7 cнежня 2017

   У перыяд Адвэнта прапаноўваем выслухаць адзін з найраннейшых тэкстаў хрысціянскага пісьменства – “Дзідахэ”.
   З мовы грэкаў “Дзідахэ” ( грэч. Διδαχὴ Κυρίου διὰ τῶν δώδεκα ἀποστόλων) перакладаецца як “Вучэнне Пана (пераказанае) народам 12 (Дванаццаццю Апосталамі)”.

   Гэты помнік хрысціянскай пісьменнасці з’яўляецца катэхетычным па сваім характары, а таксама ўяўляе крыніцу пазнання ранняга касцёльнага права і набажэнстваў. У раннім Касцёле ён быў шырока вядомы, і хрысціянскі апалагет і прапаведнік, Клімент Александрыйскі, (каля 150-215 гг.) прылічваў гэты твор да кніг Святога Пісання Новага Запавету, не сумняваючыся ў апостальскім аўтарстве твора. Аднак на працягу вельмі доўгага часу твор “Дзідахэ” лічыўся згубленым.
   І толькі ў 1873 годзе яго знайшоў у бібліятэцы падворка Іерусалімскага патрыярхату ў Канстанцінопалі Мітрапаліт Філафей Врыенній, які праз 10 гадоў і выдаў “Дзідахэ”. У поўным выглядзе тэкст захаваўся толькі ў адным грэцкім рукапісе, датаваным 1056 годам, які захоўваецца з 1887 года ў бібліятэцы Іерусалімскага Патрыярхату.
   “Дзідахэ” складаецца з некалькіх частак. Першая частка - першыя шэсць раздзелаў - змяшчае маральныя запаветы ў выглядзе т. зв. «Вучэнняў аб двух шляхах»: Маюцца два шляхі: адзін – “жыцця”, а другі – “смерці”, але паміж імі існуе вялікае адрозненне.  
Другая частка – наступныя чатыры раздзелы - прысвечаная пытанням касцёльнага жыцця: хрост, пост, малітвы, Святая Камунія, правiла аб Апосталах і біскупах.
Трэцяя – чарговыя пяць раздзелаў - кажа пра казанні. Апошняя ж – чацвёртая частка – 16 раздзел уяўляе сабой кароткі апакаліпсіс.

   У эфіры - а 22 гадзіне, перад Камплетай.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04