чырвоных гузікаў. Гэта робіцца для моладзі. І калі супаставіць тое пытанне пра выдаткі на фестываль і нашыя магчымасці, то калі б мы гэта рабілі дзеля сваёй выгоды, то, напэўна, гэта быў бы фармат «драўлянай сцэны каля касцёла». Нам хочацца таксама, каб у Беларусі была якасная хрысціянская музыка.

- Па якіх крытэрыях вы выбіраеце ўдзельнікаў на фестываль?

- Мы тэлефануем камандам, якія ведаем. Дыялог заўсёды пачынаецца з таго, што мы хочам запрасіць паўдзельнічаць, а вы падумайце. Адкрыю таямніцу: на працягу 5-ці гадоў штогод мы пісалі кіеўскай камандзе «Hillsong», і нарэшце ў гэтым годзе атрымалі ад іх адказ. Яны згадзіліся прыехаць у наступным годзе на «Дастукацца да нябёсаў»!

- Каго б яшчэ вы хацелі пабачыць на фестывалі? Якую каманду запрасіць?

- Адзінае, каго б я хацеў бачыць на фестывалі – гэта Бога ў вачах гэтых людзей.
Гэта можа быць звычайны хлопец з вёскі, з вуліцы, які ведае тры акорды, але ад яго будзе ліцца паток гарачыні і любові. А можа быць прафесійны музыкант, на якога не адгукнецца ніхто.

- Што першаснае ў фестывалі: якасць ці колькасць?

- Мы перахварэлі колькасцю. Два гады назад у Будславе, калі мы прыйшлі з Брэста (ксёндз Павел з“яўляецца таксама і кіраўніком пілігрымкі Брэст (Баранавічы) – Будслаў). Для нас якасць замяніла колькасць. Бог нас часам «ламае». Калісьці для нас было важна, што менавіта мы прайшлі столькі, а на сённяшні дзень нам ужо важна, што хтосьці прыйшоў, акрамя нас. Штосьці падобнае і з фестывалем. Якасць не залежыць толькі ад нас. Гэта залежыць ад кожнага чалавека, які прыязджае і будзе аддаваць свой час і сілы на фестываль. Можа, не якасць і колькасць, але моц, духоўная моц стане самым большым крытэрыем...

- Фестываль называецца «Дастукацца да нябёсаў», а як дастукацца да сучаснай моладзі? Тры парады, калі ласка.

- Свой час, чалавечнасць, і трэцяя рэч - не столькі аўтарытэт, колькі адкрытасць на моладзь. Гэта ўсё звязана паміж
сабою.
Таму што казаць моладзі пра духоўнасць, не маючы чалавечнасці, не маючы для яе часу, будзе бессэнсоўным. А пазней ужо будуць ісці такія рэчы, як духоўнасць, Святое Пісанне і гэтак далей. Але першае гэта - час.

- У інтэрвью беларускай рэдакцыі «Ватыканскага радыё» вы кажаце: «У Беларусі мы не маем агульнай праграмы працы з моладдзю. Ёсць асобныя парафіі, дзе нехта штосьці арганізоўвае. Але калі паглядзець шырэй, то, акрамя катэхезы, сустрэчаў моладзі, пілігрымак, няма нічога. Няма базы, няма фундаменту». А што, на ваш погляд, павінна быць яшчэ?

- Чалавек ідзе наперад, развіваецца.Ужо ёсць у беларускім перакладзе Новы Запавет, ужо добра, гэта велізарны крок наперад. Гаворка ідзе не пра нейкі агульны распрацаваны план, бо вельмі шмат і так, на жаль, застаецца на паперках. Вельмі мала менавіта сістэматычнай працы. Калі прыглядзецца, то у той час, калі я сам быў моладдзю, гэта 1995-96 год, сустрэчы моладзі праходзілі ў тым самым фармаце, у якім яны праходзяць у 2018-м. Мы прыязджаем, рэгіструемся, ёсць падрыхтоўка да святой Імшы, святая Імша, канферэнцыя, Ружанец, Вяночак, сцэнка, гарбата, «да пабачэння». Мне здаецца, трэба змяніць падыход. Не баяцца змяніць падыход...

- А хто гэтым можа заняцца?

- Я думаю, што гэта павінен быць дыялог. Людзі павінны больш размаўляць паміж сабой. Ідэяў у кожнага можа быць шмат, у тым ліку і ў маладога пакалення. Чаму б не зрабіць апытанне ў інтэрнэце:
«Як бы вы хацелі, каб выглядалі моладзевыя сустрэчы?» Нас чакае сустрэча ў Гродна. Чаму б не задаць пытанне, напрыклад: «Каго вы хочаце бачыць на канферэнцыях?»

- І напрыканцы некалькі словаў для нашых радыёслухачоў.

- Не бойцеся рабіць добро.

Нагадаем, што VII фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў» адбудзецца 10 лютага ў Баранавічах па адрасе вул. Кірава, 62. Пачатак а 18.00
Таксама на Youtube-канале — Pavel Rudman будзе весціся прамая трансляцыя канцэрту.
Сачыць за навінамі можна з дапамогай хештэга #ddn18


Поўная версія размовы на Радыё Марыя ў нядзелю 4 лютага а 21 гадзіне.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625