Пра наступную літургічную кнігу рымскага абраду Каталіцкай Царквы распавядае кс. Андрэй Кеўліч.

Laudetur Jesus Christus! Вітаем Вас, паважаныя радыёслухачы, у рубрыцы Радыё Марыя “З клопатам аб літургіі”.
У мінулых перадачах мы распачалі знаёмства з тым, як паводле навучання Касцёла арганізуецца сакральная прастора. Сёння працягваем нашыя разважанні.
Лекцыянарый — літургічная кніга рымскага абраду Каталіцкай Царквы, уключае у сябе біблійныя чытанні на кожны дзень, якія чытаюцца падчас святых Імшаў адпаведна з літургічным календаром.
Першапачаткова не было лекцыянарыяў у якасці асобных кніг. Чытанні былі ўзятыя непасрэдна з Бібліі, прызначанай для літургіі, у якой былі адзначаны так званыя capitularia: першае слова – incipit і апошняе - desinit. Яны пазначалі пачатак і канец фрагмента тэксту, які трэба прачытаць. Пакуль Біблія не была падзелена на раздзелы і вершы, гэта быў адзіны спосаб для сістэматычнага выкарыстання біблейскіх урыўкаў у літургіі.
Да сярэдзіны 5 стагоддзя не было аўтарытарнага лекцыянарыя, да часоў Венерыя, біскупа Марсэля, які меў лекцыянарый ў святочныя дні ўсяго года.
Першыя поўныя лекцыянарыі з'явіліся прыблізна ў 7 ст.; яны прадстаўлялі собой зручную ў выкрыстанні форму літургічнай Бібліі.
У Сярэднявеччы літургія ў Заходняй Еўропе перажыла велізарныя змены. Лекцыянарый адлюстроўваў гэтыя пераўтварэнні: шмат урыўкаў з нядзельных чытанняў пераносілася на будні; чытанні з успамінаў святых занялі месца нядзельных чытанняў; знікла практыка чытання паслядоўных урыўкаў. Ужо ў 7 стагоддзі старазапаветныя чытанні былі амаль поўнасцю выключаны.
Рэформа, праведзеная Трыдэнцкім Саборам (1545–1563), прывяла да абвяшчэння Рымскага Імшала папам Піем V у 1570 г. Ён змяшчаў не толькі малітвы святара, але і фрагменты біблейскіх чытанняў, выбраных для асобных урачыстасцей.
Чытанні мелі наступныя рысы: яны былі складзены ў гадавы цыкл і змяшчалі 138 розных біблейскіх урыўкаў; за выключэннем Пасхальнай Вігіліі (яна адзначалася раніцай у Вялікую суботу да рэформы Пія XII у 1951 г.) кожная нядзеля і свята мелі два чытанні: першае, званае Эпісталай, узятае – з трыма выключэннямі - з новазапаветных лістоў, другое - з Евангелляў; Стары Запавет чытаўся толькі ў Эпіфанію, Вялікую пятніцу і Пасхальную Вігілію; Евангелле паводле св. Марка чыталася толькі чатыры разы на год; з Дзеяў Апосталаў былі ўзятыя толькі тры ўрыўкі; святочныя чытанні Евангелля грунтаваліся на старажытнай традыцыі і выражалі спецыфіку дня, але ў нядзелю на працягу года не было выразнага ключа адбору.
Выданне Рымскага Імшала 1955 года змяшчае тыя ж нядзельныя і святочныя чытанні, што і выданне 1570 года, з дадаткам некаторых святаў, як нп. Хрыста Валадара і Святой Сям’і. Гэтай практыкай літургічных чытанняў Касцёл карыстаецца і па сённяшні дзень у надзвычайнай форме рымскага абраду. Варта заўважыць, што была зроблена спроба перакладу чытанняў на беларускую мову кс. Адамам Станкевічам (фрагментарычна, на нядзелі і асноўныя святы).
Вынікам апошняй літургічнай рэформы, якая адбылася ў Касцёле ў 70-ыя гады ХХ ст., стаў між іншым Лекцыянарый Імшальны, які фармальна з’яўляецца часкай Імшала, але фактычна гэта розныя кнігі.
Чытання ў нядзелі размеркаваны па трохгадовым цыкле (так званыя цыклы A, B і C), так у першую нядзелю Адвэнту 2020 гады пачынаецца цыкл чытанняў B, а першую нядзелю Адвэнту 2021 года - цыкл чытанняў C і гд. Агулам Нп. у І полькім выданні Лекцыянарыя прызначаецца для чытання ў нядзелі 164 фрагменты, якія ўтрымліваюць 5,7% тэксту СЗ і 388 урыўкаў, якія ўтрымліваюць 41,3% НЗ.
Чытанні ў буднія дні размеркаваны ў 2-гадовым цыкле.
На беларускую мову Лекцыянарый перакладзены ў працоўнай версіі, якую яшчэ называюць «студыйнай». Працы над ім распачалася ў 2002г. Як зазначана на старонцы Епіскапату Беларусі, пераклад здзейснены паводле прадпісанняў Касцёла з арыгінальных моў з улікам лацінскага тэксту Новай Вульгаты. Пачаткова «Лекцыянарый» быў выдадзены ў форме 16 сшыткаў (якія выходзілі па ходу працы), а пазней у форме 6 кніг у цвёрдай вокладцы.
Евангеліярый (лац.: Evangeliarium) — адна з літургічных кніг, якая ўжываецца ў багаслужэннях Касцёла.
Евангеліярый утрымлівае асобныя фрагменты тэкстаў Евангелля і з'яўляецца разнавіднасцю альбо складнікам лекцыянарыя. У практыцы паўднёваславянскіх і ўсходнеславянскіх вытворных візантыйскага абраду аналагам евангеліярыя з'яўляецца апракас.

У сучаснай практыцы Касцёла евангеліярый выкарыстоўваецца для трэцяга, евангельскага чытання на Літургіі слова. Евангельскае чытанне — галоўнае сярод усіх чытанняў імшы, таму яно суправаджаецца пабожным стаўленнем, напрыклад, падчас гэтага чытання веруючыя стаяць. Вынас евангеліярыя таксама ўрачысты — яго суправаджаюць свечкі, перад чытаннем часта адбываецца акаджэнне кнігі, чытае Евангелле дыякан альбо святар, які пасля чытання цалуе кнігу. Евангеліярый таксама выкарыстоўваецца падчас працэсій і на набажэнствах з удзяленнем сакрамэнту святарства. Пры адсутнасці евангеліярыя евангельскае чытанне гэтага дня чытаецца з лекцыянарыя ці Бібліі, пры гэтым апісаны вышэй жэсты пашаны застаюцца ў сіле.
Нажаль, няма афіцыйнага выдання Евангеліярыя на беларускай мове, калі не лічыць выданне «Святое Евангелле» і поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання на беларускай мове «Новага Запавету» Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якія не вельмі надаюцца для літургічнага ўжытку з прычыны сваіх невялікіх памераў.
Дарагія радыёслухачы, у наступный сустрэчы мы працягнем літургіяй, а сёння я з вамі развітваюся. Няхай Божая ласка дапаможа нам быць вернымі вучнямі нашага Збаўцы. Laudetur Jesus Christus!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00