Не бойся

Я зайшла ў палату, каб падтрымаць новага пацыента. Ён наводзіў парадак у тумбачцы. Вырашыла не адрываць яго ад справы і зайсці крыху пазней.

Ягоны сусед, які правёў у хоспісу шмат дзён, ляжаў на ложку, цяжка дыхаючы і ўжо ні на што не рэагуючы. Медперсанал зрабіў усё магчымае, каб палегчыць ягоны стан, але хвароба прагрэсавала.
Ізноў зазірнула ў палату праз некалькі хвілінаў. Сусед новага пацыента ляжаў ужо зусім спакойна, хрыпаў не было чуваць, вочы былі напалову заплюшчаныя. Схілілася над ім, а новы пацыент кажа мне: "Нарэшце яму лягчэй стала! Заснуў, напэўна. Дык, можа, не будзіце". Я дакранулася да твару і рук пацыента. Пачала сачыць за дыханнем, якога ўжо не было, бо сястра смерць ужо прыйшла за ім.
Выраз твару ў мужчыны зрабіўся ціхамірным, прыязным, спакойным, светлым - нібыта й не было ніякіх пакутаў, цярпенняў, болю, барацьбы. Нібыта й не было аніякай хваробы.
Гэтыя супакой, упэўненасць, лёгкасць, светласць неўзабаве перадаліся і мне. Не было ні страху, ні трывогі. Толькі лёгкі смутак ад развітання ...
Я ўспомніла, як ягоная жонка распавядала мне, што і бацька ейнага мужа, і дзед, і прадзед, і ягоныя браты былі (ёсць) праваслаўнымі святарамі.
Разам з новым пацыентам мы выйшлі з палаты. Ён так і не зразумеў, што адбылося. Вырашыў, што ягонага суседа перавялі ў іншае мейсца. Дый ніхто не стаў казаць яму, што гэта не так.
На наступны дзень смерць таксама прыходзіла ў хоспіс і забрала з сабой аднаго за другім пяць чалавек. Было гэта напярэдадні каталіцкага Дабравешчання. А напярэдадні праваслаўнага Дабравешчання, я выпадкова натрапіла ў фэйсбуку на вось гэты каментар. Ён быў напісаны пад нататкаю, у якой вялося пра цяжкія хваробы і смерць. Напісаў каментар вядомы шматдзетны тата - каталіцкі вернік. Ён даў мне дазвол змясціць ягоны допіс у маім артыкуле:  
"Хачу сказаць наступнае: Ніхто на гэтай зямлі яшчэ не заставаўся. І людзям пара гэта зразумець. Я не люблю слова "смерць", бо смерць для мяне мае выключна духоўнае значэнне. Ёсць толькі адыход у вечнасць! Д'ябал навучыў нас баяцца смерці. Смерці баяцца толькі тыя, хто не верыць у вечнасць свайго існавання, а значыць не верыць Богу, які даў нам шчаслівую вечнасць. А значыць дарэмнай была ахвяра Хрыста на крыжы.
Людзі, колькі вы хочаце пражыць? 60, 70, 100 гадоў? Можа 120? Якую б лічбу вы не назвалі, пакладзіце гэта на вечнасць і вы ўбачыце абсурднасць сваіх планаў на доўгае жыцьцё і пачнеце лепей разумець Божы план.
Так званая смерць - гэта толькі парог, пераступіўшы які, вы працягваеце жыць далей. Калі Бог, напрыклад, забярэ аднаго з маіх дзяцей, я канечне ж адплАчу сваё. Але гэта не будуць слёзы роспачы! Гэта, як калі развітваешся з блізкім чалавекам пасля таго, як ён гасціў у цябе. Ведаеш, што некалі ізноў убачыцеся, але ўсё адно плачаш.
Ад моманту, калі Хрыстос перамог смерць на крыжы, смерць не мае ўлады над намі. Я перастаў баяцца смерці ад часу, калі стаў хрысціянінам. Больш за тое, смерць нават стала для мяне жаданай. Думаеце, я вар'ят? Так! Бо, "Мы неразумныя дзеля Хрыста" (Першае Пасланне апостала Паўла да Карынфянаў 4:10).
Святы Францішак называў смерць ласкава - сястрыца.
Любіце Бога, давярайце Яму, прымайце Яго волю з удзячнасцю - і смерць не будзе панаваць над вамі".
(Siamja Tašcimiravych)
***
Пан Бог адправіў да Панны Марыі Арханёла Габрыэля з Добрай Весткай у той жа дзень, у які адбылося Стварэнне свету, - такім чынам, чалавецтву быў дадзены другі шанец. Марыя, якая не пабаялася сказаць Богу "так", змяніла свет назаўсёды.
“Лепш рабіць гісторыю, чым пісаць яе”.
***
Папрасіла сябра па фэйсбуку, які добра разбіраецца ў музыцы, знайсці для мяне якую-небудзь музыку пра страх. Спадар Алег Курмаз параіў мне кампазіцыя групы “Deru”, якая называецца "The Future Never Comes". (Будучыня ніколі не наступіць).
Але ж хрысціяне ведаюць, што ў іх будучыня дакладна ёсць.
"У любові няма страху, але дасканалая любоў праганяе страх, бо страх ёсць з-за боязі перад пакараннем; хто баіцца, той недасканалы ў любові". (Першае Пасланне Святога Яна 4:18)

Марына Баброўская. З артыкула, напісанага 7 красавіка 2017г. для псіхалагічнага сайта https://www.b17.ru/article/76568/

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00