У Чырвоным касцёле адбылася прэзентацыя афіцыйнага рыма-каталіцкага выданняя Новага Запавету на беларускай мове.
   Пераклад здзейсніла Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

   Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч напачатку сваёй прамовы прывітаў усіх удзельнікаў Біблійнага сімпозіума і адзначыў важнасць гэтай падзеі.Ііерарх падкрэсліў: "Пераклад - гэта складаны, творчы працэс, таму ён важны не толькі для касцёла, але і сваім духоўным зместам узбагачае і беларускую культуру".
   Сваімі ўражаннямі са слухачамі РМ падзяліўся Апостальскі нунцый, арцыбіскуп Габар Пінтар.
   На прэзентацыі прысутнічаў і прадстаўнік праваслаўнай царквы. Дарэчы, Беларуская праваслаўная Царква прэзентавала свой пераклад 15 лістапада. І як адзначае кандыдат багаслоўя, старшыня "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр святых Мяфодзія і Кірылы" Святаслаў Рагальскі: "Інтарэс і ўвага да Слова Божага ўзрасла. Асабліва ў гэты адметны і юбілейны год. Год святкавання 500 годдзя выдання Бібліі Скарыны. Святар таксама распавёў, колькі часу заняла праца па перакладзе ў праваслаўнай камісіі"
   Пасля прэзентацыі афіцыйнага выдання адбылася Святая Імша, якую ўзначаліў нунцый Габар Пінтар. Набажэнства сваім спевам упрыгожылі навучэнцы катэхетычнага каледжа ім. Яна Хрысціцеля ў Мінску і парафіяльны хор "Голас Душы".
   У гэты дзень многія заўважалі, што было б добра, каб у беларусаў з'явіўся міжканфесійны пераклад Бібліі.
   Выканаўчы дырэктар Біблійнага таварыства Ігар Міхайлаў расказаў, што падобны пераклад - гэта складаны працэс, але яго варта пачаць рабіць. І пачаць з таго, каб сесці за адзін для перамоў.
   Застаецца толькі дадаць, што Новы Запавет можна будзе набыць у кнігарні «Духоўная кніга».

   Праграма "На ўласныя вочы" сёння а 21 гадзіне ў эфіры нашага радыё.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04