Псіхолаг Марына Баброўская ў сваёй аўтарскай праграме на "Радыё Марыя" расказвае пра натхненне, інсайт, стан плыні: 

Людзі пачуваюцца найбольш шчаслівымі, калі знаходзяцца ў адмысловым плыневым стане
("состоянии потока"), які характарызуецца поўным яднаннем чалавека з ягонай дзейнасцю і
сітуацыяй. Стан плыні - гэта аптымальны стан унутранай матывацыі, калі чалавек цалкам уключаны
ў тое, што ён робіць.
Напэўна, кожнаму з нас знаёмае гэтае адчуванне свабоды, радасці, цалкавітага задавальнення і
майстэрства. У такім стане некаторыя патрэбы, у тым ліку і базавыя, звычайна ігнаруюцца. Чалавек
забывае пра голад, час, надвор'е, сваю сацыяльную ролю, іншых людзей і г.д.
Такі стан упершыню апісаў амерыканскі псіхолаг Міхай Чыксентміхайі:
"Быць цалкам уцягнутым у дзейнасць. Эга знікае. Час ляціць. Кожнае дзеянне, рух, думка вынікае з
папярэдняй, нібыта граеш джаз. Ты ўвесь уцягнуты ў тое, што робіш, і ўсе свае ўменні
выкарыстоўваеш дарэшты".
Каб дасягнуць стану плыні, неабходна знайсці раўнавагу паміж складанасцю задачы і навыкамі
чалавека. Калі задача занадта лёгкая або занадта цяжкая, такі стан не можа быць дасягнуты.
Плынь можна апісаць як стан, пры якім увага, матывацыя і сітуацыя злучаюцца, выклікаючы штосьці
накшталт прадуктыўнай гармоніі або зваротнай сувязі.
Я часцей за ўсё перажываю стан плыні, калі займаюся фатаграфаваннем. Таксама ён прыходзіць і
падчас правядзення псіхалагічных кансультацый, напісання тэкстаў, правядзення перадачаў на
"Радыё Марыя".
Калісьці я апісала стан плыні ў артыкуле на псіхалагічным сайце https://www.b17.ru/blog/76922/
У мяне ён выглядае так:
Няма ні адчування холаду, ні патрэбы паесці, папіць або адпачыць. Няма ніякіх нязручнасцяў,
аніякіх праблем, перашкодаў, і здаецца, што нават зрок стаў значна лепшым. Нічога не баліць,
няма ні меланхоліі, ні тугі, ні хваробаў, ні трывогаў, ні клопатаў, ні крыўдаў. Ёсць толькі
прысутнасць у дадзеным моманту, прысутнасць у плыні, зліццё з ёй. І ўжо няма падзелу (ці
прынамсі ён не адчуваецца) паміж мною і ракой, паміж мною і снегам, які падае на ружу, паміж
мною і ружаю з трапяткімі пялёсткамі, паміж мною і ветрам, і лёгкім марозам, і туманам, які
павольна апускаецца на зямлю, і ззяннем чароўнага брата Месяца, і дарогаю, якая вядзе ў
глыбіню плыні.
Адзенне і абутак - зусім лёгкія, іх вага амаль не адчуваецца. Прахалода і туманная вільгаць
свабодна, без усялякіх перашкодаў, пранікаюць у кожную клетачку цела. Адчуванне, што цела ад
гэтага робіцца больш здаровым, рухавым, гнуткім. Надвор’е ўспрымаецца як цудоўнае, як добрае,
як спрыяючае паляпшэнню здароўя і настрою. Прыемны холад і чаруючая вільготнасць! Пушысты
туман і цёплы снег! Асвяжаючы паўночны вецер і аксамітныя прыцемкі, якія дораць спакой. А
можа гэта я сама і ёсць прахалодаю, туманам, вільгаццю, ветрам, месяцовым святлом, ружаю,
ракой, плынню?
Торбачка таксама амаль пустая, маленькі фотаапарат у руках - і больш нічога. Фотаапарат
патрэбны нават не дзеля таго, каб фатаграфаваць, а больш для таго, каб засяродзіцца на
прыгажосці, на своеасаблівай медытацыі, на бягучым моманце, на жыцці. Адчуванне радасці,
руху, лёгкасці, палёту, бязмежнасці, свабоды, спакою, бяспекі. Адчуванне еднасці з сусветам і з
Богам. Адчуванне, што сусвет мяне любіць і любоў гэтая ўзаемная. Здаецца, што можна застацца
жыць тут ля ракі, побач з лесам, па суседзству з ружай, пад лісцікам, які так добра прымацаваўся
да галінкі дрэва, што нават спадарыня Зіма не здолела адарваць яго ад яе.

- Гэта я магу жыць пад лісцікам, а Вы - не! - гучна мяўкае Руды Кот, чытаючы мае думкі ды
вяртаючы мяне ў людзкую рэальнасць.
- А можа Вы ведаеце каго-небудзь з людзей, якія так жывуць? - пытаюся я ў КатА.
- Ага, ведаю: бамжы! - мяўкае ён, сумна ўсміхаючыся.
- А …
- А яшчэ калісці Ваш улюбёны святы брат Францішак Асіжскі мог так жыць, але тое Італія была, а
больш ніхто, - перапыняе мяне Кот. - Але Вы ўжо таксама шмат чаго дасягнулі, - падбадзёрвае ён
мяне і павольна сыходзіць ў туманныя прыцемкі, каб шпацыраваць у іх “самому па сабе” ды
асвятляць цемру ззяннем сваёй залатой поўсці.
- Дзякуй, шаноўны пан Кот, - кажу я яму. - Да пабачэння!
- Калі ласка! - адказвае ён. - Звяртайцеся, калі што.
Плынь вяртае мяне на бераг.
***
І канечне ж, варта памятаць, што хрысціяніну "акунацца" ў плынь лепей за ўсё разам з Панам
Езусам, Паннай Марыяй, Анёлам-ахоўнікам і святымі!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00