"Мама, тата, я - святая сям'я". 12 лістапада адбыўся "Баль усіх святых" - свята, арганізаванае парафіяй свв. Яна Евангеліста і Максімільяна Марыя Кольбэ ў Мінску, якое сабрала больш за 160 удзельнікаў.


   Каля ўваходу ўсіх сустракаў святы Пётр, які "пільнаваў" уваход у неба. А балем кіравалі Анёл Юзік і святы Максімільян. Распачалося святкаванне супольным танцам - паланэзам, які стаў своеасаблівай традыцыяй. Для ўдзельнікаў былі арганізаваныя гульні, танцы, конкурсы, а таксама салодкі пачастунак. Напярэдадні быў аб'яўлены конкурс малюнкаў на тэму "Мама, тата, я - святая сям'я", пераможцы былі вызначаны і ўзнагароджаны падчас вечарыны. А напрыканцы, выбралі галоўных святога і святую балю - сёлета імі сталі Маці Божая Фацімская і святы Максімільян Марыя Кольбэ.
  
   Святыя Агнешка, Люцыя, Марыя, Агата, Максімільян, Хасэ - гэта нвялічкі пералік тых, каго можна было ўбачыць на ўрачыстасці. Адметнасцю свята ў гэтым годзе стала тое, што ў касцюмы святых пераапрануліся не толькі дзеці, але і бацькі.

    Як адзначаюць самі арганізатары, гэтае свята вельмі патрэбнае ў сучасным свеце, бо вучыць дзяцей быць добрымі, імкнуцца да святасці, а таксама пашырае веды аб святых. Бацькі ўдзельнікаў дзякуюць усім, хто спрычыніўся да арганізацыі і правядзення гэтага мерапрыемства.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04