1. Ці ёсць нейкая магчымасць праверыць, зацверджаны той ці іншы спеў Літургічнай камісіяй ці не?

На сённяшні дзень у нас, у Кацёле на Беларусі, няма пакуль што афіцыйна зацверджанага спеўніка. Над ім ужо доўгі час працуе Літургічная камісія,

але, на жаль, гэты працэс яшчэ ідзе. Спадзяемся, гэтая справа ў хуткім часе будзе скончаная.

Таму пакуль магчымасці афіцыйна падцвердзіць, што той ці іншы спеў афіцыйна зацверджаны, няма.
Разам з тым спевы, якія ўжываем у Літургіі, спевы, якія змешчаныя ў выдадзеным  малітоўніку “Ойча Наш” - гэта спевы, якія зацверджаны прынамсі Кацёльнай уладай і якія мы можам ужываць падчас Святой Імшы.

Зазначу, што ў рэлігійных спевах трэба адрозніваць спевы літургічныя, сакральныя, якія ўжываюцца падчас Святой Імшы, і спевы, якія ўжываюцца падчас іншых набажэнстваў, па-за Літургіяй, у часе пілігрымак і г.д. І гэтыя спевы пабожныя і служаць для праслаўлення Пана Бога, але не заўсёды можна назваць іх літургічнымі, і далёка не кожны з іх можа ўжывацца падчас Літургіі.

2. Зараз, асабліва сярод моладзі, вельмі шмат аўтарскіх спеваў падчас Імшы. Напрыклад, хтосьці з супольнасці напісаў словы, хтосьці музыку і потым гэты спеў ўжываецца на Літургіі. Альбо дзесьці на прасторах інтэрнэту адшукваецца спеў на польскай, рускай, украінскай і іншых мовах, перакладаецца на беларускую кімсьці з парафіянаў і ўжываецца падчас Літургіі. Часамі гэта спевы, якія выконваюць не каталіцкія, а пратэстанцкія супольнасці. Ці можна так быць? І, калі можна, то хто павінен прымаць рашэнне спяваць той ці іншы спеў?

У часе Літургіі павінны ўжывацца спевы, якія дакладна не маюць памылак тэалагічных. Трэба памятаць, што Літургія – гэта момант непасрэднага ўслаўлення Бога. Літургія ўзнікала і ўтваралася на працягу стагоддзяў. І таму тое, што ўжываецца падчас Літургіі ў той сакральны момант нельга сапсаваць нейкай прыйшоўшай камусьці на думку творчасцю. На гэта Касцёл падчас Сінодаў, Сабораў звяртаў неаднойчы ўвагу. І падчас апошняга Другога Ватыканскага Сабору на гэтую тэму была размова.
Між іншым, у інструкцыі аб музыцы падчас Святой Літургіі ёсць сцвярджэнне аб тым, што пад сакральнай музыкай мы разумеем тую музыку, якая паўстала дзеля аддавання хвалы Богу і адзначаецца святасцю, а таксама дасканаласцю формы. Кажучы пра сакральную музыку мы разумеем  грыгарыянскі спеў і сакральную паліфанію, таксама сучасную, у розных яе формах, музыку арганную, а таксама музыку, прызначаную для іншых інструментаў, дапушчаных да ўжывання ў Касцёле.
Таксама сакральны спеў, літургічны або рэлігійны, з'яўляецца набыткам традыцыі ў тым ці іншым рэгіёне. І таму ў спевах, якія ўзніклі як пераклад з іншай мовы, або ўзятыя з пратэстанцкіх Цэркваў, трэба звяртаць увагу перш за ўсе на змест тэалагічны. Ужываць ці не ўжываць яго ў Літургіі – пытанне, якое павінна было б быць зацверджана Касцёльнай уладай. На жаль, не заўсёды гэта ёсць. Таму гэты абавязак і адказнасць ускладаецца ў першую чаргу на біскупа альбо святара, які кіруе Літургіяй, які павінен сачыць за тым, каб гэты спеў адпавядаў крытэрыям ўжывання яго падчас Святой Імшы. З гэтым пытаннем трэба быць асцярожным. У іншых момантах: падчас пілігрымкі, падчас спатканняў, па-за Святой Імшой, на моладзевых сустрэчах і г.д., такія спевы могуць мець месца, бо дапамагаюць праслаўленню Пана Бога, дапамагаюць выразіць сваю веру, пабожнасць. Але тое, што датычыцца Літургіі, на гэта трэба звяртаць асаблівую ўвагу.

3. Ці ёсць дзесьці зацверджаны спіс інструментаў, якія можна (альбо нельга) ужываць падчас Святой Імшы? Калі так, то агучце гэты спіс.

На сённяшні момант я такога спісу не знайшоў. У дакуменце 1903 года Папы Пія Х-га Motu proprio "Tra le soletudine", які прысвечаны кацёльнай музыцы, не пададзены спіс гэтых інструментаў, але апісваецца агульны прынцып іх ужывання. Паводле гэтага прынцыпу, нельга ўжываць у касцёлах інструментаў, дзе гук адбываецца ўдарам (барабаны, талеркі, трохкутнікі і г.д.). Гэта тое, што было калісьці зацверджана ў Касцёле. І, канешне, асноўны інструмент, які ўжываецца ў часе Літургіі - гэта арган. На той час першы спеў, які ўжываўся ў Літургіі, быў грыгарыянскі. І гэта тое, чаму ў першую чаргу аддаецца перавага.

Але, як ўжо казалася вышэй, спевы літургічныя павінны адпавядаць узнёсласці, годнасці таго, што адбываецца ў гэты момант у касцёле, годнасці Ахвяры Езуса Хрыста. Гэта тое, што ўжо выпрацавана за доўгі час традыцыяй у Касцёле.


4. Ці не з'яўляецца памылкай з боку духавенства арганізацыя Імшаў для дзяцей і моладзі з выкарыстаннем спеваў "лёгенькіх" пад гітару з рухамі , пляскамі і г.д.? Як у такім разе дзеці і моладзь пачнуць цаніць цудоўныя гукі аргану і харавых спеваў, якія ўсе ж для Касцёла з'яўляюцца традыцыйнымі?

Сапраўды, мы ў гэтым часе нашай адновы, будовы Касцёла хочам дасягнуць як мага большай колькасці дзяцей і моладзі. І, каб заахвоціць іх да ўдзелу ў Святой Імшы, часта выкарыстоўваем розныя сродкі. Між іншым таксама музыку і спосаб  вядзенння Літургіі, які быў бы цікавым для дзяцей, для моладзі.
Але ва ўсім гэтым існуе вялікая небяспека, што за такой формай мы часам губляем выхаваўчы момант павагі чалавека да таго, што адбываецца, павагі да Літургіі. І таму, нават калі гэта Святая Імша з удзелам дзяцей альбо Імша з удзелам моладзі, трэба памятаць аб годнасці Літургіі. Каб дзеці змалку вучыліся прыгажосці Літургіі, прыгажосці таго, што адбываецца ў гэтым моманце ў касцёле, прыгажосці традыцыі Касцёла, да якога належым. І ў гэтым таксама ёсць момант такой цеснай сувязі з Богам, з таямніцай Яго прысутнасці, глыбіні нашай веры. Веры, якая вякамі фармавалася і была заключана ў касцёльным спеве, у Літургіі, ва ўжыванні пэўных інструментаў. Таму гэтае  ўжыванне сучасных інструментаў - гэта форма, якая не заўсёды спрыяе паглыбленню веры, а перадусім – паглыбленню павагі да Бога, павагі да таго, што Бог нам пакідае, павагі да Яго Слова, павагі, перш за ўсё, да Ахвяры Езуса Хрыста.
Таму трэба быць з гэтым асцярожным і ўсё ж такі аддаваць перавагу таму, што захавалася традыцыямі ў Касцёле. Бо традыцыя – гэта сродак, які пакідае нам тое, што сапраўды адпавядае годнасці, узнёсласці Літургіі. Таму частае ўжыванне свецкіх сродкаў у Касцёле, з апладысментамі і гучным спевам, разам з ударнымі інструментамі, не спрыяе выхаванню чалавека ў пабожнасці, павазе. І разуменні таго, што Бог, хоць нам і блізкі, прыйшоў да нас, стаўся падобным да нас ва ўсім апрача граху, але разам з тым застаецца Богам, Усемагутным Богам, застаецца для нас вялікай Таямніцай, да Якой мы павінны мець вялікую павагу, пэўны піетэт.
І разумець, што мы павінны Яго паважаць перад усім як нашага Творцу, паважаць як Таго, Хто перавышае ўсялякае нашае разуменне, паважаць як Бога.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3
МiнГарВыканКам / УНП 192658625 / Прыватная інфармацыйная ўстанова «Радыё РМ» 02.06.2016 ®
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00