9 чэрвеня каманда «Радыё Марыя» наведала парафію Спаслання Духа Святога ў горадзе Барысаве.

Інфармацыйны дзень радыё прыпаў на свята спаслання Духа Святога і на дзень першай Камуніі, да якой прыступілі 8 маленькіх хрысціянаў. Таму нам пашчасціла апынуцца ў эпіцэнтры святаў.

Мы транслявалі святочную Імшу, пазнаёміліся з цудоўным пробашчам кс. Аляксеем Раманчуком, сустрэлі нашага слухача і сябра - паважаную спадарыню Нэллу, пазнаеміліся і з іншымі цікавымі і цудоўнымі людзьмі, дапамаглі парафіянам усталяваць нашую прыладу для праслухоўвання радыё. Плённым быў дзень! 

Мэты нашых наведванняў у розныя парафіі - не толькі просьба аб ахвяраваннях на ўтрыманне студыі, але ў першую чаргу - гэта знаемства жыхароў розных гарадоў і вёсак нашай краіны з «Радыё Марыя». На жаль, нягледзячы на ўсе намаганні, яшчэ не паўсюль людзі ведаюць пра беларускае «Радыё Марыя» і не ўсе гатовыя слухаць яго. А прычына ў тым, што мы па-ранейшаму з'яўляемся толькі інтэрнэт-радыё.

Таму звяртаемся ў асноўным да дарослых людзей, якія яшчэ не авалодалі інтэрнэтам і хвалююцца, што гэта складана і нязручна. Спрабуйце! Дазвольце нам дапамагчы вам! Альбо прасіце сваіх маладзейшых блізкіх, хай яны вам дапамогуць! Але ж і самі хоць трошкі праяўляйце ініцыятыву, імкніцеся навучыцца! Вучыцца - гэта лёгка і вельмі карысна.
Адчыніце свае дзверы сучасным тэхналогіям, бо яны - нашыя сябры. З дапамогаю інтэрнэта вашая прастора напоўніцца гукамі добрага хрысціянскага радыё, якое працуе для кожнага з вас кожны дзень без перапынкаў!

Хай усё будзе на Божую хвалу!

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00