Успамін усіх памерлых вернікаў Касцёл адзначае 2 лістапада. У гэты час наваколле прасякнутае атмасфераю прамінання. Прырода нібыта стварае настрой, які дае кожнаму чалавеку магчымасць асаблівым чынам узгадаць у малітвах усіх тых, хто жыў перад намі, а цяпер перайшоў праз мяжу, якая аддзяляе зямное існаванне ад вечнага, дзе ўсіх нас чакае Бог.

  Углядаючыся ў мінулае Касцёла, можна заўважыць, што з першых стагоддзяў у хрысціянстве практыкавалася малітва за памерлых. Варта таксама адзначыць, што старажытныя хрысціяне дзень смерці называлі «днём нараджэння» для жыцця ў вечнасці. Касцёл і сёння заклікае вернікаў памятаць сваіх памерлых блізкіх і маліцца за іх. Гэтае заахвочванне грунтуецца на словах Святога Пісання, дзе ўсхваляецца жаданне вернікаў складаць ахвяру за памерлых і маліцца за іх. (2 Мак 12, 45).
   Самай важнай малітвай за тых, хто пайшоў у вечнасць, заўсёды была і ёсць святая Імша. Ўжо ў IV стагодзі св. Аўгустын, апісваючы ў творы «Споведзь» апошнія хвіліны жыцця сваёй маці Монікі, перадае нам яе запавет такімі словамі: «Неўзабаве пасля гэтага яна звярнулася да нас абодвух і сказала: "Пакладзіце цела гэтае, дзе прыдзецца; няхай вас гэта не турбуе; толькі прашу, каб вы заўсёды памяталі пра мяне пры алтары Пана". Прамовіўшы з цяжкасцю гэтыя словы, яна змоўкла, хвароба ўзмацнялася, прыносячы пакуты" (Кніга 9, 27). У раннім Сярэднявеччы быў уведзены звычай цэлебравання Імшы за памерлых у трэці, сёмы і трыццаты дзень пасля пахавання, а таксама ў гадавіну смерці. Старыя імшальныя кнігі прызначалі на гэтыя дні спецыяльныя формы малітваў. Самыя раннія малітвы датуюцца VI стагодзем. На сённяшні дзень у Касцёле застаўся звычай цэлебравання св. Імшы на 30-ты дзень і ў першую гадавіну смерці.
  Акрамя святой Імшы, на мяжы VII і VIII стагоддзяў у Касцёле ўзнікае яшчэ адна традыцыя малітвы за памерлых. Распачалася яна ў асяроддзі манахаў, бо лічылася, што апошнім абавязкам братоў-манахаў перад памерлым сабратам была малітва. Браты маліліся Літургію гадзінаў, ахвяроўваючы яе за памерлых, або так званы «Афіцыум» за памерлых.
   Практыка малітвы Літургіі гадзінаў сягае сваімі каранямі ў юдэйскую малітоўную практыку. У Старым Запавеце Бог наказаў ізраэльцянам складаць ахвяры раніцай і вечарам (Зых. 29, 39). З цягам часу складанне гэтых ахвяраў перайшло ў збудаваную царом Саламонам Ерузалемскую святыню. Падчас вавілонскага выгнання, калі юдэі не маглі прыносіць ахвяры ў святыні, сталі ўзнікаць першыя сінагогі, дзе ў вызначаныя гадзіны дня здзяйснялі службы, на якіх чыталася Тора і спяваліся псальмы і гімны. «Ахвяра хвалы» пачала замяняць крывавыя ахвяры. У часы Рымскай Імперыі юдэі, а пазней і раннія хрысціяне, пачалі пераймаць рымскі распарадак дня з выдзеленым часам для малітвы. У гарадах Рымскай Імперыі ўдар звана на форуме каля 6-й гадзіны раніцы абвяшчаў пачатак працоўнага дня (prima, першая гадзіна), затым звон біў зноў у дзевяць раніцы (tertia, трэцяя гадзіна), апоўдні ён абвяшчаў перапынак на абед (sexta, шостая гадзіна), а ў тры гадзіны дня зноў склікаў людзей на працу (nona, дзевятая гадзіна), і нарэшце, аб'яўляў аб заканчэнні працы ў шэсць гадзін вечара. Калі хрысціяне пачалі аддзяляцца ад юдэяў, практыка малітвы ў фіксаваны час захавалася. Старажытны Касцёл выкарыстоўваў псальмы для малітвы (Дз 4, 23—30). Гэтыя псальмы і па сённяшні дзень захаваліся ў складзе Літургіі гадзінаў ува ўсіх хрысціянаў. Дзідахэ - самы ранні са знойдзеных хрысціянскіх твораў катэхетычнага характару - рэкамендуе чытаць Малітву Панскую тры разы на дзень, што таксама знайшло адбітак у Літургіі гадзіў.
   У ІІ і ІІІ стагоддзях такія айцы Касцёла, як Клімент Александрыйскі, Арыген і Тэртуліян, пішуць аб практыцы ранішняй і вячэрняй малітвы, а таксама пра малітву трэцяй, шостай і дзявятай гадзіны. Гэтыя малітвы здзяйсняліся індывідуальна ці ў супольнасці вернікаў. І менавіта гэтая малітва стала выкарыстоўвацца ў Рыме ў VIII стагоддзі падчас малітвы за памерлых. Увечары ў касцёл прыносілі цела памерлага, пасля чаго маліліся «Афіцыум», які распачынаўся Нешпарамі.
Абат Адзілон, настаяцель кляштара ордэну бэнэдыктынаў у Клюні (Францыя), які жыў на мяжы IX і X стагоддзяў, у 998 годзе выдаў пастанову для шматлікіх ужо тады ў Еўропе манастыроў бэнэдыктынаў, загадваючы ў ёй, каб манахі пад вечар 1 лістапада, пасля ўрачыстых Нешпараў у гонар Усіх Святых, памаліліся таксама Нешпарамі за памерлых братоў. Даданне гэтай малітвы да афіцыйнай Літургіі гадзінаў прыпісваецца святому Айцу Інакенцію ІІІ на пачатку 13 стагоддзя. З таго часу гэтая малітва прысутнічае ва ўсім Рыма-каталіцкім Касцёле.
   Прысутнічае яна таксама і ў малітоўнай традыцыі Касцёла на Беларусі. Таму сардэчна запрашаем нашых радыёслухачоў да актыўнага ўдзелу ў месяцы лістападзе ў супольнай малітве Нешпарамі за памерлых, якія адбываюцца ў парафіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне і якія кожную сераду на працягу ўсяго месяца лістапада будуць трансліравацца на нашым радыё ў прамым эфіры а 18:40.

Калі вы хочацце разам з намі ўсімі памаліцца за вашых памерлых родных і сяброў, калі ласка, дашліце іх імёны смс-паведамленнем на нумар +375298533445

Вечны адпачынак дай ім, Пане, а святло вечнае няхай ім свеціць. Няхай адпачываюць у супакоі. Амэн.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04