Першае “Радыё Марыя” было заснавана ў 1983 годзе ў Iталіі. Асноўнай мэтай стварэння радыёстанцыі стала інфармаванне парафіян аб жыцці касцёла і дапамога ім у штодзённай малітве праз Літургію і Слова Божае. У 1987 годзе было заснавана грамадскае аб'яднанне “Радыё Марыя”, у склад якога ўвайшлі святары і свецкія асобы. Гэта быў першы крок да распаўсюджвання каталіцкай радыёстанцыі па ўсім свеце. З 1990 года радыё пачало транслявацца ў іншых краінах. Сёння  вяшчанне ажыццяўляецца ў 70 краінах на 5 кантынентах. Усе гэтыя радыёстанцыі аб'яднаны ў адну вялікую сусветную сям'ю “Радыё Марыя”, мэта якой – дапамагаць людзям у іх штодзённым жыцці і ў пошуку яго сэнсу праз Божае Слова, веру і навяртанне.  Праз радыё  хрысціянская навука  і  хрысціянскія каштоўнасці   могуць быць даступныя кожнаму чалавеку ў любы момант яго жыцця і ў любым месцы на планеце.
Сама назва “Радыё Марыя” адлюстроўвае характар і прыналежнасць гэтага радыё да касцельнай супольнасці. Яно натхняецца любоўю Найсвяцейшай Панны Марыі і нясе гэтую любоў сваім слухачам.
У кожнай краіне, заўжды і без выключэння, “Радыё Марыя” –  некамерцыйны праект. На яго хвалях ніколі не будзе рэкламы  або іншых камерцыйных праграм. Радыё існуе дзякуючы працы валанцёраў і фінансавым ахвяраванням радыёслухачоў.
Асноўны змест радыёстанцыі: святыя Імшы з касцёлаў Беларусі, катэхетычныя праграмы, малітвы і іншыя духоўныя практыкі, прынятыя ў касцёле.

Для каго гэтае радыё?
Для кожнага чалавека незалежна ад яго веравызнання,  для вернікаў і тых, хто пакуль не знайшоў свой шлях да Бога, але адчувае патрэбу ў гэтым,  а таксама для тых, каму ў сучасным жорсткім свеце не хапае святла і дабрыні.

Хто стварае гэтае радыё?
Усе праграмы для радыёстанцыі робяцца валанцёрамі з ліку каталіцкіх вернікаў. Яны рыхтуюць малітоўныя, інфармацыйныя, навукова-папулярныя праграмы, інтэрв'ю з гасцямі радыё і іншыя.
“Радыё Марыя” –  каталіцкае радыё, адкрытае  для ўсіх. Абавязковай умовай дзейнасці кожнай радыёстанцыі з сусветнай сям'і “Радыё Марыя” з'яўляецца прысутнасць праграмнага дырэктара – каталіцкага святара. Ён- своеасаблівы гарант каталіцкага духа радыёстанцыі, яе духоўны настаўнік і кіраўнік.
Валанцёрская праца – галоўная рухаючая сіла “Радыё Марыя”. Дух валанцёрства – гэта агонь, які гарыць і запальвае сэрцы. Кожны слухач радыё можа стаць валанцёрам і знайсці для сябе  працу, якая будзе патрэбнай для праекта. Нават маленькі ўчынак – гэта вялікі асабісты ўнёсак у нашу агульную і  важную справу!

Кароткая даведка пра  ”Радыё Марыя” ў Беларусі
У Беларусі праект “Радыё Марыя” існуе ўжо не першы год, але ўвесь гэты  час адбывалася арганізацыйна-прававая праца. Было складана, але з Божай дапамогай радыё было зарэгістравана ў форме ўстановы з назвай «Радыё РМ». У адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь у назве ўстановы не можа выкарыстоўвацца ўласнае імя, калі сярод заснавальнікаў няма чалавека па імені Марыя. Наш выпадак  менавіта такі. Таму  назву ўстановы мы  скарацілі да “Радыё РМ”.
Радыёстанцыя, аднак,  далей застаецца «Радыё Марыя».

Праграмны дырэктар “Радыё Марыя” ў Беларусі – айцец Аляксандр Улас.
Адміністратар радыё з боку свецкіх вернікаў – Гулевіч Вячаслаў (католік з парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, бізнэсовец, бацька чацвярых дзяцей).

Наш адрас:
Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.
https://www.facebook.com/radiomariaby
https://vk.com/radiomariaby

Праграмны дырэктар

а. Аляксандр Улас
+375 25 731 85 04

 

© 2016 «Радыё РМ» / E-mail: radiomariaby@gmail.com / Тэл.: +375 (25) 731-85-04