Хвала Хрысту!
   Азіраючыся ў мінулае, здаецца, што ўжо вельмі шмат часу прайшло з таго моманту, калі "Радыё Марыя - Беларусь", першы раз загучала па-беларуску на прасторах інтэрнэту.

   Але калі больш дакладна прыглядзецца, то бачна, што толькі год аддзяляе нас ад таго моманту, калі мы ўпершыню на поўніцу пачалі сваю дзейнасць і вяшчанне. Пачатак "Радыё Марыя" - гэта і першая пробная трансляцыя 27 верасня, і запуск уласнага сервера разам з даменам 6 кастрычніка, і першая трансляцыя з выезду ў Радашковічы 7 кастрычніка, і запуск кругласутачнай трансляцыі 31 кастрычніка, і падрыхтоўка студыі, і моманты, калі тэхніка нас падводзіла, і разгубленасць, калі не ведаеш, чаму няма сігналу. Гэта год цяжкай працы і служэння, але таксама і год радасці. Год, калі першы слухач патэлефанаваў у прамы эфір, калі пачала гучаць супольная малітва. Год, калі падзякі і сведчанні пра плады гэтай малітвы пачалі прыходзіць да нас у студыю. Гэта таксама час радасці, нават тады, калі яна прыходзіць да цябе ўначы, і ты, зрываючыся з ложку, спачатку не можаш зразумець, што і чаго ад цябе хочуць тыя, хто тэлефануе з Уругваю і Амерыкі. Тэлефануюць каб выказаць словы падзякі за тое, што мы ёсць. І менавіта тады разумееш, што за год мы зрабілі вялізны крок наперад.
   Падобна да малога дзіцяці, мы становімся ўжо на ногі і, спрабуючы ўласныя сілы, імкнёмся рабіць самастойныя крокі. Як тое дзіцё, мы спрабуем размаўляць і спажываць цвёрдую ежу, мы расцём і сталеем. Аднак перад намі стаіць яшчэ вельмі шмат задачаў. Трэба імкнуцца выйсці за мяжу інтэрнэт-вяшчання і загучаць на хвалях ФМ. Трэба ўсцяж пашыраць круг нашых радыёслухачоў і дзяліцца навіною пра існаванне нашага радыё як мага большай колькасці людзей. Трэба няспынна шукаць адданых Богу і Марыі валанцёраў, якія б не цураліся прысвячаць справе евангелізацыі свой час і свае таленты. Трэба ўвесь час імкнуцца праслаўляць Бога і Марыю.
Дзякую Вам усім, хто ў гэты складаны час быў з намі, дзякую Богу і Марыі, за тое, што мы ёсць!

а. Аляксандр Улас - праграмны дырэктар "Радыё Марыя"

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04