• Сб, 18:30 Святая Імша
  • У ЭФІРЫ Акафіст перад Жыровіцкай Іконай Маці Божай
  • Сб, 20:15 Святы ружанец
  • Сб, 21:00 Калыханка
  • Сб, 21:15 Госці ў студыі
  • Сб, 22:00 Вячэрняя малітва
  • Сб, 22:15 Беларуская праграма Vatican News
  • Сб, 23:00 Голас паклікання


Катэхеза айца Аляксандра Шаўцова, настаяцеля грэка-каталіцкай парафіі святамучаніка Язафата ў Полацку.

Час напярэдадні Раства, сачэльнік на расейскай мове, называецца так ад асаблівай поснай стравы з пшаніцы і мёду– сочыва па-расейску альбо куцця па-беларуску, якую ядуць пад вечар, пасля заканчэння першай часткі набажэнстваў. Адсюль узнікла традыцыя ня есці нічога да, так званай, першай зоркі. Куцця, ці сочыва па-расейску, па-сутнасці, уяўляла сабой размочанае збожжа пшаніцы з мёдам і арэхамі, якія давалі дастаткова сіл для перанясення “чуванняў”, гэта значыць асабліва інтэнсіўнага ўдзелу ў вячэрніх і начных набажэнствах свята. Аднак расейская назва сачэльнік не з'яўляецца царкоўнай назвай гэтага дня: Царква называе яго Навячэр'е Раства альбо Чаканне (Вігілія) Нараджэння Госпада Нашага Ісуса Хрыста, і службы ў гэты дзень самыя прыгожыя і ўрачыстыя.

Першае набажэнства называецца Вялікія, або Царскія, гадзіны, у бізантыйскай традыцыі на іх прысутнічаў імператар; яны здзяйсняюцца ў Навячэр’і Раства раніцай. На Вялікіх гадзінах некалькі разоў гучыць трапар, у якім нагадваецца, чаму Язэп і Марыя апынуліся ў пячоры ў горадзе Бэтлееме і для чаго Хрыстос нарадзіўся як чалавек.

На ўсіх Вялікіх Гадзінах гучыць такі спеў:

“Марыя, маючы ва ўлонні сваім без семя Зачатага, пайшла разам з Язэпам на перапіс у Бэтлеем, бо была з дому Давідавага. Надышоў час радзіць Ёй, і нідзе не знайшлося месца для Яе. І вось пячора сталася светлым хорамам Каралевы. Хрыстос родзіцца, каб раней упалы вобраз узняць”

На апошняй, дзевятай, гадзіне выконваецца выдатная стыхіра: 

“Сёння родзіцца ад Дзевы Той, хто ў руках сваіх трымае ўсё стварэнне. Як чалавек, спавіваецца ў пялёны недасяжны Бог; у яслях ляжыць Той, хто на пачатку словам сваім нябёсы ўмацаваў; малаком корміцца Той, хто ў пустыні, быццам дождж, паслаў людзям з неба манну; Жаніх царкоўны прымае мудрацоў; дары атрымлівае Сын Дзевы. Пакланяемся нараджэнню Твайму, Хрысце! (Тройчы). Дай нам бачыць і Тваё боскае Богаз'яўленне”. Гэты спеў перадае паўнату характэрных для бізантыйскай гімнаграфіі парадаксальных вобразаў: нам прапануецца задумацца,  “як чалавек, спавіваецца ў пялёны недасяжны Бог”,  як “малаком корміцца Той, хто ў пустыні, быццам дождж, паслаў людзям з неба манну”. Вершапесня завяршаецца глыбокім пашаны трохразовым воклічам: “Пакланяемся нараджэнню Твайму, Хрысце”!

І яшчэ, вельмі велічна і ўражваючы гучаць словы Дзевы Марыі, звернутыя да Язэпа, адчыняючы Таямніцу Уцелаўлення і Богасыноўства:

“Калі Язэп, поўны суму, ішоў у Бэтлеем, Ты, Дзева, сказала яму: Чаму ты, убачыўшы мяне з дзіцём, сумуеш і трывожышся? Ты не разумееш вялікай тайны, што ўва мне здзейснілася. Адкінь усякі страх і зразумей вялікі цуд: бо ў маім улонні Бог сёння прыходзіць на свет у вялікай міласэрнасці, і прымае цела. Ты ўбачыш Яго, як Ён сам захацеў, калі Ён народзіцца; і, напоўніўшыся радасцю, паклонішся Яму, як твайму Творцу, якога анёлы ў песнях няспынна славяць, разам з Айцом і Святым Духам”. 

З'яўляючыся ў канцы перадсвяцця і ўсяго паста ў цэлым, Вялікія Гадзіны злучаюць у сабе ўсе тэмы свята для таго, каб урачыста абвясціць іх у апошні раз. У спецыяльных для кожнай Вялікай Гадзіны псальмах, гімнах і біблейскіх чытаннях абвяшчаецца радасць і сіла Хрыстова прышэсця. Гэта - апошняе разважанне пра сусветнае значэнне Нараджэння, аб вырашальных і радыкальных зменах, якія яно прынесла ўсяму стварэнню.

Вячэрня, якая звычайна ідзе за гадзінамі, непасрэдна пачынае святкаванне, таму што, як мы ведаем, літургічны дзень пачынаецца з вечара. Тон свята задаецца пяццю Вершапеснямі. Яны - сапраўды выбух радасці аб дары Хрыстовага ўцелаўлення, якое здзейснілася цяпер. Восем біблейскіх чытанняў паказваюць, што Хрыстос з'явіўся выкананнем усіх прароцтваў, што Яго Валадарства - Царства “усіх вякоў”, што ўся чалавечая гісторыя набывае ў Ім свой сэнс, а цэнтрам Яго прыходу ў свет быў увесь сусвет.

Святочная вячэрня звычайна злучаецца з літургіяй Базыля Вялікага. У першай частцы вячэрні гучаць урачыстыя вершапесні свята, адна з якіх уключае ўвесь свет у падзячнай урачыстасці свята.

На вячэрні мы чуем:

“Чым мы Табе аддзячым, Хрысце, за тое, што Ты стаўся чалавекам дзеля нас на зямлі? Кожнае стварэнне, што прыйшло праз Цябе да быцця, прыносіць падзяку Табе: анёлы – спевы, неба – зорку, мудрацы – дары, пастушкі – абвяшчэнне цуду, зямля – пячору, пустыня – яслі, а мы прыносім Табе Маці Дзеву. Спрадвечны Божа, змілуйся над намі!”

Іншая вершапесня, напісаная бізантыйскай паэтэсай, манахіняй Кассіяй, змяшчае падзеі Нараджэння Хрыста ў гістарычным кантэксце - яны нагадваюць нам аб зладжаным рымскімі ўладамі перапісам, падчас якога і нарадзіўся Хрыстос.

На вячэрні гучыць наступны спеў: “Калі Аўгуст быў адзіным уладаром на зямлі, шматуладдзе людзей скончылася; калі ж Ты стаўся чалавекам ад Усячыстае, адмененае было ідальскае многабожжа. Пад адзіным зямным уладаром апынуліся ўсе краіны, і ўсе людзі ўверылі ў адзіную Божую ўладу. На загад кесара людзі пайшлі запісвацца, і мы, верныя, таксама запісаліся ў Бога нашага, што стаўся чалавекам. Вялікая Твая міласэрнасць, Госпадзе. Слава Табе”!

Вячэрня Божага Нараджэння ўключае ў сябе таксама чытанне васьмі парымій - урыўкаў са Старога Запавету, у якіх змяшчаюцца прароцтвы аб прыходзе Месіі або апісання падзей, якія лічацца правобразам Уцелаўлення Хрыстовага. Першая парымія - гэта пачатак Старога Запавету, урывак з кнігі Быцця, які апавядае аб стварэнні свету. А сёмая парымія змяшчае знакамітае прароцтва Ісаі пра Дзіцятка:

“Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам, на ягоных плячах спачыла ўлада. Далі яму імя: Дзіўны дарадчык, Бог усемагутны, Уладар, Айцец вялікі, Князь супакою. Вялікае будзе ягонае панаваньне, і міру ягонаму ня будзе межаў; Ён сядзе на пасадзе Давіда і будзе панаваць над ягоным царствам, якое Ён умацуе і захавае ад сёння і давеку. Раўнівая любоў Госпада Сіл учыніць гэта”. (9:6–7) (Іс. 9: 6-7)

Апошняя, восьмая, парымія, таксама узятая з прароцтва Ісаі, заканчваецца пераможным воклічам:

“З намі Бог, зразумейце гэта, усе народы, і скарыцеся; пачуйце гэта ўсе канцы зямлі, і скарыцеся! Калі і ўзброіцеся, будзеце пераможаныя; калі ўчыніце змову, Госпад аберне яе ў нішто; і слова вашае не ўстаіць, бо з намі Бог”. (7:10–16; 8:1–4, 9–10). 

Чытанне парымій перамяжоўваецца са спевамі вершаў, якія суправаджаюцца абвяшчаемымі чытальнікам альбо святаром урыўкамі з псалмоў. Усё разам - парыміі, урыўкі з псалмоў і суправаджаючыя іх вершы, выконваюцца звычайна гучна і ўрачыста - яўляе слухачам гісторыю збаўлення людзей, якая праходзіць скрозь ўсю гісторыю чалавецтва і завяршаецца ў момант уцелаўлення Месіі. 

Пасля чытання парымій набажэнства вячэрні плаўна пераходзіць у літургію. У гэты дзень яна здзяйсняецца па чыне Базыля Вялікага (гэтая літургія цэлебруецца ўсяго 10 разоў у годзе). У самым канцы гэтай службы на сярэдзіну храма пад спеў трапар, які гучыць наступным чынам: “Нараджэнне Тваё, Хрысце Божа наш, заззяла на ўвесь свет святлом пазнання. І вось тыя, што зоркам служылі, ад зоркі навучыліся пакланяцца Табе, Сонцу справядлівасці, і зразумелі, што Ты – Світанне з вышыняў. Госпадзе, слава Табе”!; святар выносіць запаленую свечку - свята прыйшло!

Літургія св. Базыля Вялікага, якая ідзе за Вячэрняй, у мінулым была хроснай літургіяй, на якой катэхумэны (якія рыхтуюцца да хросту) прымалі хрост, мірапамазанне (канфірмацыю) і станавіліся чальцамі Царквы - Цела Хрыстовага. Двайная радасць свята - для новаахрышчаных і іншых чальцоў Царквы - выказана ў пракімне дня:

Госпад сказаў мне: "Ты сын мой, сёння Я нарадзіў Цябе".

Верш. Прасі ў мяне, і дам Табе ў спадчыну народы, і канцы зямлі ва ўладанне Тваё.

Другая частка набажэнстваў Нараджэння Хрыстовага па традыцыі здзяйсняецца ноччу і заканчваецца пасля поўначы. Начныя службы пачынаюцца з вялікай вячэрні, якая звычайна чытаецца і спяваецца ў паўзмроку, пры святле лампад і свечак, якія нагадваюць пра зоркі, што зіхацелі на начным небе над Бэтлеемам. Першы святочны спеў гэтай службы - пераможны «З намі Бог!», складзены з прароцтва Ісаі, за ім ідуць чытанні з псалмоў і спевы старажытнага кандака Раства Хрыстовага, які гучыць наступным чынам: “Дзева сёння родзіць Надпрыроднага, і зямля пячору Недаступнаму прыносіць; анёлы з пастушкамі ў песнях Яго славяць, мудрацы з зоркаю падарожнічаюць. Дзеля нас нарадзілася Дзіцятка малое, спрадвечны Бог”. Гэты спеў належыць пяру бізантыйскага гімнографа VI стагоддзя Рамана Сладкаспеўца.

Затым запальваюцца лампады і свечкі, духавенства пад спеў святочных стыхір выходзіць на сярэдзіну храма. Далейшы ход набажэнства на Раство ў цэлым не адрозніваецца ад любой іншай святочнай службы. Але асаблівая атмасфера гэтага свята, вядома, адчуваецца ва ўсіх спевах і чытаннях, а музычнае багацце розных распеваў і твораў царкоўных кампазітараў яе ўзмацняе. Доўгі перыяд падрыхтоўкі - як цялеснай, з дапамогай паста, так і духоўнай, дзякуючы ўдзелу ў набажэнствах, - падышоў да канца. Ва ўсіх храмах і парафіях гучаць радасныя словы анёльскага хору “Слава на вышынях Богу і на зямлі супакой! Сёньня Бэтлеем прымае Таго, хто сядзіць вечна з Айцом, сёння анёлы славяць у песнях народжанае Дзіцятка як Бога, усклікаючы: “Слава на вышынях Богу, на зямлі супакой, добрая воля сярод людзей!”. На працягу наступных двух тыдняў, так званых Каляд, Царква святкуе Каляды і рыхтуецца да наступнага свята – Богазьяўлення (Вадохрышча), якое Святкуецца 6 студзеня.

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (29) 306-22-65 / РБ, г. Мінск, ул. Чайкоўскага 70, оф. 3 / УНП 192658625
Працоўныя гадзіны: 8.00 - 22.00